×

За кулісамі дзяцінства

08.06.2019 15:05,

На Любаншчыне штогод праводзіцца раённы тэатральны фестываль. На сцэну выходзяць артысты, якія з першых хвілін зачароўваюць гледачоў сваім талентам, майстэрствам пераўвасаблення, уменнем перадаваць эмоцыі. Між тым кожнаму з гэтых артыстаў менш за 7 гадоў, таму што ў фестывалі “За кулісамі дзяцінства” бяруць удзел дзеці дашкольнага ўзросту.

Сёлета фестываль адзначае свой першы юбілей. Мерапрыемства прайшло пяты раз. За гэтыя гады яно стала традыцыйным і адным з самых любімых у бацькоў, педагогаў і дзяцей.

— На фестывалі відаць вынікі работы педагогаў па мастацка-эстэтычным развіцці дзяцей у тэатралізаванай дзейнасці. Педагогі дэманструюць высокі прафесіяналізм, розныя грані творчасці, — дзеліцца меркаваннем Алена Віктараўна Кандраценя, галоўны спецыяліст упраўлення па адукацыі, спорту і турызму Любанскага райвыканкама. —  Удзел у мерапрыемстве карысны і дзецям, бо дазваляе ім зрабіць вялікі крок у эмацыянальным і творчым развіцці. Яны становяцца больш сабранымі, адказнымі, вучацца высту­паць перад публікай.

А яшчэ гэта кожны раз свята роднай мовы, бо фестываль і ўсе пастаноўкі праводзяцца толькі па-беларуску.

Фестываль ладзіўся ў тры этапы. Спачатку мерапрыемствы прайшлі ва ўстановах адукацыі, потым лепшыя 17 сцэнарыяў і відэазапісы спектакляў былі прадстаўлены на суд раённага журы. З іх яно выбрала 7 пастановак, якія былі паказаны ў фінале фестывалю на сцэне ў Любанскай дзіцячай школе мастацтваў.

Удзельнікі фестывалю прадставілі гледачам казкі “Пшанічны каласок”, “Мёд і пчолы”, “Каза-манюка”, “Мама для маманцяняці”, “Як варона салаўём прыкінулася”, “Зайчаня” і “Святлафор”.  Як у сапраўдным тэатры, былі падрыхтаваны касцюмы, дэкарацыі, музыка. Але больш за ўсё захапілі гледачоў дзеці. Юныя артысты былі шчырымі і натхнёнымі, з лёгкасцю ўвасаблялі на сцэне розных ге­рояў. Яны прымусілі прысутных у зале плакаць і смяяцца, радавацца і смуткаваць — адным словам, адчуваць цэлы спектр эмоцый.

Па выніках фестывалю ўдзельнікі атрымалі ўзнагароды. У намінацыі “Лепшая тэатральная трупа” дыпломы І, ІІ і ІІІ ступені атрымалі адпаведна выхаванцы ясляў-сада №№ 6, 5 і 3 Любані. Выхаванцы Сароцкага ясляў-сада ўзнагароджаны ў намінацыі “Лепшы мастацкі дызайн”. Лепшая рэжысёрская пастаноўка, на думку журы, — гэта выступленне хлопчыкаў і дзяўчынак з ясляў-сада № 4 Любані. Выхаванцы Урэцкага ясляў-сада атрымалі прыз глядацкіх сімпатый. Прыз журы дастаўся Малагара­дзяціцкаму дзіцячаму саду — сярэдняй школе, а яго выхаванка Соф’я Юдзіцкая адзначана за лепшую акцёрскую ролю.

Фестываль “За кулісамі дзяцінства” парадаваў усіх: дзяцей, якія  атрымлівалі асалоду, дорачы сваю творчасць гледачам; бацькоў, якія былі шчаслівымі бачыць сваіх цудоўных, таленавітых дзетак; педагогаў, якія ганарацца поспехамі і дасягненнямі выхаванцаў. І ўсе разам яны пажадалі гэтаму цудоўнаму тэатральнаму святу адзначыць яшчэ не адзін юбілей.

Дар’я РЭВА.
Фота Уладзіміра ЕЎДАКІМАВА.