×

Вярнуцца да культурнай спадчыны сваёй малой радзімы

10.03.2020 11:00,

Каб не згубіць сучаснае і сваю будучыню, неабходна вяртацца да сваёй культурнай спадчыны, да таямніц мінулых гадоў. Дзеля гэтага ў Ванелевіцкім дзіцячым садзе ў 2008 годзе быў створаны міні-музей “Беларуская хатка”. Кожны год экспанаты музея папаўняюцца дзякуючы карпатлівай працы супрацоўнікаў дзіцячага сада і бацькоў выхаванцаў. Кіраўнік музея Ірына Мікалаеўна Канаваленка — выхавальніца дашкольнай адукацыі з вялікім вопытам работы, педагог, адданы сваёй працы, яна ўжо больш за 37 гадоў аддае сваё сэрца дзецям. Вялікі ўклад у папаўненне экспанатамі музея ўнеслі Аляксандр Уладзіміравіч Драко, вартаўнік установы, які працуе ў нас з 2008 года, і неабыякавыя да сваёй мінуўшчыны бацькі нашых выхаванцаў.

У 2019 годзе наш дзіцячы сад стаў лідарам, пераможцам у раённым этапе фестывалю-конкурсу “Свет дзяцінства” ў намінацыі “Тэрыторыя дзяцінства: міні-музей беларускай культуры сярод устаноў дашкольнай адукацыі сельскай мясцовасці”. У музеі з’явілася выстава калекцыі ручнікоў, амаль усе элементы ткацкага станка, кніга водгукаў, альбомы “Святы нашага аграгарадка”, “Музей “Беларуская хатка” запрашае”, “Сямейныя традыцыі на свяце аграгарадка”, “Матэрыялы работы сямейнага клуба “Да маралі праз сямейныя традыцыі”.

Мы арганізавалі работу музея, каб папулярызаваць беларускую культуру, мову і гісторыю, умацоўваць партнёрскія адносіны з бацькамі падчас сумеснага папаўнення музея экспанатамі з сямейных куфэркаў. Сваімі задачамі мы таксама бачым патрыятычнае выхаванне дашкольнікаў, іх сацыяльна-маральнае развіццё праз музейную педагогіку і сувязь пакаленняў.

Работа музея адлюстравана ў газеце дашкольнай установы адукацыі “Бульбашык”, якая выдаецца з 2014 года. Выставы музея право­дзяцца ва ўстанове адукацыі, на тэрыторыі дашкольнай установы, на днях вёскі ў аграгарадку Ванелевічы, на педагагічных канферэнцыях у Капылі. Работа музея прадстаўлена на сайце ўстановы. Дзякуючы музею, нашы выхаванцы маюць магчымасць зрабіць крок у мінулае, сустрэцца са спадчынай, дакрануцца да пакінутай прашчурамі для нашчадкаў беларускай культуры. Гэта толькі першы крок наперад ад нашых прадзедаў, але такая работа ў музеі ўстановы дае магчымасць праз гульнявую форму ўспрымаць і замацоў­ваць вельмі сур’ёзную і складаную навуковую інфармацыю: назвы прылад, назвы беларускіх рамёстваў, назвы цікавых рэчаў беларускай хаткі, сімвалы беларускіх вышыванак, традыцыі сваёй малой радзімы.

Падчас правядзення Багача, Каляд, Вялікадня і іншых абавязкова аздабляем музычную залу экспанатамі музея, а каб выклікаць станоўчы эмацыянальны настрой, выхаванцы апранаюцца ў беларускае народнае адзен­не. Колькі вясёлых агеньчыкаў загараецца ў маленькіх вочках дзетак у такія хвіліны! З якім задавальненнем яны спяваюць беларускія народныя песні, танцуюць, як крэатыўна выконваюць ролі герояў беларускіх казак! Такая работа не пакідае абыякавымі і бацькоў дашкольнікаў. На фальклорных святах заўсёды прысутнічаюць баць­кі ўсіх выхаванцаў, нават запраша­юць з сабой бабуль і дзядуляў.

Праз музейную педагогіку дзеці знаёмяцца з беларускімі народнымі стравамі, беларускімі гульнямі, казкамі. Складаная работа па выхаванні сапраўднага грамадзяніна і патрыёта сваёй малой радзімы, дзякуючы музею, пера­твараецца ў лёгкую і цікавую гульню.

Ёсць у нас і думкі аб стварэнні віртуальнай копіі музея, але той факт, што асабістае знаходжанне ў памяшканні “Беларускай хаткі” і непасрэднае судакрананне з экспанатамі музея станоўча адбіваецца і на настроі, і нават на стане здароўя ўсіх наведвальнікаў музея, застаецца той святой праўдай, ад якой і на душы, і на сэрцы светла і добра.

Раім усім, хто яшчэ не арганізаваў такую работу ў сваёй установе, абавязкова яе па­чаць дзеля сваёй будучыні. Будзем рады падзяліцца вопытам работы музея.

Яніна ЦІТОВА,
загадчык Ванелевіцкага дзіцячага сада.