×

Як запаліць зорку

06.07.2019 12:32,

Педагог павінен вучыцца шукаць свой прафесійны твар, вучыцца быць настаўнікам. Але гэтыя ўменні не нараджаюцца самі па сабе: ім трэба вучыць педагога, уключыўшы яго ў эфектыўную метадычную работу, галоўная мэта якой — “разбудзіць” педагога і дапамагчы яму ўсвядоміць неабходнасць удасканалення прафесійнай дзейнасці, каб “запаліць у ім зорку”.

Менавіта пра гэта я задумалася ў пачатку свайго прафесійнага шляху ў якасці кіраўніка раённага метадычнага аб’яднання настаўнікаў рускай мовы і літаратуры Слуцкага раёна. Лічу, што перш за ўсё неабходна забяспечыць кампетэнтнасны падыход у прафесійнай падрыхтоўцы педагогаў, каб кіраванне адукацыйным і прафесійным ростам педагагічных кадраў стала залогам устойлівага развіцця ўстановы адукацыі.

Хацелася б спыніцца на некаторых аспектах арганізацыі метадычнай работы, выкарыстоўваючы патрабаванні прафесійнага стандарту да базавых кампетэнцый педагога.

Планаванне работы з педагогамі па забеспячэнні іх прафесійнага росту, “вырошчвання” настаўніка як прафесіянала заўсёды пачынаецца і заканчваецца дыягностыкай, якая дапамагае адказаць на 6 пытанняў: “Што?”, “Як?”, “Калі?”, “Хто?”, “Дзе?”, “Колькі сродкаў?”. Такі падыход дазваляе павышаць кампетэнтнасць педагогаў рознымі шляхамі.

Улічваючы сучасную адукацыйную прастору, для развіцця інфармацыйных кампетэнцый мы выкарыстоўваем тэхналогіі адукацыйнага кансалтынгу. Памятаючы пра гэта, пастаянна праводзім індывідуальныя кансультацыі з педагогамі па пытаннях, якія ўзнікаюць падчас навучання.

Значна ўзбагаціў змест метадычнай работы адукацыйны аўтсорсінг (выкарыстанне знешняй крыніцы ці рэсурсу з мэтай індывідуалізацыі адукацыйнага працэсу).

Сёння аўтсорсінг у адукацыі ўяўляе сабой адзін з найбольш эфектыўных падыходаў да навучання педагогаў. Сэнс аўтсорсінгу зводзіцца да простай формулы: педагогі атрымліваюць магчымасць засяроджваць усе рэсурсы на асноўных відах дзейнасці, выкарыстоўваючы функцыі павышэння кваліфікацыі ў дзяржаўных установах адукацыі.

Комплексную падтрымку ўсіх удзельнікаў МА забяспечвае і нацыянальны адукацыйны партал (www.adu.by). Асаблівую цікавасць пры арганізацыі метадычнай работы выклікаюць раздзелы “Педагагічная майстэрня” (артыкулы, сцэнарыі мерапрыемстваў, канспекты ўрокаў і іншыя матэрыялы, накіраваныя на ўдасканаленне прафесійнага майстэрства педагагічных работнікаў); “Электроннае навучанне” (электронныя адукацйныя рэурсы (ЭАР).

А стварэнне вэб-рэсурсаў — сайтаў устаноў адукацыі, дзе ёсць раздзел “Метадычны кабінет”, дапамагае забяспечыць самаадукацыю педагогаў і трансляцыю педагагічнага вопыту на больш высокім узроўні.

“Запаліць зорку” дапамагае і атэстацыя педагогаў, таму што яна не дае спыняцца на дасягнутым.

Патрэба настаўніка ў сама­выяўленні і самасцвярджэнні за кошт актыўнага ўдзелу ў правя­дзенні семінараў, майстар-класаў, дзелавых гульняў дазволіла трансліра­ваць педагагічны вопыт не толькі на ­ўзроўні раёна, вобласці, але і рэспублікі: у АПА на Між­народных педагагічных чытаннях і на фестывалі педагагічных ідэй.

Важным інструметам развіцця педагагічнай культуры ўдзельнікаў МА з’яўляюцца розныя конкурсы прафесійнага майстэрства, у якіх мы пастаянна ўдзельнічаем.

Напрыклад, А.С.Нямковіч, настаўніца сярэдняй школы № 8 Слуцка, удзельнічала ў Рэспубліканскім конкурсе “Электронна-адукацыйны рэсурс у агульнай сярэдняй адукацыі ў 2017/2018 навучальным го­дзе”. Ёй быў распрацаваны сайт “Лінарусліт з выкарыстаннем інтэрактыўнай дошкі “Ліна”. Настаўніца рускай мовы і літаратуры сярэдняй школы № 2 Слуцка А.А.Пекар — удзельніца конкурсу на лепшы ўрок па літаратуры “Сіла слова”, які право­дзіў Пастаянны камітэт Саюзнай дзяржавы сумесна з Федэральным дзяржаўным унітарным прадпрыемствам “Міжнароднае інфармацыйнае агенцтва “Расія сёння”. Т.М.Буканава, настаўніца Сяражскай сярэдняй школы, прыняла ўдзел у Міжнародным конкурсе “Рэха вайны — голас Перамогі”, прысвечаным Дню Перамогі (май 2017 года), была ўзнагароджана дыпломам І ступені. С.А.Каляда, настаўніца рускай мовы і літаратуры сярэдняй школы № 13 Слуцка, І.Г.Байнякова, настаўніца рускай мовы і літаратуры сярэдняй школы № 5 Слуцка, сталі дыпламантамі конкурсу “Урок, якім я ганаруся”.

Адным з этапаў развіцця сацыяльна-асобасных кампетэнцый педагогаў МА стала стварэнне кожным з іх парт­фоліа, галоўная мэта якога — раскрыццё патэнцыяльных магчымасцей настаўніка, цэласнае ўяўленне пра яго. Парт­фоліа ўяўляе сабой папку-накапляльнік, што складаецца з дзвюх частак: звесткі пра педагога і яго дзейнасць. Гэта дапамагае адсачыць прафесійны рост.

Прайшоўшы шлях станаўлення, я зразумела, што аснова кампетэнтнаснага падыходу да метадычнай работы — гэта інтэрактыўныя формы такой работы.

Каб забяспечыць праектаванне ўрока з прымяненнем сучасных падыходаў, а таксама методыкі “Актыўная ацэнка”, для педагогаў праведзены майстар-клас “Інварыянтны пачатак урока ва ўмовах адукацыйнай мадэлі “перавернуты ўрок”. У той жа час як настаўнік рускай мовы і літаратуры я дзялілася вопытам работы на майстар-класах для РМА настаўнікаў матэматыкі на тэму “Як запаліць зорку (з вопыту рэалізацыі кампетэнтнаснага падыходу ў навучанні”; для настаўнікаў хіміі — на тэму “Развіццё інтэлектуальнага патэнцыялу асобы навучэнца за кошт удзелу ў рабоце рэсурс­нага цэнтра па вучэбным прадмеце “Хімія”, у алімпіядах, у турнірах “Юны хімік” на базе АРЦІТ “Пошук”; для настаўнікаў ­гісторыі — на тэму “Выкарыстанне інтэрактыўных тэхналогій і метадаў навучання ў падрыхтоўцы да алімпіяд, у арганізацыі вучэбна-даследчай дзейнасці навучэнцаў па вучэбным прадмеце “Гісторыя”.

Часта выкарыстоўваю і такую форму работы, як метадычныя вячоркі. Напрыклад, “Ноч музеяў” была накіравана на рэалізацыю кампетэнтнаснага падыходу праз выкарыстанне адукацыйнай мадэлі “перавернуты клас”.

Папулярнай сярод калег формай работы з’яўляецца метадычны дыялог. Асаблівую цікавасць выклікаў метадычны дыялог “Не ведаць — не сорамна. Тры крокі ў кааператыўнае навучанне”. Ён азнаёміў педагогаў з тэхналогіяй Plikers, абазначыў магчымасці выкарыстання тэхналогіі “Кааператыўнае навучанне”, стварыў умовы для фарміравання педагагічных кампетэнцый у пытанні прымянення эфектыўных тэхнік і прыёмаў на вучэбных і факультатыўных занятках.

Займаючыся метадычнай работай, спрабуючы “запаліць зорку” ў кожным педагогу, я прыйшла да высновы, што становіцца майстрам педагагічнай працы той, хто адчуў у сабе даследчыка. Якія б новаўвядзенні — праграмы, тэхналогіі, сродкі — ні ўкараняліся ў адукацыйную практыку, поспех іх рэалізацыі залежыць ад галоўнага дзеючага суб’екта адукацыі — настаўнкіа, ад яго асобасных і прафесійных якасцей, педагагічнага майстэрства, ведаў і ўменняў прымяняць гэтыя новаўвядзенні на практыцы на карысць вучняў.

Такім чынам, кампетэнтнасны падыход дазваляе “запаліць зорку” ў кожным педагогу. Недастаткова стаць прафесіяналам адзін раз. Каб ім заставацца, неабходна пастаянна прафесійна развівацца.

Таццяна СЕЛЬВАНОВІЧ,
настаўніца рускай мовы і літаратуры сярэдняй школы № 13 Слуцка.