×

“Ястрабы” прыляцелі з “серабром”

16.07.2019 11:57,

На Міжнародным злёце юных ратавальнікаў-пажарных нашу краіну прадстаўлялі юнакі і дзяўчаты з Нясвіжа. Удзельнікі клуба “Ястрабы” годна выступілі і заваявалі “серабро” спаборніцтваў.

Клуб ратавальнікаў-пажарных “Ястрабы” ўжо 15 гадоў дзейнічае на базе сярэдняй школы № 4 Нясвіжа. Яго добра ведаюць у раёне і вобласці, ды і ў краіне “Ястрабы” адны з лепшых, таму сюды з задавальненнем зноў і зноў прыходзяць новыя ўдзельнікі. Сёння ў аб’яднанні займаюцца 87 хлопчыкаў і дзяўчынак. Нязменны кіраўнік клуба — настаўніца Алена Анатольеўна Комар.

“Ястрабы” не раз перамагалі ў конкурсах і спаборніцтвах розных узроўняў — ад раённага да міжнароднага. У Міжнародным злёце юных ратавальнікаў-пажарных удзельнічалі пяты раз. Прадстаўнікі Нясвіжчыны заўсёды вяртаюцца з гэтага мерапрыемства з узнагародай.

Міжнародны злёт юных ратавальнікаў-пажарных традыцыйна право­дзіцца ў Азербайджане, у Габале. Сёлета ўдзельнікаў было больш, чым у мінулыя гады — 12 каманд з 11 краін, але гэта не перашкодзіла беларусам узняцца на п’едэстал гонару.

У склад кожнай каманды ўвахо­дзілі дзве дзяўчыны і пяць юнакоў. Злёт прадугледжваў тры іспыты: пажарную эстафету, пераадоленне камбінаванай паласы перашкод, дэманстрацыю майстэрства правядзення пошукава-выратавальных работ. Апошняе выпрабаванне — пошукава-выратавальныя работы — сталі найбольш складанымі для каманды, бо праходзілі ў горнай мясцовасці, непрывычнай для беларусаў.

Таксама кожная каманда падрыхтавала на злёце насценгазету і творчую візітоўку, каб расказаць пра сваю радзіму, каманду, арганізацыі юных ратавальнікаў-пажарных у сваіх краінах. У вольны час удзельнікі змаглі пазнаёміцца з Азербай­джанам падчас экскурсій.

Па выніках спаборніцтваў каманда “Ястрабы” заняла 2-е месца. Іх апярэдзілі толькі гаспадары мерапрыемства — каманда Азербайджана. У мінулым годзе беларусы выступілі з такім жа вынікам на злёце.

Дар’я РЭВА.
Фота з архіва клуба “Ястрабы”.