×

Важнейшае за ўсё — надвор’е ў летніку

24.08.2019 16:33,

Добры адпачынак дзіцяці ў летніку абумоўлены мноствам фактараў: месцам і матэрыяльна-тэхнічнай базай установы, колькасцю цікавых мерапрыемстваў, адносінамі з равеснікамі, нават надвор’ем. Аднак больш за ўсё адпачынак залежыць ад тых людзей, якія працуюць з дзецьмі. Менавіта ад педагагічнай каманды залежыць, наколькі цікавым будзе знаходжанне ў летніку, наколькі камфортным стане эмацыянальнае і псіхалагічнае асяроддзе, ці пасябруюць дзеці адно з адным. Калі дзіцяці весела і ўтульна, калі яно захоплена і зацікаўлена, то ніякія іншыя фактары не змогуць сапсаваць яму адпачынак. На самай справе надвор’е ў летніку залежыць ад педкаманды. Таму кожны год у нашай краіне ладзіцца конкурс педагагічных каманд выхаваўча-аздараўленчых устаноў адукацыі, дзе спецыялісты дзеляцца сваім вопытам, каб наступны сезон стаў яшчэ больш яркім, чым папярэдні.


Пераможцы конкурсу — педкаманда лагера “Нача”.

Вынікі абласнога этапу Рэспубліканскага конкурсу педагагічных каманд выхаваўча-аздараўленчых устаноў адукацыі падвялі ў МАІРА. Стартаваў конкурс завочным турам, у якім журы прааналізавала прэзентацыйныя матэрыялы лагераў, метадычныя распрацоўкі тэматычнага дня ў лагеры, сцэнарыі правядзення масавых мерапрыемстваў і творчых нумароў. Паводле гэтых матэрыялаў у другі тур выйшлі 5 каманд, якія прадоўжылі спаборніцтва вочна. Гэта прадстаўнікі Вілейскага, Клецкага, Маладзечанскага, Нясвіжскага і Пухавіцкага раёнаў.

Журы і гледачам канкурсанты прадставілі творчыя візітоўкі, правялі  масавае мерапрыемства ў рамках тэматычнага дня і гульню з залай, паказалі творчы нумар з важацкага вечара.

Публіку парадавалі яркія выступленні каманд, кожная з якіх мела свой адметны стыль. Каманда лагера працы і адпачынку “Юнацтва” Вілейскай гімназіі № 1 “Логас” запомнілася мерапрыемствам па цімбілдынгу — удзель­нікі адправіліся з піратам-вядучым у цікавае падарожжа, якое дапамагае лепш зразумець адно аднаго і вучыць праца­ваць разам. Каманда профільнага ваен­на-патрыятычнага аздараўленчага лагера “Гвардзеец”, што дзейнічаў на базе сярэдняй школы № 3 Мар’інай Горкі, шмат увагі ўдзяляе выхаваўчай рабоце. На конкурсе яна прадэманстравала цікавую квест-гульню, прысвечаную малой радзіме, з выкарыстаннем смартфонаў і QR-кодаў.


Важатыя Маладзечанскага дзіцячага аздараўленчага лагера “Івалга”.

Каманды лагераў “Юнацтва” і “Гвардзеец” падзялілі паміж сабой 2-е месца конкурсу.

Важатыя Маладзечанскага дзіцячага аздараўленчага лагера “Івалга” прапанавалі гледачам цікавы рэпартаж аб буднях лагера. Каманда лагера працы і адпачынку “У кантакце з творчасцю” Цэнтра дзіцячай творчасці Нясвіжскага раёна запомнілася гледачам сваімі танцавальнымі флэш-мобамі і конкурсамі з удзелам яркіх роставых лялек.

Прадстаўнікі Маладзечанскага і Нясвіжскага раёнаў атрымалі “бронзу” конкурсу.

Пераможцам і ўладальнікам дыплома I ступені галоўнага ўпраўлення па адукацыі Мінаблвыканкама стала каманда стацыянарнага дзіцячага аздараўленчага лагера “Нача” Клецкага раёна. Дружныя, вясёлыя, крэатыўныя важатыя, якіх шчыра падтрымлівалі іх выхаванцы, сталі безумоўнымі лідарамі.

Дар'я РЭВА.
Фота аўтара.