×

Тэатралізаваная дзейнасць — шлях да самарэалізацыі

08.06.2019 11:30,

Тэатралізаваная дзейнасць у школе дазваляе вырашыць многія педагагічныя задачы, якія тычацца фарміравання выразнасці мовы, інтэлектуальнага і мастацка-эстэтычнага выхавання. Яна з’яўляецца невычарпальнай крыніцай развіцця пачуццяў, перажыванняў і эмацыянальных адкрыццяў, спосабам далучэння школьнікаў да духоўнага багацця краіны. У выніку дзіця пазнае свет розумам і сэрцам, выяўляючы свае адносіны да дабра і зла, а гэта так неабходна ў наш час.

Ідэя аб стварэнні ў школе тэатральнага калектыву ўзнікла пасля таго, як на ўроках літаратуры я пачала актыўна выкарыстоўваць творчыя заданні. Вучні з вялікай ахвотай удзельнічалі ў інсцэніроўках, стваралі сцэнарыі па ўрыўках з твораў, прыдумлялі касцюмы, імправізавалі. У 2011 годзе быў аб’яўлены раённы конкурс тэатральных калектываў. З гэтага часу і пачалася дзейнасць аб’яднання па інтарэсах “Экспромт”. У яго склад увайшлі пятнаццаць вучняў, якія самі пажадалі займацца тэатраліза­цыяй. Першай тэатральнай пастаноўкай стала драма А.Бычкоўскага “У сваты”. Затым мы працавалі над драмамі А.Петрашкевіча “Дагарэла свечачка” і В.Быкава “Апошні шанс”. Было няпроста, але цікава. Асабліва складана было падабраць твор, які  захапіў бы вучняў, дапамог пазнаць мінулае і данесці яго да гледачоў. Таму працавалі ўсім калектывам. Адразу вызначаліся з жанрам (камедыя, драма ці трагедыя), падбіралі творы розных аўтараў у бібліятэцы, шукалі ў інтэрнэце. Даводзілася шмат спрачацца, але ў выніку спынялі свой выбар на пэўным аўтары. Разам з вучнямі пісалі сцэнарый, абмалёўвалі вобразы, вызначалі выканаўцаў пэўных роляў пасля чытання п’есы на некалькіх занятках, прыдумлялі касцюмы. Пры гэтым звярталіся да дакументальнай літаратуры пэўнага перыяду, праглядалі мастацкія і дакументальныя фільмы, тэатральныя пастаноўкі вядомых калектываў. Сумесная дзейнасць дапамагала пашыраць веды вучняў не толькі па літаратуры, але і па гісторыі, края­знаўстве, давала ім магчымасць паверыць у сябе.        

Вельмі важна далучаць дзяцей да вывучэння гісторыі свайго краю, яго культуры і традыцый. Разам з вучнямі на занятках школьнага аб’яднання па інтарэсах “Экспромт” мы паставілі задачу зрабіць свой невялікі ўклад у вывучэнне гісторыі роднага краю. Пачалі знаёміцца з легендамі малой радзімы, з гістарычным мінулым роднага горада, і ў выніку спынілі свой выбар на легендзе пра ўзнікненне Клецка і распрацавалі з вучнямі сцэнарый тэатральнага паказу “Забытая даўніна”. Праца­ваць было асабліва цікава, бо вучні ўпершыню выступалі ў якасці аўтараў мастацкага твора. Вобразы, з’явы, карціны, рэплікі герояў стваралі разам. Вучні з вялікім захапленнем удзельнічалі ў пастаноўцы, імкнуліся перадаць і данесці да гледачоў подых мінулых стагоддзяў, імправізавалі, уносілі свае прапановы па афармленні дэкарацый, касцюмаў… Вынікам сумеснай працы стала 1-е месца ў раённым аглядзе-конкурсе тэатральных калектываў.

Спыняцца на дасягнутым не хацелася, і ў сакавіку бягучага года школьны калектыў прыняў удзе­л у раённым конкурсе, прадставіўшы  п’есу “Над шырокай ракой каля Клечаска...”, прысвечаную гераічнай бітве 1506 года з мангола-татарамі пад Клецкам. Працавалі з дакументальнай літаратурай, вывучалі гістарычныя факты з далёкага XVI стагоддзя, дабавілі мастацкі вымысел, фантазію. У выніку атрымаліся яркія і запамінальныя вобразы Міхала Глінскага і яго дружыннікаў, а таксама вобраз хана Біці Гірэя. Вучні з цікавасцю рыхтавалі касцюмы і дэкарацыі, спрабавалі сябе ў ролях розных герояў п’есы і атрымалі ад гэтага не толькі маральную асалоду, але і пэўны жыццёвы вопыт. І зноў мы занялі 1-е месца ў раённым аглядзе-конкурсе тэатральных калектываў.

Для выніковай работы ў час падрыхтоўкі спектакля кіраўнікам гуртка неабходна праводзіць гутаркі з вучнямі, выслухоўваць думку кожнага ўдзель­ніка калектыву, аналізаваць праблемы, якія ўзнікаюць у навучэнцаў, адзначаць іх поспехі. Такія гутаркі дапамагаюць аб’ектыўна ацэньваць работу, фарміраваць калектыў сяброў і аднадумцаў.

Тэатральная дзейнасць — самы эфектыўны спосаб наглядна і эмацыянальна перадаць веды і вопыт. Ролі, якія “прымяраюць” на сябе юныя артысты, дапамагаюць пражыць выдуманыя сітуацыі па-сапраўднаму, як у жыцці.

Тэатр дапамагае дзецям адкрыта праяўляць сябе ва ўсіх сферах жыцця, у іх з’яўляецца шанс выявіць свае пачуцці, перажыванні, эмоцыі, вырашыць унутраныя канфлікты. Акрамя таго, тэатральная дзейнасць дапамагае раскрыць у школьнікаў іх здольнасці, ператварыць іх у талент, а таксама выхоўвае патрыятычныя пачуцці.

Тэатральная дзейнасць дае цудоўныя магчымасці для ўсебаковага развіцця асобы.  І ад таго, наколькі былі выкарыстаны гэтыя магчымасці ў дзіцячым узросце, залежыць асабісты патэнцыял чалавека ў дарослым жыцці.

Таццяна ГРУДЗІНАВА,
настаўніца беларускай мовы і літаратуры сярэдняй школы № 3 Клецка.