×

Вайна ў гісторыі маёй сям’і

11.05.2019 14:19,

Кожны год наша краіна замірае, калі стрэлка метранома чаканіць хвіліну памяці — хвіліну, падобную да вечнасці. За гэтыя 60 секунд практычна кожны жыхар нашай краіны ўспамінае пра страту родных у гады Вялікай Айчыннай вайны. Няма сям’і, у якой не шанавалі б памяць тых, хто аддаў сваё жыццё за нас, за нашу будучыню і за будучыню нашых дзяцей і ўнукаў. 75 гадоў кожная сям’я клапатліва захоўвае гісторыю перамогі і расказвае дзецям пра тое, як нялёгка было адолець ворага.

Ці трэба пра гэта гаварыць з дзецьмі дашкольнага ўзросту? Педагагічны калектыў ясляў-сада № 19 “Пралеска” Жодзіна лічыць, што трэба, бо перамога ў Вялікай Айчыннай — гэта самы яскравы прыклад патрыятызму, гордасці за сваю краіну і за свой народ. Свята Перамогі блізкае і зразумелае дашкольнікам, таму што перадае простую і зразумелую думку, вядомую яшчэ па казках, — ідэю супрацьстаяння дабра і зла, фінальнай перамогі дабра. Правільна падабраная літаратура, музычныя творы, экскурсіі да памятных месцаў, тэматычныя гульні, гутаркі дапамагаюць стварыць мост з мінулага ў сучаснае, па якім дзецям лёгка адпраўляцца ў падарожжа па слядах гісторыі сваёй краіны.

Педагогі і выхаванцы старшай групы № 8 нашага сада напярэдадні Дня Перамогі наведалі народны музей баявой славы сярэдняй школы № 4 Жо­дзіна, дзе азнаёміліся з гісторыяй Вялікай Айчыннай, гісторыяй ваенных гадоў Жодзіна, разгледзелі сапраўдныя прадметы франтавога побыту. Акрамя таго, дзецям, асабліва хлопчыкам, вельмі важна ўпэўніцца ў сваёй смеласці, спрытнасці і сіле. Гэтую магчымасць выхаванцы групы рэалізавалі ў спартыўнай гульні “Зарнічка”, дзе ўсё было па-сапраўднаму: і форма, і заданне, і выпрабаванні. Дзецям цікава даведацца пра вайну, пра подзвігі, але важна, каб гэтую цікавасць падзялялі і накіроўвалі дарослыя, таму, калі выхавальніца Ала Віктараўна Шамрыцкая прапанавала бацькам сваіх выхаванцаў паўдзельнічаць у акцыі “Вайна ў гісторыі маёй сям’і” і ства­рыць у групе “Кнігу памяці”, многія адгукнуліся і правялі вялікую пошукавую работу. Ёсць сем’і, дзе клапатліва захоўваецца шмат рэліквій і памятных рэчаў тых гадоў, а многім трэба было пачынаць пошук з нуля.

75 гадоў — вялікі тэрмін, і мы часам забываем спытацца ў сваіх родных пра важнае. На сумесным вечары памяці ў нашай музычнай зале сабраліся дзеці, іх бацькі, бабулі і дзядулі. Адбылася размова пра тыя часы, прагучалі песні ваенных гадоў, гісторыі сем’яў. І гэта навучыць кожнае дзіця самаму галоўнаму — любіць і паважаць сваіх блізкіх, клапатліва ставіцца да малой радзімы, адчуваць гордасць за сваіх землякоў.

Таццяна БОНДАР,
намеснік загадчыка па асноўнай дзейнасці ясляў-сада № 19 “Пралеска” Жодзіна.