×

З павагай да ветэранаў педагагічнай працы

12.01.2020 12:16,

Адзін з найважнейшых кірункаў дзейнасці прафсаюзнага камітэта Даматканавіцкай сярэдняй школы Клецкага раёна Мінскай вобласці — гэта клопат пра ветэранаў педагагічнай працы. Да ветэранаў працы мы адносім не толькі тых, хто мае адпаведнае афіцыйнае званне, але і ўсіх, хто дасягнуў пенсіённага ўзросту, і ў першую чаргу тых пажылых людзей, якія спынілі працоўную дзейнасць у школе.

Гісторыя школы пачынаецца з далёкага 1885 года. За гэтыя гады змянілася не адно пакаленне педагогаў. Многіх з іх ужо няма ў жывых, але засталіся самыя цёплыя ўспаміны. У школе маецца банк даных аб ветэранах педагагічнай працы, а іх у нас нямала — 37 чалавек.

Раней ці пазней, але кожны работнік з-за сталага ўзросту або па стане здароўя вымушаны пакінуць працу і сысці на заслужаны адпачынак. Змена звыклага рытму і ладу жыцця часта стварае стрэсавую сітуацыю, адчуванне непатрэбнасці, закінутасці, адзіноты. І ў гэты перыяд вельмі важна аказаць ветэрану ўвагу, клопат. Гэтая праца не абмяжоўваецца толькі ўшаноўваннем у Дзень пажылога чалавека, Дзень настаўніка. Важна, каб былы работнік школы па-ранейшаму адчуваў сябе часткай калектыву, адчуваў сваю значнасць і патрэбнасць.

Для паспяховай рэалізацыі ўсіх мерапрыемстваў прафкам школы сумесна з адміністрацыяй ставіць шэраг задач:
• аказанне дапамогі ў сацыяльнай адаптацыі пажылым людзям, пасля выхаду на пенсію;
• забеспячэнне пераемнасці пакаленняў праз прыцягненне ветэранаў працы да духоўна-маральнага выхавання школьнікаў;
• фарміраванне ў школьнікаў паважлівага стаўлення да прадстаўнікоў сталага ўзросту.

Немагчыма выхаваць дабрыню, спагаду, суперажыванне, шчырасць толькі на словах ці на прыкладах іншых. Дабрачынная дзейнасць важная не толькі для тых, каму дапамагаюць, але і для тых, хто дапамагае.

Таму не застаюцца па-за ўвагай паважаныя ветэраны педагагічнай працы, ветэраны Вялікай Айчыннай. У школе часта праводзяцца сустрэчы, класныя гадзіны з удзелам ветэранаў, віншаванні, святочныя канцэрты з уручэннем памятных падарункаў. У школьнай алеі педагагічнай славы створаны куток, які захоўвае старонкі жыцця настаўнікаў, якія працавалі ў нашай школе. У раённай газеце “Да новых перамог” друкуюцца артыкулы пра педагогаў нашай школы. Члены прафсаюзнага камітэта школы, як і многія педагогі школы, часта бываюць у сем’ях ветэранаў, цікавяцца іх жыллёвымі і бытавымі ўмовамі пражывання, самаадчуваннем і настроем, у неабходных выпадках аказваецца маральная і матэрыяльная падтрымка тым, хто мае ў гэтым патрэбу. Пастаянна віншуюць са святамі і днямі нараджэння, запрашаюць у школу на ўрачыстасці. Былыя калегі і навучэнцы разумеюць, што поспехі нашай школы сталі магчымыя дзякуючы той аснове, якую ў свой час заклалі нашы ветэраны педагагічнай працы.

Сустрэча з ветэранамі — гэта яшчэ і прафарыентацыйная работа. Ветэраны працы нашай школы прыходзяць на класныя гадзіны, дзеляцца з навучэнцамі ведамі і вопытам. Стала добрай традыцыяй запрашаць нашых ветэранаў на значныя падзеі ў школьным жыцці, такія як Дзень ведаў, апошні званок, вечары сустрэч.

Выпускнікі рыхтуюць імянныя запрашэнні, адміністрацыя і прафкам школы сумесна з навучэнцамі рыхтуюць букеты для кожнага ветэрана 1 верасня і 9 Мая, дырэктар школы на ўрачыстай лінейцы выказвае словы падзякі ветэранам працы, а прафкам частуе кубкам чаю. Павольна вядуцца размовы за сталом, успамінаюцца школьныя гады, настаўнікі і вучні, але галоўнае ў тым, што нашы ветэраны не забытыя, павага да іх працоўнай дзейнасці, да ўзросту прышчапляецца маладому пакаленню. Закладзена добрая традыцыя для выпускнікоў школы — развітваючыся са школай, развітвацца з ветэранамі. Правядзенне такіх мерапрыемстваў дарагога каштуе. У такія моманты ветэраны зараджаюцца жыццёвай энергіяй, успамінаюць, што хоць яны і на заслужаным адпачынку, але ўсё ж такі вопыт спатрэбіцца яшчэ не аднаму пакаленню. Жыццё становіцца прыгажэйшым.

Прафкам клапоціцца аб ушанаванні ветэранаў, якія сыходзяць на заслужаны адпачынак. Пад кіраўніцтвам прафкама калектыў школы рыхтуе ўрачыстае мерапрыемства — прадстаўленне да ўзнагароджання, памятную прэзентацыю, падарунак, чаяванне.

“Клопат і ўвага тым, хто прысвяціў сваё жыццё падрастаючаму пакаленню” — пад такім лозунгам працуе ўвесь наш калектыў.

Ірына САЛАТА, 
старшыня ППА.