×

Згуляць у міні-гольф у Нясвіжы

30.09.2019 14:17,

Поле для гульні ў міні-гольф з’явілася ў Нясвіжскім дзяржаўным каледжы імя Якуба Коласа. Займацца гэтым відам спорту змогуць навучэнцы каледжа, гараджане, а ў перспектыве і турысты.

У каледжы зацікавіліся гольфам яшчэ пяць гадоў назад — тады ва ўстанове з’явіліся некалькі дарожак, прызначаных для гульні ў міні-гольф у памяшканнях. Упадабалі гульню і навучэнцы, і педагогі. Педагог каледжа Юрый Валянцінавіч Зізіка ўдзель­нічаў у распрацоўцы праекта праграмы па навучанні школьнікаў гульні ў міні-гольф. Таму ідэя стварыць на базе каледжа поле была ўспрынята з радасцю. А прапанаваў ідэю старшыня Беларускай асацыяцыі гольфа У.Н.Дражын. Уладзімір Несцеравіч доўгі час узна­чальваў Нясвіжскі раён і зараз падтрымлівае з ім сувязі.

Больш за год вяліся работы па стварэнні спартыўнай пляцоўкі. Да работы далучыліся многія арганізацыі горада. Важкі ўклад зрабіў Нясвіжскі раённы выканаўчы камітэт, гараджане падтрымлівалі ініцыятыву, выходзячы на суботнікі. І вось чырвоную стужку перад уваходам на гольф-поле пераразаюць намеснік старшыні Нясвіжскага раённага выканаўчага камітэта А.М.Балцянкоў, старшыня Беларускай асацыяцыі гольфа У.Н.Дражын і дырэктар каледжа А.В.Жураўлёва.

На полі, засеяным роўным газонам, абсталяваны 18 дарожак, каледж атрымаў 80 клюшак і 200 мячоў для гульні ў міні-гольф.

Падчас адкрыцця поля на ім адбыліся і першыя спаборніцтвы — у таварыскім турніры ўзялі ўдзел каманды школ Слуцка, Мінскага абласнога кадэцкага вучылішча, Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка, маладзёжная каманда Мінска. Гаспадары мерапрыемства — каманда Нясвіжскага дзяржаўнага каледжа — перамаглі ў турніры, пацвердзіўшы, што міні-гольфам у Нясвіжы па-сапраўднаму захапіліся.

Ужо зараз у каледжы арганізаваны факультатыўныя заняткі па міні-гольфе для ўсіх груп навучэнцаў, таксама працуе спартыўная секцыя па міні-гольфе. У планах — праводзіць спаборніцтвы, ладзіць навучанне гэтаму віду спорту для ўсіх жадаючых, а таксама прапаноўваць гульню шматлікім турыстам, якія наведваюць Нясвіжскі край.

Дар'я РЭВА.
Фота Святланы ЯКІМЕНКА.