×

Тэхналогія мнагамерных дыдактычных інструментаў на ўроках фізікі

14.12.2019 11:30,

У курсе фізікі існуе супярэчнасць паміж вялікім аб’ёмам прапанаваных вучням ведаў і іх здольнасцю гэтыя веды засвоіць, а галоўнае — пераасэнсаваць, прааналізаваць і сістэматызаваць вучэбны матэрыял. Кожны настаўнік імкнецца навучыць дзяцей свайму прадмету, пры гэтым аблегчыць ім працэс запамінання вучэбнага матэрыялу, ліквідаваць пазнавальныя цяжкасці, фарміраваць вучэбныя ўменні, максімальна развіць інтэлектуальныя здольнасці вучняў.

Навучыць кожнага — задача звышскладаная і патрабуе ад настаўніка пошуку новых эфектыўных метадаў навучання. Засвоіць матэрыял лягчэй, калі перакласці інфармацыю ў тэксце на сваю мову. Адным са спосабаў вырашэння гэтай праблемы з’яўляецца тэхналогія дыдактычных мнагамерных інструментаў (ДМІ). Яе аўтар Валерый Эмануілавіч Штэйнберг, доктар педагагічных навук, кандыдат тэхнічных навук, прафесар Башкірскага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта. Ён вызначае “дыдактычныя мнагамерныя інструменты як універсальныя вобразна-паняційныя мадэлі для мнагамернага прадстаўлення і аналізу ведаў на натуральнай мове ў знешнім і ўнутраным плане вучэбнай дзейнасці”.

Асноўныя ідэі тэхналогіі ДМІ дастаткова простыя: існуе толькі адна альтэрнатыва навучанню, якая абапіраецца на механізмы запамінання. Гэта тэхналогія перапрацоўкі ведаў у працэсе іх успрымання і засваення. Асновай тэхналогіі ДМІ з’яўляюцца логіка-сэнсавыя мадэлі. Мадэль змяшчае неабходны мінімум самай важнай інфармацыі па тэме і выконвае наступныя функцыі:

— адукацыйную (устанаўленне лагічных сувязей паміж аб’ектамі (паняццямі) вучэбнай тэмы, сувязі ўнутрыпрадметныя);

— інфармацыйную (крыніца інфармацыі);

— камунікатыўную (сродак перадачы інфармацыі);

— абагульняючую (упарадкаванне і кампаноўка інфармацыі);

— кантралюючую (спосаб праверкі, пераасэнсавання, ацэнкі закладзенай інфармацыі);

— стымулюючую (спосаб усведамлення, рэфлексіі);

— выхаваўчую (мадэль дае магчымасц­ь устанаўліваць міжпрадметныя сувязі, напрыклад, звесткі з гісторыі фізікі, прыклады прымянення ведаў у жыцці).

Логіка-сэнсавая мадэль (ЛСМ) з’яўляец­ца графічнай формай візуалізацыі вучэбнай інфармацыі. ЛСМ — мадэль прадстаўлення ведаў на натуральнай мове (праз ключавыя словы). У цэнтры — тэма, на восях — асноўныя паняцці гэтай тэмы. Яна складаецца з двух кампанентаў: змястоўнага (сэнсавыя элементы) і лагічнага (парадак размяшчэння сэнсавых элементаў) (мал. 1).

Актуальнасць гэтай тэхналогіі на ўроках фізікі абумоўлена тым, што вывучэнне прадмета не ў поўнай меры забяспечана вучэбна-метадычнымі і нагляднымі матэрыяламі. Методыка работы з выкарыстаннем логіка-сэнсавых мадэлей дапаможа настаўніку разнастаіць вучэбныя заняткі, актывізаваць дзейнасць вучняў на ўроках.

Усе настаўнікі, якія выкарыстоўваюць ДМІ ў сваёй рабоце, аднагалосныя ў наступным: логіка-сэнсавыя мадэлі незаменныя на ўроках паўтарэння, замацавання і абагульнення ведаў. Можна з упэўненасцю сцвярджаць, што ЛСМ універсальныя і эфектыўныя.

Выкарыстанне тэхналогіі мнагамерных дыдактычных інструментаў на ўроках фізікі мае на ўвазе стварэнне набору логіка-сэн­савых мадэлей і тэхналагічных карт па вывучаемых тэмах. Логіка-сэнсавыя мадэ­лі складаюцца па матэрыялах вучэбных дапаможнікаў. Паколькі на кожным уроку фізікі даводзіцца вывучаць вялікі аб’ём матэрыялу, рашаць вельмі шмат заданняў, мэтазгодна складаць тэхналагічную карту вывучэння тэмы. У карце пазначаны нумар урока, дата яго правядзення, тэма. Адзначана, які матэрыял вывучаецца, з дапамогай якіх заданняў замацоўваецца пройдзены матэрыял, якую самастойную работу плануецца выканаць. Таксама адзначана, што вучні павінны ведаць і ўмець па тэме, дамашняе заданне і пытанні паўтарэння. У ЛСМ-карце растлумачана, які прамень з’яўляецца апорай для гэтых вучэбных заняткаў. Маючы тэхналагічную карту, вучань можа рухацца пры вывучэнні тэмы па індывідуальнай адукацыйнай траекторыі.

На першым уроку новай тэмы вучням прапануецца гатовы каркас логіка-сэнсавай мадэлі. У цэнтры сістэмы каардынат — дыск з назвай тэмы. Потым вызначаем асноўныя напрамкі тэмы, якія разбіваем на некалькі промняў. У кожнага вучня — папяровы варыянт мадэлі, а на магнітнай дошцы — мадэль, якая складаецца са здымных картак (назвы восей, вузлоў). З гэтай мадэллю мы працуем на працягу вывучэння ўсёй тэмы (мал. 2).

Мадэль пастаянна перад вачыма ўсіх, хто займаецца ў кабінеце фізікі, а значыць, дзякуючы пастаяннай візуалізацыі і зрокавай памяці, застаецца ў свядомасці вучняў міжвольна.

На промні К-1 на першых вучэбных занятках адзначаюцца пытанні, якія будзем вывучаць па гэтай тэме ў лагічнай паслядоўнасці. Увага вучняў звяртаецца на ключавыя паняцці, алгарытмы, прыклады. На першым уроку фарміруюцца і назвы сэнсавых груп (каардынат). Вузельчыкі са словазлучэннямі (або формуламі) на каардынатах — гэта і ёсць тая апорная інфармацыя, на аснове якой будуецца потым мой расказ пры тлумачэнні новага матэрыялу і адказ вучня ля дош­кі. На працягу вывучэння тэмы на магнітнай дошцы і на папяровай мадэлі вучня запаўняюцца ўсе промні ЛСМ па тэме.

Пабудова і выкарыстанне ЛСМ дапамагае ліквідаваць пазнавальныя цяжкасці ў вучняў, аблегчыць працэс разумення, сістэматызацыі, запамінання і выкарыстання прадметных ведаў.

Структура вучэбных заняткаў, на якіх засваенне тэмы адбываецца з дапамогай сэнсавых мадэлей, выглядае наступным чынам:

— уваходжанне ў тэму, сутыкненне з пазнавальным бар’ерам;

— арганізацыя пазнавальнай дзейнасці вучняў з дапамогай логіка-сэнсавых мадэ­лей;

— адпрацоўка новых уменняў і навыкаў з дапамогай трэніровачных практыкаванняў;

— абагульненне вывучанага матэрыялу з дапамогай логіка-сэнсавых мадэлей;

— рэфлексія вучэбнай дзейнасці вучнямі.

Правядзенне вучэбных заняткаў з выкарыстаннем ЛСМ, несумненна, садзейнічае павышэнню творчай актыўнасці навучэнцаў, развіццю лагічнага мыслення, актывізацыі работы ў групах, стварэнню творчай атмасферы на ўроку, развіццю ўмення карыстацца апорнымі ведамі для атрымання новых і паўтарэння раней вывучанага матэрыялу. Дзякуючы візуалізацыі вучэбнага матэрыялу, нагляднасці і лагічнасці, вучні, якія маюць розны ўзровень вучэбных дасягненняў, могуць дэманстраваць свае веды і ўменні, што садзейнічае стварэнню сітуацыці поспеху на ўроку.

Вучні могуць прымяніць ЛСМ:

— пры падрыхтоўцы да ўрока, да самастойнай або кантрольнай работы (прачытаць і абдумаць адпаведную мадэль);

— у якасці даведніка;

— як план адказу на ўроку;

— пры выніковым паўтарэнні матэрыялу;

— пры падрыхтоўцы да ЦТ.

Настаўнік можа выкарыстоўваць ЛСМ:

— пры падрыхтоўцы да вучэбных заняткаў;

— пры тлумачэнні новага матэрыялу;

— пры правядзенні пісьмовага або вуснага апытання;

— у час правядзення самастойнай работы;

— пры арганізацыі тэматычнага паўтарэння.

Мэтазгодна выкарыстоўваць ЛСМ амаль на любым этапе вучэбных заняткаў і на ўроку любога тыпу. Пры вывучэнні новага матэрыялу можна прапанаваць вучням гатовую ЛСМ, якая можа служыць планам вывучэння тэмы, дапаможа акцэнтаваць увагу вучняў на ключавых паняццях, алгарытмах, прыкладах. Магчыма стварэнне ЛСМ у працэсе вывучэння тэмы разам з вучнямі, маецца на ўвазе абмеркаванне асноўных пытанняў і праблем, пошук шляхоў іх вырашэння, магчымасці прымянення матэрыялу ў практычнай дзейнасці. На вучэбных занятках замацавання і развіцця ведаў мадэль можа дапрацоўвацца, удакладняцца, мяняцца ў залежнасці ад узроўню падрыхтоўкі вучняў і на аснове раней засвоеных ведаў і ўменняў. ЛСМ, якая адлюстроўвае алгарытм рашэння якой-небудзь тыпавой задачы, будзе карысна на ўроку фарміравання ўменняў і навыкаў. Мэтазгодна прымяненне ЛСМ на абагульняючых уроках, пры падрыхтоўцы да кантрольнай работы і цэнтралізаванага тэсціравання. У гэтым выпадку ЛСМ можа служыць апорным канспектам. Магчыма і самастойная распрацоўка логіка-сэнсавых мадэлей вучнямі, а таксама іх распрацоўка па шаблоннай мадэлі або названых каардынатах.

Падчас работы над логіка-сэнсавай ма­дэллю прадстаўлення і аналізу ведаў па тэме, якая вісіць у класе на магнітнай дош­цы, можна прапанаваць розныя прыёмы і спосабы работы на ўроку, разнастайныя дыдактычныя гульні.

“Экскурсія”. У класе арганізоўваем конкурс на лепшага экскурсавода. Вучань выкладае ўсю інфармацыю, прадстаўленую на ЛСМ (можна толькі фрагмент).

“Картачны кірмаш”. З ЛСМ здымаецца некалькі картак (6—7) і размяшчаецца на магнітнай дошцы. Вучань павінен знайсці месцаразмяшчэнне картак на ЛСМ (магчыма групавое выкананне).

“Блытаніна”. Настаўнік мяняе месцамі некалькі картак на ЛСМ, вучні выпраўляюць памылкі.

“Адпаведнасць”. На дошцы запісаны ўраўненні, яны пранумераваны, кожнаму адпавядае колер, адзначаны стыкерам. Неабходна выбраць для кожнага ўраўнення спосабы рашэння і пераўтварэння і адзначыць іх на ЛСМ стыкерам адпаведнага колеру. Гэтую работу можна выконваць як у групе, так і індывідуальна. Пры гэтым вучні на месцы выконваюць аналагічнае заданне, адзначаючы на папяровай схеме адпаведныя нумары ўраўненняў. Пасля выканання трэба правесці абмеркаванне, у ходзе якога вучні абгрунтоўваюць свой выбар, пры неабходнасці праводзіцца карэкцыя.

“Лато”. З картак, знятых з логіка-сэнсавых мадэлей, можна арганізаваць гульню ў парах з мэтай паўтарэння і замацавання ведаў.

“Вуснамі дзіцяці”. Да ЛСМ, што на дошцы, выходзіць вучань. Выбіраючы ключавое слова на схеме, ён павінен расказаць пра гэтае слова, не называючы яго. На месцах вучні адгадваюць слова.

Такім чынам, выкарыстанне логіка-сэнсавых мадэлей у рабоце эфектыўнае, шматграннае, садзейнічае развіццю матывацыі, увагі, усіх відаў памяці і інтэлекту.

Па-першае, у сукупнасці з прымяненнем іншых дыдактычных сродкаў ЛСМ дазваляе дасягнуць павышэння вынікаў вучэбнай дзейнасці.

Па-другое, дыдактычная мнагамерная тэхналогія дае магчымасць пачаць работу над стварэннем метадычнага забеспячэння настаўніка і вучня.

Па-трэцяе, логіка-сэнсавая схема ву­чыць дзяцей працаваць з інфармацыяй: атрымліваць, сістэматызаваць, захоўваць, выкарыстоўваць.

Па-чацвёртае, у вучняў знікае страх перад вялікім аб’ёмам інфармацыі, таму што яны вучацца яе перапрацоўваць, вылучаць галоўнае, вызначаць апорныя словы.

Па-пятае, выкарыстанне логіка-сэнсавых мадэлей дазваляе паспяхова вырашаць задачу фарміравання вучэбных уменняў, а таксама задачу візуалізацыі вучэбнай інфармацыі.

Герберт Спенсер сказаў: “Вялікая мэта адукацыі — гэта не веды, а дзеянні”. Авалоданне тэхналогіяй МДІ вядзе да фарміравання здольнасці паспяхова засвой­ваць новыя веды і фарміраваць новыя ўменні, уключаючы арганізацыю працэсу засваення, гэта значыць уменне вучыцца, што і забяспечвае дасягненне мэты сучаснай адукацыі.

Анатоль ШУБІН,
настаўнік фізікі вышэйшай катэгорыі гімназіі № 2 Салігорска.