×

Тэатру ад добрага гледача

22.03.2019 10:34,

Захапленне тэатрам у мяне пачалося яшчэ ў студэнцкія гады, калі мы, як усе маладыя, дапытлівыя розумы, мелі непераадольную прагу зносін, якія спатольваюць тэатр, — школа жывых зносін акцёраў са сваім гледачом. Потым, на жаль, былі розныя абставіны, якія вызначалі для жыцця месцы, далёкія ад тэатраў, музеяў, выставачных залаў...

Частка калекцыі праграмак.

Нарэшце ўсё ж з’явілася магчымасць у вольны час наведваць упадабаны калісьці тэатр. Кожны новы паход — новая гісторыя... На шчасце, маё захапленне прыйшлося па душы яшчэ шматлікім супрацоўнікам нашай гімназіі. Так склаўся дружны калектыў аднадумцаў, лёгкіх на пад’ём. У склад нашай тэатральнай групы ўваходзяць як “фізікі”, так і “лірыкі”. Каманда “фізікаў” прадстаўлена настаўнікамі матэматыкі, інфарматыкі, хіміі. Пацешней ідзе справа ў камандзе “лірыкаў”. “Лірыкі”, настаўнікі літаратуры, да нас далучаюцца перыядычна, а аснову каманды складаюць настаўнікі англійскай мовы і гісторыі.

У агульнай колькасці наш калектыў налічвае шаснаццаць чалавек. Мы актыўныя гледачы, нам цікава ўсё: ад трагедыі да камедыі, ад класікі да сучаснай п’есы! Нашы сумесныя паходы ў тэатр заканчваюцца часам гарачымі спрэчкамі, як гэта было пасля спектакля Ісаака Зінгера “Тойбеле і яе дэман” у Беларускім дзяржаўным моладзевым тэатры, а часам мы аб’яднаныя адзінай эмоцыяй захаплення, нацешыўшыся дзеяннем спектакля “Сымон-музыка” ў пастаноўцы Мікалая Пінігіна на сцэне Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы. Мне здаецца, што такі альянс паміж намі і тэатрам паўстаў яшчэ і таму, што прафесія настаўніка падобна прафесіі акцёра. Настаўнік заўсёды трохі акцёр, і ў яго ёсць свой глядач — вучань.

У чарзе па аўтограф да рэжысёра тэатра “Відарыс” Ігара Анатольевіча Куніцкага.

Такім чынам, хоць бы раз у месяц у пошуках сустрэчы з выдатным мы адпраўляемся ў тэатр. Думаю, вельмі важна, што настаўнік, які палюбіў тэатр, абавязкова прывядзе туды сваіх вучняў, для якіх на сцэне ажывуць творы класічнай або сучаснай літаратуры, прыйдзе разуменне таго, што, магчыма, не зусім зразумелі на ўроку. Затым, па меры назапашвання уражанняў ад спектакляў, узбагачэння глядацкага досведу, разаўецца і глядацкая культура, здольнасць успрымаць тэатральную “мову” ва ўсёй разнастайнасці. Ці трэба казаць, што тэатральнае мастацтва выхоўвае густ і можа вызначыць у далейшым кола інтарэсаў маладога чалавека?

Вялікая ўдача для горада Барысава, што мы маем свой народны тэатр. Наш настаўніцкі глядацкі калектыў добра знаёмы і з творчасцю заслужанага аматарскага калектыву народнага драматычнага тэатра “Вiдарыс”, галоўным рэжысёрам якога цяпер з’яўляецца Ігар Анатольевіч Куніцкі. Мы знаёмыя з такімі яго работамі, як “Клаўдзій” па п’есе Яўгена Балакіна, “Гульня інтарэсаў” Хасінта Бенавентэ-і-Марцінеса, а таксама п’есамі самога Ігара Анатольевіча: “Жарты кахання”, “Morning, наша жахлівасць!”.

Менавіта са спектакля нашага Барысаўскага тэатра ў маёй калекцыі тэатральных праграмак захоўваецца самы дарагі экспанат — адзіная праграма з аўтографам рэжысёра. Каштоўнасць яе не ў вытанчанасці афармлення або вялікай папулярнасці рэжысёра, які паставіў свой аўтограф, а ў тых словах, якімі ён суправадзіў свой подпіс: “Добраму гледачу”. Гэта быў моцны пасыл. З тых часоў я стала добрым гледачом і не шкадую апладысментаў на ўсіх тэатральных прадстаўленнях.

Таццяна ЦІХАНАВА,
загадчык бібліятэкі гімназіі № 1 Барысава.