×

У сталіцу — па веды

11.01.2020 11:51,

Увесь адукацыйны працэс у школе накіраваны на ўсебаковае развіццё і павышэнне камунікатыўнай кампетэнтнасці навучэнца, каб кожны малады чалавек знайшоў сваё месца ў жыцці, стаў паспяховым, з правільнымі жыццёвымі ўстаноўкамі і каштоўнасцямі. У цяперашнім жыцці віртуальныя зносіны выцясняюць жывыя, пагружаюць маладое пакаленне ў свет гаджэтаў і сацыяльных сетак, але пры гэтым старшакласніку трэба быць сацыяльна адаптаваным, паспяховым, камунікатыўна кампетэнтным грамадзянінам.

З мэтай павышэння камунікатыўнай кампетэнтнасці навучэнцаў Нёманскай сярэдняй школы імя І.Д.Гурскага было арганізавана адукацыйнае падарожжа “У сталіцу — па веды!”. Яго асноўныя задачы — правядзенне прафарыентацыйнай работы з накіраванасцю на прафесію педагога; развіццё творчага патэнцыялу навучэнцаў; павышэнне эстэтычнага ўзроўню навучэнцаў.

Папярэдне былі распрацаваны маршруты падарожжа па тэмах:

1. “Да будучай прафесіі” (сустрэча з выкладчыкамі і студэнтамі філалагічнага факультэта БДПУ імя Максіма Танка).

2. “Паэзія — госця нябесная” (майстар-клас ад члена Саюза пісьменнікаў Беларусі паэта М.В.Шабовіча, кандыдата філалагічных навук, дацэнта кафедры мовазнаўс­тва і лінгвадыдактыкі філалагічнага факультэта).

3. “Мы ў тэатры” (наведванне спектакля “Паўлінка” ў Нацыянальным акадэмічным тэатры імя Янкі Купалы).

Па кожным маршруце былі падрыхтаваны пытанні і заданні па тэме. Выніковым прадуктам сталі прэзентацыі, відэаролік, фотакалаж, афіша да спектакля, вершы, складзеныя вучнямі, праведзены круглы стол “Павышэнне камунікатыўнай кампетэнтнасці навучэнцаў — шлях да якасных ведаў”.

Змястоўнай і карыснай была сустрэча з выкладчыкамі і студэнтамі педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка. Нашых вучняў даўно цікавілі многія пытанні: якія факультэты ёсць ва ўніверсітэце? Якія прадметы вывучаюцца канкрэтна на філалагічным факультэце? Як вучацца, жывуць і адпачываюць студэнты?

Адказы на іх былі поўнымі і дакладнымі, бо сустрэліся мы з адукаванымі, крэатыўнымі, апантанымі і адданымі сваёй справе людзьмі.

Падчас майстар-класа паэт Мікола Шабовіч чытаў свае вершы для нас, пазнаёміўся з паэтамі нашай школы, апошнімі зборнікамі вучнёўскай паэзіі, зрабіў канкрэтныя заўвагі маладым творцам.

Трэці маршрут прывёў нас на свята сустрэчы з сапраўдным мастацтвам. Ці любіце вы тэатр? Такое пытанне я задала сваім вучням. Многія адказалі станоўча. Узвышаная атмасфера тэатра стварыла цудоўны настрой, пакінула незабыўныя ўражанні. А самае галоўнае, у нас, настаўнікаў і вучняў, з’явілася вялікае жаданне аднавіць работу школьнага тэатра “Жывое слова” (на працягу многіх гадоў на школьнай сцэне і не толькі з поспехам ішлі міні-спектаклі па творах беларускіх аўтараў, інсцэніроўкі фальклорных свят, у якіх ролі выконвалі і вучні, і настаўнікі).

Адукацыйнае падарожжа захапіла і зацікавіла нашых вучняў, натхніла на сур’ёзныя справы, на новыя падарожжы, прымусіла задумацца над выбарам прафесіі і сэнсам жыцця.

Фарміраванню камунікатыўнай кампетэнтнасці ў адукацыйным працэсе трэба ­ўдзяляць належную ўвагу, бо яна адносіцца да групы ключавых кампетэнтнасцей, якія ма­юць вялікае значэнне ў жыцці кожнага чалавека.

Любоў СОБАЛЬ,
настаўніца беларускай мовы і літаратуры Нёманскай сярэдняй школы імя І.Д.Гурскага Уздзенскага раёна.