×

У вялікае плаванне — па “золата”

13.08.2019 11:24,

Случчанка Валерыя Махлай заняла 1-е месца на чэмпіянаце свету па суднамадэльным спорце. Любімай справай дзяўчына займаецца ў Слуцкім цэнтры тэхнічнай і прыкладной творчасці навучэнскай моладзі.

Чэмпіянат свету прайшоў у Венгрыі, у горадзе Банк. Удзел у спаборніцтве ўзялі прадстаўнікі 16 краін: Аўстрыі, Венгрыі, Германіі, Кітая, Польшчы, Расіі, Украіны, Францыі, Чэхіі і інш.

Спаборніцтвы складаліся з дзвюх частак. Спачатку адбываліся стэндавыя спаборніцтвы: мадэлі былі прадстаўлены суддзям, якія ацэньвалі адпаведнасць мадэлі арыгіналу, якасць вырабу мадэлі, дасканаласць выканання. Абарону спартсмены праводзілі на англійскай мове. Потым журы ацаніла мадэлі ў дзеянні — судны адправіліся ў вялікае плаванне, прайшлі спаборніцтвы на вадзе. Кожны ўдзельнік, кіруючы суднам, праводзіў яго па прапанаванай дыстанцыі і прышвартоўваў у доку.  

Валерыя Махлай брала ўдзел у чэмпіянаце у юнацкім заліку ў класе мадэлей F4-C. Дзяўчына займаецца суднамадэльным спортам ужо 8 гадоў, яна тытулаваная спартсменка — у яе шмат перамог рознага ўзроўню. Але чэмпіёнкай свету дагэтуль яна не станавілася. На мінулым чэмпіянаце яна была чацвёртай. Да спаборніцтваў у гэтым годзе падыходзіла з рашучасцю атрымаць медаль.

Канкурэнцыя на чэмпіянаце была вельмі моцнай. Асабліва моцныя сапернікі — прадстаўнікі Кітая, якія перамаглі ў большасці іншых класаў ма­дэлей на чэмпіянаце. Аднак апярэдзіць таленавітую случчанку ім не ўдалося. Безумоўная перамога — у Валерыі! Залаты медаль і дыплом пераможцы чэмпіянату свету Валерыі ўручыў віцэ-прэзідэнт Сусветнай федэрацыі суднамадэльнага спорту Naviga Дзмітрый Калмыкоў.

Дасягнула медальных вышынь Валерыя Мах­лай пад кіраўніцтвам і з дапамогай таленавітага і вопытнага педагога Віктара Васільевіча Патоцкага.

Дар’я РЭВА.
Фота прадастаўлена Слуцкім ЦТПТНМ.