×

За дарогі без аварый

13.04.2019 11:29,

Алімпіяда па правілах дарожнага руху штогод праводзіцца на Міншчыне. І не страчвае сваёй актуальнасці, таму што ўзбагачае ўдзельнікаў жыццёва важнымі ведамі. Сёлета мерапрыемства адбылося 14-ы раз.

Навучэнцы ўстаноў адукацыі Мінскай вобласці за права звацца лепшымі знаўцамі ПДР змагаліся ў сярэдняй школе № 3 Стоўбцаў. Кожны раён Міншчыны і горад Жодзіна прадстаўляла каманда з трох удзельнікаў — па адным вучню 5, 6 і 7 класа. Гэтыя каманды папярэдне сталі пераможцамі алімпіяды ў сваіх установах і раёнах.

Алімпіяда прадугледжвала некалькі этапаў. Спачатку ўдзельнікі індывідуальна рашалі білеты па ПДР, кожны з іх змяшчаў 10 пытанняў, на рашэнне якіх давалася 15 хвілін. Другі іспыт быў камандным. Дзецям прапаноўваліся сітуацыйныя дарожныя задачы, якія трэба было рашыць. Задачы распрацаваны ў фармаце 3D, дзеянне ў іх адбываецца на рэальна існуючых вуліцах беларускіх гарадоў. Яшчэ адно алімпіяднае заданне прапаноўвала праявіць не толькі веданне правіл, але і крэатыўнасць. Гэта творчы конкурс “Дзеці Мінскай вобласці — за дарогі без аварый!”, для якога каманды распрацавалі і прадставілі на суд журы аўтарскія тэматычныя лістоўкі.

Пакуль журы падлічвала балы, удзель¬нікі алімпіяды наведалі тэматычныя пляцоўкі, дзе ўзялі ўдзел у майстар-класах, квестах, забаўляльных конкурсах. Усе яны, зразумела, былі прысвечаны тэме правіл дарожнага руху.

Лідары алімпіяды вызначаліся ў асабістым і камандным заліку. Лепшымі знаўцамі ПДР прызнаны два прадстаўнікі Барысаўскага раёна — пяцікласнік Арсеній Барткевіч і сямікласнік Данііл Сібірцаў, а таксама Уладзіслаў Макоўскі з Салігорскага раёна, які вучыцца ў 6 класе. Хлопцы сваімі перамогамі зрабілі ўклад і ў дасягненні сваіх каманд. 1-е месца на алімпіядзе заняла каманда Салігорскага раёна, 2-е — Барысаўскага, 3-е — прадстаўнікі Нясвіжчыны.

Дар'я РЭВА.
Фота прадастаўлена галоўным упраўленнем па адукацыі Мінаблвыканкама.