×

Урок мудрасці і натхнення

06.12.2019 15:12,

Педагогіка — гэта тая сфера дзейнасці, у якой выпадковых людзей не бывае. Прафесійнасць настаўніка павінна быць бачнай ва ўсім: ва ўменні выкладаць свой прадмет, а таксама ва ўменні ўзаемадзейнічаць з калектывам, падтрымліваць яго.

Адным з такіх выкладчыкаў з’яўляецца настаўніца англійскай мовы вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыі намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце гімназіі № 3 Барысава Алена Веньямінаўна Карасёва.

Пытанне аб тым, кім стаць, перад будучай настаўніцай ніколі не стаяла.

Любоў да замежных моў, у прыватнасці, да англійскай, адразу ўсё расставіла на свае месцы. Таму пасля заканчэння школы Алена Веньямінаўна паступіла ў Мінскі дзяржаўны педагагічны інстытут замежных моў на факультэт англійскай мовы. Але з-за новага месца службы мужа давялося пераехаць у Алма-Ату.

“Безумоўна, плануючы пераезд, ведала, што прафесію настаўніка замежнай мовы абавязкова атрымаю, таму перавялася ў аналагічны інстытут у Расійскай Федэрацыі, — расказвае А.В.Карасёва. — Жыццё склалася так, што праз некалькі гадоў давялося вярнуцца назад, у Барысаў. На той момант у мяне ўжо быў дыплом і вопыт работы ў школе”.

Пасля вяртання ў родны горад Алена Веньямінаўна не адразу знайшла вакантнае месца настаўніка, — спачатку працавала лабарантам англійскай мовы, а праз год пачала выкладаць свой прадмет у сярэдняй школе № 15 Барысава (сёння — гімназія № 3) з паглыбленым вывучэннем англійскай мовы.

“Для мяне было вялікім шчасцем выкладаць любімы прадмет дзецям, — працягвае настаўніца. — Я не толькі іх вучыла, але і вучылася сама. Да ўрокаў заўсёды рыхтавалася вельмі грунтоўна, імкнулася да таго, каб кожную тэму, якую праходзім, падаць у цікавай форме, вывучыць па ёй як мага больш слоў і такім чынам пашырыць лексічны запас навучэнцаў”. 

Уменне наладзіць кантакт з навучэнцамі, іх бацькамі, а таксама пастаяннае ўзаемадзеянне з калегамі дазволілі Алене Веньямінаўне паспяхова вырашаць задачы па фарміраванні ў дзяцей тых ведаў, уменняў і навыкаў, якія дапамагаюць паглыбіцца ў прадмет і дасягаць у ім значных поспехаў. А адказнае стаўленне да работы і жаданне расці ў прафесійным плане прывялі настаўніцу да новых змен.

У 2004 годзе А.В.Карасёва пераступіла чарговую прыступку на сваёй кар’ернай лесвіцы: яе назначылі на пасаду намесніка дырэктара па вучэбнай рабоце.

“Мне пашанцавала працаваць у адной з лепшых навучальных устаноў горада, — упэўнена Алена Веньямінаўна. — Дзякуючы калектыву, дырэктару гімназіі, адбывалася маё станаўленне і як педагога, і як завуча. Менавіта ў сваіх калег, якія ўсе да аднаго з’яўляюцца бездакорнымі прафесіяналамі, вучылася жыццёвай мудрасці, разважлівасці, тактоўнасці, а таксама ўзаемадзеянню. Таму што дзякуючы зладжанай рабоце педагагічнага калектыву настаўнік здольны не толькі даваць дзецям якасныя веды, але і самаразвівацца. А гэта сёння вялікая каштоўнасць. Педагог павінен прыходзіць на работу з натхненнем і ведаць, што заўсёды, калі будзе такая неабходнасць, зможа атрымаць падтрымку калег”. 

Адукацыйная стратэгія, прафесіяналізм, адказнасць і ініцыятыва — вось тыя якасці, якія вылучаюць Алену Веньямінаўну. Безумоўна, жаданне самаразвівацца, якое сёння для настаўніцы з’яўляецца прыярытэтным, спрыяе павышэнню педагагічнага ўзроўню.

А.В.Карасёва з’яўляецца актыўным удзельнікам шматлікіх абласных і рэспубліканскіх семінараў, якія праводзіць Нацыянальны інстытут адукацыі. “Выкарыстанне ІКТ на ўроках замежнай мовы”, “Стварэнне дыдактычных матэрыялаў па замежных мовах з выкарыстаннем сэрвісаў Web 2.0 “, “Змены ў выкладанні замежных моў ва ўмовах новай інфармацыйна-камунікацыйнай прасторы”, — гэтыя тэмы цікавяць педагога, таму не дзіўна, што іх абмеркаванне на рэспубліканскім узроўні не абыходзіцца і без Алены Веньямінаўны.

Падчас удзелу ў шматлікіх канферэнцыях і семінарах настаўніца ў першую чаргу прадстаўляе вопыт нашай гімназіі ў распрацоўцы і ўкараненні ў вучэбны працэс той ці іншай тэмы. На базе Акадэміі паслядыпломнай адукацыі Алена Веньямінаўна выступала з дакладам “Сістэма работы гімназіі № 3 Барысава па павышэнні якасці адукацыі ва ўмовах профільнага навучання”, а таксама праводзіла практыкум па тэме “Патрабаванні да сучаснага ўрока. Аналіз урока”.

У гімназіі № 3 Барысава вялікая роля адводзіцца навуковым, даследчым кірункам дзейнасці не толькі навучэнцаў, але і педагогаў. Выдатным месцам для правядзення вэбінараў стаў раённы рэсурсны цэнтр па англійскай мове, які ўзначальвае Алена Карасёва.

“Сёння рэсурсны цэнтр — гэта цудоўная рабочая пляцоўка па абмене вопытам, — тлумачыць педагог. — Тут настаўнікі-прадметнікі з усяго раёна ў рамках педагагічнага марафону дзеляцца метадычнымі напрацоўкамі, а таксама абмяркоўваюць тыя праблемы адукацыйнага працэсу, з якімі падчас сваёй дзейнасці сутыкаецца кожны педагог”.

З гэтага навучальнага года А.В.Карасёва рэалізуе ў гімназіі № 3 Барысава інавацыйны рэспубліканскі педагагічны праект “Укараненне мадэлі фарміравання іншамоўнай камунікатыўнай кампетэнцыі ў навучэнцаў 9—11 класаў на аснове сацыяльна-каштоўнасных адносін да вывучэння замежнай мовы”. А 2 гады назад, дзякуючы жаданню пашарыць лінгвістычныя веды і магчымасці навучэнцаў, Алена Веньямінаўна распрацавала адукацыйную праграму па вывучэнні кітайскай мовы ў гімназіі. Дзякуючы гэтаму, валанцёры, прадстаўнікі КНР, праводзяць для гімназістаў заняткі па прадмеце на факультатыўнай аснове.

Адметнасцю кожнага выкладчыка, які працуе ў гімназіі № 3, з’яўляецца жаданне павысіць прэстыж сваёй навучальнай установы, зрабіць вучняў канкурэнтаздольнымі. Алена Веньямінаўна не выключэнне. Дзякуючы бездакорнаму валоданню прадметам і ўменню зацікавіць ім дзяцей, настаўніца падрыхтавала пераможцаў другога і трэцяга этапаў Рэспубліканскай алімпіяды па англійскай мове ў 2016—2018 гадах. З 1998 па 2011 год па ініцыятыве А.В.Карасёвай навучэнцы гімназіі выступалі на міжнародным конкурсе па англійскай мове “Шчаслівы выпадак”, які праходзіў у расійскім Нагінску, і станавіліся на ім пераможцамі.

За плённую і шматгадовую працу, дасягнутыя поспехі ў навучанні і выхаванні навучэнцаў Алена Карасёва была неаднаразова ўзнагароджана ганаровымі граматамі Барысаўскага райвыканкама, Мінскага абласнога камітэта, а таксама атрымала падзякі Галоўнага ўпраўлення па адукацыі Мінскага абласнога выканаўчага камітэта.

Алена ГУСЕВА,
настаўніца англійскай мовы, кіраўнік метадычнага аб’яднання замежных моў гімназіі  № 3 Барысава.