×

Запускаем машыну часу

09.01.2020 12:29,

Мы жывём у эпоху глабальнай інфарматызацыі. Гэта акалічнасць дазваляе звычайнаму чалавеку, не выходзячы за дзверы сваёй кватэры, наведаць знакамітыя музеі Мінска, Санкт-Пецярбурга, Парыжа, Лондана. У гэтым як вялікі плюс, так і вялікі мінус віртуальнага падарожжа. Вучням Краснаслабодскай сярэдняй школы Салігорскага раёна дадзена магчымасць здзейсніць не віртуальнае, а рэальнае падарожжа па малой радзіме.

Кожны куток Беларусі мае сваю адметную гісторыю. Не выключэнне і гарадскі пасёлак Красная Слабада. Кіраўнік школьнага гістарычнага музея “Спадчына” настаўнік гісторыі Сяргей Уладзіміравіч Чыбрыкаў распрацаваў экскурсіі па нашым населеным пункце, як правіла, яны аўтобусныя і адбываюцца ў шосты дзень.

Сам гарадскі пасёлак знаходзіцца на захадзе раёна і з’яўляецца трэцім па памерах і колькасці жыхароў населеным пунктам Салігоршчыны. Цяпер тут жыве каля 4 тысяч жыхароў. Не так даўно стала вядома, дзякуючы намаганням Сяргея Уладзіміравіча дата першага згадвання Краснай Слабады ў пісьмовых гістарычных крыніцах — 1543 год. У мінулым наш пасёлак называўся Вызна, а сваю сучасную назву атрымаў у 1923 годзе. За доўгія гады існавання Красная Слабада была і валасным цэнтрам Слуцкага павета, і нават раённым цэнтрам. Цяпер гэта цэнтр сельскага Савета з насельніцтвам каля 6 тысяч чалавек.

Машына часу запускаецца на ўсходняй ускраіне гарадскога пасёлка каля вёскі Папоўцы, на месцы, дзе доўгі час размяшчаўся Петрапаўлаўскі мужчынскі манастыр і дзве царквы — Петрапаўлаўская і Раства Прасвятой Багародзіцы. Падарожжа па пасёлку прадугледжвае наведванне царквы Святога Георгія Магілёўскага, якая дзейнічае з 1994 года. Летам 2019 года пачаліся работы па будаўніцтве новай вялікай царквы, якая ў хуткім часе стане яшчэ адным упрыгожваннем нашага пасёлка.

Шмат мясцін у Краснай Слабадзе нагадваюць пра падзеі Вялікай Айчыннай вайны. Экскурсія прадугледжвае наведанне месца масавага знішчэння мірных жыхароў пасёлка нямецка-фашысцкімі захопнікамі восенню 1941 года (усяго загінула 882 чалавекі). У цэнтры Краснай Слабады, на плошчы Леніна, у 1966 годзе быў узведзены Помнік землякам (мясцовая назва — Курган Славы) як памяць пра краснаслабодцаў, якія загінулі ў гады вайны на фронце і ў партызанскай барацьбе. Побач з будынкам сярэдняй школы знаходзяцца брацкія пахаванні савецкіх воінаў і партызан. На заходняй ускраіне пасёлка знаходзяцца аб’екты абарончай сістэмы, якая атрымала назву “Лінія Сталіна”.

Не застаюцца па-за ўвагай і буйныя прадпрыемствы Краснай Слабады. Гэта ААТ “Салігорскі райаграсервіс”, ААТ “Рыбгас Красная Слабада”, ПМК-9 ААТ “Салігорскводбуд”. На працягу экскурсіі прадугледжаны прыпынак каля мемарыяльных знака і дошкі ў памяць пра былога начальніка ПМК-9 Лявонція Дзмітрыевіча Вірыча. За вялікі ўклад у развіццё Салігорскага раёна яму было прысуджана званне ганаровага грамадзяніна Салігорска і Салігорскага раёна. У 2012 годзе новая вуліца ў Краснай Слабадзе была названа імем Вірыча.

Традыцыйным месцам яшчэ аднаго прыпынку стала крынічка. З даўніх часоў дае яна людзям сваю чыстую ваду. У 2016 годзе тэрыторыя крынічкі была добраўпарадкавана і побач пабудавана праваслаўная купель. Гэтыя змены сталі магчымымі дзякуючы намаганням ПМК-9. Экскурсійная паездка пачынаецца і заканчваецца каля будынка Краснаслабодскай сярэдняй школы, якая вядзе сваю гісторыю з 1863 года. Але машына часу не спыняе свайго руху, гісторыя працягваецца.

Вольга ДУНЧЫК,
настаўніца беларускай мовы і літаратуры Краснаслабодскай сярэдняй школы Салi
горскага раёна.