×

Вялікія таленты маленькіх творцаў

03.09.2019 14:46,

Надзвычай плённым выдалася лета для юных мультыплікатараў з Барысава. Вялікія таленты маленькіх творцаў ярка ззялі на міжнародных конкурсах.  

У Барысаве мультыплікацыяй займаюцца з юнага ўзросту — студыя “Мультыфокус” дзейнічае ў  дашкольным цэнтры развіцця дзіцяці Барысава і аб’ядноўвае яго таленавітых выхаванцаў. Яны не толькі  ствараюць анімацыйныя работы, але і перамагаюць з імі на міжнародных фестывалях і конкурсах.


Работа ў студыі “Мультыфокус”.

На Міжнародным дзіцячым кінафестывалі-конкурсе “Савяня”, што право­дзіцца ў Казані (Расія), мультфільм “Снежны анёл”, створаны ўдзельнікамі студыі, быў удастоены дыплома І ступені ў намінацыі “Анімацыя”. Таксама дыпломам удзельніка кінафестывалю-конкурсу ўзнагароджана самая маленькая прадстаўніца студыі Яўгенія Мікулёнак за  мультфільм “Адкудь пайшлі беларусы?”.

Работа Яўгеніі была заўважана таксама на адкрытым дзіцячым фестывалі мультыплікацыйных фільмаў “МультФэстБірск” (Бірск, Расія). Яна адзначана дыпломам у спецыяльнай намінацыі “За любоў да роднага краю”.

Узялі ўдзел маленькія барысаўчане і ў VII адкрытым фестывалі дзіцячай анімацыі “Мульт — гарой”, што прайшоў у Краснаярску. Дзеці атрымалі дыпломы ўдзельнікаў за анімацыйны фільм “Пажар” па матывах верша С.Маршака і за анімацыйны фільм “Снежны анёл” у намінацыі “Пакадравая анімацыя (калектыўная работа)”. І зноў не засталася без увагі работа Яўгеніі Мікулёнак: дзяўчынка атрымала дыплом лаўрэата за анімацыйны фільм “Адкудь пайшлі беларусы?” у намінацыі “Пакадравая анімацыя (індывідуальная работа)”.


Кадр з мультфільма Яўгеніі Мікулёнак “Адкуль пайшлі беларусы?”.

— Вельмі прыемна назіраць, як удасканальваецца майстэрства нашых студыйцаў, — расказвае кіраўнік дзіцячай студыі анімацыі “Мультыфокус” Вікторыя Юр’еўна Мірочнік. — Глядзець мульцікі захапляльна, а ствараць іх — вялікая работа. І дзеці гатовы працаваць. Яны ўсё робяць старанна, удумліва. Усведамляюць, што важна не проста паказаць карцінку, а данесці думку, ідэю. На мой погляд, гэтая змястоўнасць твораў, сэнсавая напоўненасць сюжэтаў уплывае на тое, што журы конкурсаў аздначаюць работы выхаванцаў.

Арганізатары міжнародных конкурсаў выказалі шчырую падзяку кіраўніку дзіцячай студыі анімацыі “Мультыфокус” Вікторыі Юр’еўне Мірочнік за выхаванне жыццёвых каштоўнасцей, раскрыццё творчых здольнасцей дзяцей.

Студыя актыўна дзейнічае і развіваецца. Зараз дзеці засвойваюць новую тэхналогію стварэння мультфільмаў — аб’ёмную пластылінавую анімацыю. Значыць, можна смела чакаць новых цікавых работ і гучных перамог.

Дар’я РЭВА.