×

Вучыцца будзем весела, каб вучыцца добра

25.05.2019 15:14,

Вучэнне павінна быць цікавым. Толькі тады яно можа быць паспяховым. У гэтым цвёрда перакананы педагогі Старыцкай сярэдняй школы Капыльскага раёна. Асабліва важна гэта для самых маленькіх школьнікаў.

Пачатковая школа — гэта першая прыступка, на якую ўстаюць маленькія школьнікі, паднімаючыся ўсё вышэй і вышэй на шляху да ведаў і будучай прафесіі. Таму так важна ў малодшым школьным узросце закласці ў дзіцяці цягу да ведаў, адчуванне школьнай супольнасці, пачуццё даверу і павагі да дарослых настаўнікаў. Каб вучням было цікава, упершыню ў гэтым навучальным годзе ў школе праводзіўся “Вясёлкавы тыдзень” для пачатковых класаў.

Асноўны прынцып правядзення тыдня — уцягванне кожнага дзіцяці ва ўсе падзеі, дзе яно магло па­спрабаваць свае сілы ў розных відах дзейнасці. Кожны дзень праходзіў пад вызначаным колерам: панядзелак — чырвоны, аўторак — аранжавы, серада — жоўты, чацвер — зялёны, пятніца — блакітны. Да гэтых колераў былі набыты адпаведныя гальштукі.

Пачаўся тыдзень з урачыстага адкрыцця і цырымоніі павязвання каляровых гальштукаў. Навучэнцы пазнаёміліся з планам і правіламі правядзення тыдня: кожны вучань зарабляў бонусы за кожны ўрок і мерапрыемства ў пэўны дзень. Агульная сума за дзень дзялілася на колькасць урокаў і мерапрыемстваў і выводзілася ў зводную ведамасць, якая знаходзілася на стэндзе. Затым бонусы падлічваліся і выводзіўся агульны бал за тыдзень. У кожным класе выбіраўся навучэнец, які набраў больш за ўсіх бонусаў. Ён станавіўся пераможцам тыдня. Як загарэліся вочкі ў дзяцей! Кожны стараўся добра працаваць на ўроку і актыўна ўдзельнічаць у мерапрыемствах, каб набраць больш бонусаў. Які стымул!

Кожная раніца пачыналася з музычнай зарадкі, якая палюбілася дзецям з першага разу. Яны з вялікім задавальненнем выконвалі практыкаванні, стараліся не спазняцца на зарадку. Пазней право­дзіўся не менш цікавы дынамічны музычны перапынак. Вельмі займальна і цікава прайшоў турнір знаўцаў рускай мовы ў 3—4 класах. Вучні паказалі свае веды па прадмеце і даведаліся шмат новага і цікавага. А другакласнікі змагаліся за званне лепшага ў конкурсе “Знаўцы роднай мовы”. Другі дзень тыдня прахо­дзіў пад назвай “Ласунак для розуму” — дзеці дэманстравалі свае веды ў матэматыцы. Хочацца адзна­чыць тут першаклашак, якія паказалі свае ўменні выкон­ваць аплікацыі з геаметрычных фігур. Вельмі стараліся, перажывалі, калі нешта атрымлівалася не так, як ім хацелася. Самым пазітыўным і актыўным днём была серада, якая праходзіла пад дэвізам “Будзь заўсёды здаровы і вясёлы!”. Настаўнікі пачатковых класаў падрыхтавалі для навучэнцаў спартыўна-забаўляльную праграму “Па дарогах казкі Гусі-лебе­дзі”, дзе хлопчыкі і дзяўчынкі не толькі спаборнічалі, але і згадвалі ўсім вядомую народную казку. Колькі энергіі, цікавасці, запалу, радасці, захопленасці, перажыванняў было ў іх вочках! Чацвер быў днём навакольнага свету. Першакласнікі і другаклашкі ўпершыню пабывалі на поле цудаў “Лекавыя травы”. Усе стараліся адгадваць загадкі, каб стаць гульцом, пакруціць барабан і вый­граць галоўны прыз. Навучэнцы 3—4 класаў адправіліся ў падарожжа ў падводнае марское царства. Яны з задавальненнем разгадвалі крыжаванкі, бралі ўдзел у віктарыне. А ў канцы дня ўсе разам склалі цікавы калаж “Цудоўны свет прыроды”. Пяты дзень прайшоў пад дэвізам “Чытай, думай, расказвай!”. Дзеці акунуліся ў свет казак. Падарожнічалі разам з героямі па лабірынтах, дапамагалі ім пераадольваць перашкоды, разгадвалі загадкі, спявалі песні, паказвалі міні-казкі. Напрыканцы мерапрыемства ім было прапанавана намаляваць сваю любімую казку. Самым хвалюючым днём быў панядзелак. Навучэнцы з нецярпеннем чакалі лінейкі, калі падвядуць вынікі і ўзнагародзяць пераможцаў. Уся пачатковая школа стракацела рознакаляровымі гальштукамі на шыях у хлопчыкаў і дзяўчынак. З сумам у вачах і ў той жа час з хваляваннем яны чакалі. І вось падвялі вынікі. Пераможцам уручылі запаветныя ўзнагароды, і “Вясёлкавы тыдзень” скончыўся. А маленькія школьнікі ўжо спяшаліся да настаўнікаў, каб запытаць, калі ўсё гэта паўторыцца зноў.

Цікавасць, дапытлівасць, чаканне адкрыцця новага ў дзяцей не згасае ніколі. Галоўнае, да чаго імкнуліся настаўнікі, — запаліць у дзецях іскру цікавасці да той ці іншай галіны ведаў. Бо толькі такая іскра можа выклікаць рэакцыю захопленасці, дапытлівасці, пошуку, стварыць атмасферу, у якой найбольш плённа выявяцца індывідуальныя асаблівасці кожнага наву­чэнца.

Ірына ХМЯЛЕЎСКАЯ,
настаўніца пачатковых класаў Старыцкай сярэдняй школы Капыльскага раёна.