×

Умацаванне партнёрскіх адносін

24.08.2019 16:25,

Міншчына гасцінна сустрэла дэлегацыі з дзвюх усходніх краін. Прадстаўнікі Кітайскай Народнай Рэспублікі і Японіі наведалі прысталічную вобласць.

Мінская вобласць узмацняе сувязі з Кітайскай Народнай Рэспублікай у розных кірунках дзейнасці. Расце тавараабарот вобласці з Кітаем, а таксама аб’ём кітайскіх інвестыцый у рэгіён. Адным з важных напрамкаў узаемадзеяння з’яўляецца сфера адукацыі. Нядаўна дэлегацыя Камітэта адукацыі муніцыпалітэта Чжучжоу Кітайскай Народнай Рэспублікі наведала ўстановы адукацыі ў Маладзечне і Слуцку.


Падпісанне пагаднення аб супрацоўніцтве.

Пачаўся візіт сустрэчай у сярэдняй школе № 14 Маладзечна. Гасцей з Паднябеснай вітала Таццяна Валянцінаўна Апра­ніч, начальнік галоўнага ўпраўлення па адукацыі Мінаблвыканкама, якая падзякавала калегам за супрацоўніцтва і падкрэсліла яго значнасць. Таксама Т.В.Апраніч адзначыла, што сёння ў вобласці расце запыт на вывучэнне кітайскай мовы — яе ўжо вывучаюць каля тысячы навучэнцаў. Ад імя кітайскай дэлегацыі ўдзельнікаў сустрэчы вітаў намеснік старшыні гарадскога камітэта Чжучжоу Народнага палітычнага кансультатыўнага савета Кітая Юй Цюньмін.

На сустрэчы адбылося падпісанне пагаднення аб супрацоўніцтве ў сферы адукацыі. Дасягнута дамоўленасць аб развіцці сувязей паміж установамі адукацыі, абмене дэлегацыямі для пашырэння ўзаемадзеяння і актывізацыі далейшага развіцця су­працоўніцтва. Пагадненне прадугледжвае  рэалізацыю шэрага сумесных праектаў.

— Мы зацікаўлены ў тым, каб ва ўстановы адукацыі Мінскай вобласці прыязджалі носьбіты мовы, каб яны дзяліліся методыкай выкладання кітайскай мовы, каб мелі камунікацыю з нашымі дзецьмі. Аб гэтым гаворыцца ў дакуменце. Пагадненне прадугледжвае таксама развіццё сувязей у сістэме дадатковай адукацыі, — паведаміла Т.В.Апраніч.

Гасцей нашай краіны чакала знаёмства з дзейнасцю сярэдняй школы № 14. Яны пабывалі ў Музеі памяці воінаў-інтэрнацыя­налістаў, рэсурсным цэнтры па шахматах. Далей праграма мерапрыемстваў у Мала­дзечне прадугледжвала наведванне гімназіі № 10, Маладзечанскага дзяржаўнага музычнага каледжа імя М.К.Агінскага, дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы “Алімпік-2011”. Кітайскую дэлегацыю зацікавіў вопыт арганізацыі сістэмы агульнай, сярэдняй спецыяльнай і прафесійнай адукацыі, вопыт работы з таленавітай моладдзю, папулярызацыі дадатковай адукацыі і прафесійнай арыентацыі, метадычнай работы ў раёне.

Пазнаёміцца з рэгіянальнай сістэмай адукацыі мела магчымасць таксама дэлегацыя з Японіі. У склад дэлегацыі ўвайшлі прадстаўнікі Сендайскага ўніверсітэта, размешчанага ў горадзе Сендай прэфектуры Міягі. Яны наведалі ўстановы адукацыі ў трох раёнах Міншчыны — Мінскім, Мала­дзечанскім і Нясвіжскім.

У Мінскім раёне госці завіталі ў бараўлянскую сярэднюю школу № 3 і дзіцячы сад у вёсцы Ляскоўка. Наступным пунктам наведвання стала Маладзечанская спецыяльная агульнаадукацыйная школа-інтэрнат. Японскія калегі звярнулі ўвагу на пытанні навучання і выхавання дзяцей з абмежаванымі магчымасцямі. Ва ўстановах адукацыі Мінскага і Маладзечанскага раёнаў яны ўбачылі, як арганізавана асяроддзе для дзяцей гэтай катэгорыі: спецыяльныя ліфты, гусенічныя пад’ёмнікі для руху па лесвіцы, пандусы. Японскія спецыялісты адзначылі, што відавочна вялікая работа праведзена ва ўстановах адукацыі для стварэння аптымальных умоў для навучэнцаў з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця.

Прадоўжылася падарожжа па Міншчыне паездкай у Нясвіж. Гэта найлепшае месца, дзе можна азнаёміцца адначасова з гісто­рыяй і культурай нашай краіны, а таксама з гісто­рыяй развіцця адукацыі ў вобласці. Замежныя госці адправіліся ў Нясвіжскі дзяржаўны каледж імя Якуба Коласа, дзе даведаліся аб арганізацыі работы ва ўстанове адукацыі, асаблівасцях вучэбна-прадметнага асяроддзя. Калегам з Японіі і Беларусі было цікава абмяняцца вопытам па прафесійнай падрыхтоўцы спецыялістаў розных кірункаў. Таксама госці наведалі музей, які знаходзіцца ў кале­джы. Гэты ўнікальны музей расказвае аб гісторыі адукацыі на Нясвіжчыне, гісторыі падрыхтоўкі педагогаў у Беларусі.

З традыцыямі, гісторыяй і культурай Беларусі госці з Краіны ўзыходзячага сонца азнаёміліся падчас агляднай экскурсіі па горадзе і наведвання палацава-паркавага ансамбля Нясвіжа.

У рамках абмену міжнародным вопытам беларускія і японскія спецыялісты абмеркавалі актуальныя напрамкі дзейнасці ў сферы адукацыі і выказалі намер умацоў­ваць партнёрскія адносіны.

Міжнароднае ўзаемадзеянне пашырае магчымасці атрымання практычнага вопыту па арганізацыі адукацыйнага працэсу, выкарыстання новых адукацыйных тэхналогій, а гэта дазваляе павышаць якасць адукацыйных паслуг. Таму сістэма адукацыі Мінскай вобласці і далей будзе ўпэўнена трымаць вектар на ўмацаванне супрацоўніцтва з партнёрамі з іншых краін.

Дар'я РЭВА.
Фота прадастаўлена галоўным упраўленнем па адукацыі Мінаблвыканкама.