×

Тэрыторыя дасягненняў і магчымасцей

20.06.2019 16:04,

На Міншчыне ўпершыню прайшоў абласны фестываль устаноў прафесійнай адукацыі “Тэрыторыя вопыту, дасягненняў і магчымасцей”. Мерапрыемства стала святам для ўсёй дружнай каманды прафтэхаўцаў.

 У Мінскай вобласці на­запашаны вялікі вопыт прафесійнай  падрыхтоў­кі мо­ладзі, сістэма прафесійнай аду­кацыі пастаянна ўдасканальваецца і застаецца галоўнай кузняй высокакваліфікаваных ­рабочых кадраў для рэгіёна. У 2018 годзе ўстановы прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі вобласці падрыхтавалі 3861 кваліфікаванага рабочага і служачага. 82 выпускнікі сталі студэнтамі ўстаноў вышэйшай адукацыі. Гэты навучальны год прынёс прафесійнай адукацыі вобласці шмат яркіх перамог і важных дасягненняў. На рэспубліканскіх і міжнародных конкурсах прафесійнага майстэрства навучэнцы і педагогі заваявалі 14 медалёў і атрымалі 25 дыпломаў. Фестываль стаў прыгожым завяршэннем навучальнага года і нагодай падвесці вынікі. Сваімі знаходкамі і дасягненнямі неабходна дзяліцца, каб фестываль стаў пляцоўкай для зносін і абмену вопытам. Было карысным мерапрыемства і для тых, хто яшчэ толькі збіраецца папоўніць рады прафтэхаўцаў. На фестывалі пабывалі школьнікі з некалькіх раёнаў і ўбачылі, колькі розных магчымасцей прапаноўваюць ім ліцэі і каледжы Міншчыны.

Удзельнікамі фестывалю ста­лі 400 чалавек: навучэнцы, кіраўнікі і педагагічныя работнікі ўстаноў прафесійнай адукацыі, школьнікі Мінскай вобласці. Да іх далучыліся прадстаўнікі галоўнага ўпраўлення па адукацыі Мінаблвыканкама, РІПА, прафсаюзных арганізацый, прадпрыем­стваў, ар­ганізацый — заказчыкаў кадраў. Усе яны сабраліся ў Слуцкім дзяржаўным каледжы. 

Прафесіяналізм, скіраваны ў будучыню

Смелыя ідэі, дзелавыя ініцыятывы і маштабныя пачынанні навучэнцаў і педагогаў устаноў прафесійнай адукацыі былі прадэманстраваны на інтэрактыўнай выставе “Прафесіяналізм, скіраваны ў будучыню”. 

Адразу некалькі інтэрактыўных пляцовак прадставіў арганізатар мерапрыемства — Слуцкі дзяржаўны каледж. Гэтыя пляцоўкі ўдзельнікі фестывалю наведвалі са шчырай цікаўнасцю, бо ўстанове ёсць чым ганарыцца і што паказаць. Каледж з’яўляецца флагманам у галіне прафесійнай адукацыі не толькі ў вобласці, але і ў краіне. Навучэнцы і педагогі прэзентавалі праект “Школа кулінарнага майстэрства” — цыкл тэлеперадач, якія ствараюцца сумесна з раённым тэлебачаннем “СлуцкТВ”. Праграмы, якія расказваюць пра беларускія нацыянальныя кулінарныя традыцыі і сучасныя тэхналогіі гатавання страў, транслююцца ў Слуцку, Любані, Капылі, Старых Дарогах. Таксама на пляцоўках, падрыхтаваных каледжам, можна было ўзяць удзел у майстар-класах па вырабе масла, сыру, а таксама хлебабулачных вырабаў. Ва ўдзель­нікаў фестывалю нават была магчы­масць паназіраць за прадстаўнікамі міжнароднага конкурсу. Спаборніцтва па кампетэнцыі “Сырароб” якраз праходзіла на базе кале­джа, а яго навучэнцы на высокім узроўні канкурыравалі з канкурсантамі з Расіі.

Установы аграрнай і сельска­гаспадарчай накіраванасці пад­рыхтавалі пляцоўку, дзе расказвалі аб падрыхтоўцы рабочых і спецыялістаў для АПК. Расказ­ва­лі цікава. Напрыклад, навучэнцы Мар’інагорскага дзяржаўнага ордэна “Знак Пашаны” аграрна-тэхнічнага каледжа імя У.Е.Лабанка правялі майстар-клас па пры­шчэпцы і абразанні дрэў, вызначэнні складу глебы. А прадстаўнікі Смілавіцкага дзяржаўнага аграрнага каледжа пачаставалі гасцей гарбатай з мёдам, сабраным на ўласнай пасецы. Справа ў тым, што каледж — адна з нямногіх ­устаноў у нашай краіне, дзе рыхтуюць пчаляроў.

Кіпела работа і на пляцоўцы “Падрыхтоўка рабочых і спецыя­лістаў для будаўнічай галіны”. Навучэнцы ўстаноў адукацыі дэманстравалі свае шматлікія ўменні. На вачах наведвальнікаў выставы будавалі вальмавы дах, наносілі дэкаратыўную тынкоўку рознымі спосабамі, стваралі фрэскі. Салігорскі дзяржаўны каледж падрыхтаваў майстар-клас па абліцоўцы паверхні керамічнай пліткай. Навучэнцы каледжа паспяхова засвойваюць гэтыя навыкі, удзельнічаюць і перамагаюць у конкурсах прафесійнага майстэрства па адпаведнай кампетэнцыі. На выставе ўсе маглі ўбачыць, як з асобных керамічных плітак складалася выява бусла. Яе хутка і якасна стварыў Андрэй Марыніч, удзельнік і пераможца шматлікіх прафесійных ­конкурсаў.

 Шмат пра што маглі б расказаць і навучэнцы Капыльскага дзяржаўнага каледжа — установе ёсць чым ганарыцца. Напрыклад, тым, што на базе каледжа дзейнічае абласны рэсурсны цэнтр па прафесіі электраманцёр па рамонце і абслугоўванні электрааб­сталявання. На выставе прадста­вілі самую сучасную апаратуру, з якой працуюць навучэнцы з розных устаноў адукацыі Міншчыны, якія прыязджаюць вучыцца ў рэсурсны цэнтр. 

У плыні сучасных тэндэнцый

Установы прафесійнай адукацыі развіваюцца ў адпаведнасці з сучаснымі тэндэнцыямі. Так, яны актыўна выкарыстоўваюць інфармацыйныя  тэхналогіі. На выставе фестывалю Нясвіжскі дзяржаўны каледж імя Якуба Коласа прэзентаваў вэб-сайты клуба “Кліа” і ­народнага ансамбля “Нясвiжскiя лыжачнікі”, а таксама віртуальны метадычны кабінет будучых педагогаў.

У Навапольскім ­дзяржаўным аграрна-эканамічным ­каледжы рыхтуюць навучэнцаў па спецы­яльнасці “Праграмнае забеспя­чэнне інфармацыйных тэхналогій”. На выставе былі прадстаўлены шматлікія лічбавыя прадукты, якія распрацоўваюць будучыя праграмісты ў каледжы. І захапленні ў іх таксама тэхналагічныя. Многія з іх у вольны час наведваюць заняткі па робататэхніцы, якія ладзяцца ва ўстанове. Паспрабаваць сябе ў гэтай справе маглі і ўдзельнікі фестывалю на майстар-класе.

Многія ўстановы ­прафесійнай адукацыі бяруць на сябе абавязкі па  рэалізацыі Мэт устойлівага развіцця. Напрыклад, у Барысаўскім дзяржаўным кале­джы вядзецца работа па фарміраванні гендарнай кампетэнцыі ў вучняў у рамках рэалізацыі мэты “Гендарная роўнасць”. Педагогі і навучэнцы  Мінскага дзяржаўнага абласнога каледжа расказалі аб рэалізацыі ва ўстанове адукацыі мэты “Добрае здароўе і дабрабыт” праз валанцёрскі рух. Тут дзейнічаюць два валанцёрскія атрады, якія ўдзельнічаюць і праводзяць мноства дабрачынных мерапрыемстваў. Таксама быў прадстаўлены майстар-клас па арганізацыі і рэалізацыі сацыяльных праектаў.

На інтэрактыўных ­пляцоўках  установы прафесійнай адукацыі дэманстравалі, што гатовы далучацца да перадавых ініцыятыў і праектаў, а таксама іх ініцыіраваць.

Лідары і пераможцы

На працягу навучальнага года педагогі і навучэнцы рэалізоўвалі свае смелыя ідэі, дзелавыя ініцыятывы і маштабныя пачынанні. Важнай часткай фестывалю стала ўзнагароджанне тых, хто сваім майстэрствам, вучобай, поспехамі ў інавацыйнай, даследчай і грамадскай дзейнасці даказаў высокі ўзровень прафесійнай адукацыі. Упершыню на Міншчыне прайшоў конкурс “Лепшы навучэнец установы прафесійнай адукацыі Мінскай вобласці”. Пераможцы вызначаліся ў 9 намінацыях.

У намінацыі “За ­дасягнутыя высокія паказчыкі ў галіне прафе­сійнага майстэрства” спаборні­чалі ўдзельнікі і пераможцы аб­­ласных, рэспубліканскіх і міжнародных конкурсаў. 1-е месца заняла Настасся Нікіціна, навучэнка Барысаўскага дзяржаўнага будаўнічага прафесійнага ліцэя. Настасся заваявала “бронзу” на Рэспубліканскім конкурсе WorldSkills Belarus — 2018 па прафесійнай кампетэнцыі “Малярныя і дэкаратыўныя работы”.

Удзельнікі і пераможцы рэспубліканскіх і міжнародных алімпіяд, навукова-практычных і даследчых конкурсаў, турніраў і канферэнцый сталі прэтэндэнтамі на перамогу ў намінацыі “За высокія якасныя паказчыкі паспяховасці”. Лепшай у намінацыі прызнана Юлія Чарнюк, навучэнка Нясвіжскага дзяржаўнага каледжа імя Якуба Коласа.

У намінацыі “За дасягнутыя высокія паказчыкі ў галіне інфармацыйна-камунікацыйных тэхна­логій” узнагароджаны Ілья Сямёнаў, навучэнец Навапольскага дзяржаўнага аграрна-эканамічнага каледжа. Юнак паспяхова ўдзельнічаў у міжнародных і рэспубліканскіх конкурсах у сферы інфармацыйных тэхналогій, такіх як “IT-планета”, BIP – Cup,
“Рython — распрацоўшчык”.

Ганаровае званне “лепшы навучэнец” у намінацыі “За дасягнутыя высокія паказчыкі ў галіне гуманітарных навук, літаратурнай творчасці” прысуджана Аліне Паўловіч, навучэнцы Барысаўскага дзяржаўнага каледжа.  Аліна не раз перамагала ў духоўна-асветніцкіх чытаннях абласнога і рэспубліканскага ўзроўню, станавілася дыпламантам Рэспубліканскага конкурсу даследчых і літаратурных работ “Святло праваслаўя 2019”, удзельнічала ў  міжнародных і рэспубліканскіх канферэнцыях “Духоўнасць. Маральнасць. Традыцыі”.

За перамогу ў намінацыі “За дасягнутыя высокія паказчыкі ў галіне навукова-даследчай дзейнасці” змагаліся ўдзельнікі навуковых таварыстваў, дыпламанты і лаўрэаты розных конкурсаў, чые праекты атрымалі шырокае прымяненне на практыцы і сталі стартавай пляцоўкай для дасягнення прафесійнага поспеху. Перамогу ў намінацыі святкаваў Дзяніс Катляроў, прадстаўнік Слуцкага дзяржаўнага каледжа.

Дзясяткі юнакоў і дзяўчат прадставілі свае лепшыя інавацыйныя ідэі на конкурсе “100 ідэй для Беларусі”, Рэспубліканскім аглядзе інавацыйнай і тэхнічнай творчасці, міжнародных конкурсных пляцоўках. Яны сталі ўдзельнікамі абласнога конкурсу ў намінацыі “За дасягнутыя высокія паказчыкі ў тэхнічнай творчасці”. 1-е месца прысуджана Дзмітрыю Кавальчуку, навучэнцу Капыльскага дзяржаўнага каледжа.

Намінацыя “За папулярызацыю рабочых прафесій сродкамі мастацка-творчай дзейнасці” аб’яднала тых, хто ярка, творча, умела прапагандуе рабочыя прафесіі сярод моладзі краіны. Пераможца намінацыі — Мікіта Сакалоў, навучэнец Слуцкага дзяржаўнага каледжа. Мікіта — актыўны ўдзельнік творчых фестываляў і конкурсаў, прафарыентацыйных праектаў з 2014 года. Ён лідар творчага аб’яднання каледжа “Маладзёжны фармат”,удзельнік дабрачынных акцый.

У намінацыі “За дасягненні ў галіне фізічнай культуры і спорту” ўзнагароджаны прадстаўнік Вілейскага дзяржаўнага кале­джа Іван Літвіновіч. Юнак — майстар спорту міжнароднага класа
па скачках на батуце.

У намінацыі “За дасягненні ў галіне гісторыі, турызму і краязнаўства” адзначана найвышэйшай узнагародай дзейнасць Дзіяны Гегені, навучэнкі Нясвіжскага дзяржаўнага каледжа імя Якуба Коласа. Дзяўчына — удзельніца навуковага таварыства “Спасціжэнне”. Яе даследчыя работы прысвечаны вывучэнню малой радзімы — Нясвіжа.

 

Таксама ўшаноўвалі ў гэты дзень навучэнцаў каледжаў і ліцэяў, якія сталі лаўрэатамі спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па сацыяльнай падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў. Усе яны заваявалі медалі ў конкурсе WorldSkills Belarus — 2018 у розных кампетэнцыях. Узнагароды юнакам і дзяўчатам, а таксама педагогам, якія іх падрыхтавалі, уручыў Барыс Браніслававіч Блахін, член савета спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, дырэктар Слуцкага дзяржаўнага каледжа.

Усе канкурсанты, лаўрэаты спецфонду, якія выходзілі на сцэну за заслужанымі ўзнагародамі, — цудоўныя юнакі і дзяўчаты. Яны лепшае пацвярджэнне і доказ таго, што сістэма прафесійнай адукацыі працуе годна, выхоўвае добрых спецыялістаў і сапраўдных грамадзян. У хуткім часе іх рады папоўняцца. Маладое пакаленне прынясе новыя перамогі прафесійнай адукацыі Мінскай вобласці і нашай краіне.

Дар’я РЭВА.
 Фота аўтара.