×

Зімовыя забавы

30.01.2019 16:47,

У сярэдняй школе № 1 Фаніпаля Дзяржынскага раёна адбылося аздараўленча-спартыўнае свята “Зімовыя забавы” з мэтай прапаганды актыўнага адпачынку, умацавання здароўя дзяцей, задавальнення іх патрэбы ў рухальнай актыўнасці. Надвор’е як нельга лепш спрыяла выдатнаму настрою: лёгкі марозік, мяккі пухнаты снег і іскрыстыя празрыстыя сняжынкі…

Вучняў сабралася шмат, некаторыя прыйшлі з бацькамі, бабулямі і дзядулямі, сябрамі. Радуе, што здаровы лад жыцця набывае папулярнасць не толькі сярод моладзі, але і старэйшага пакалення. У 10 раніцы пачаўся лыжны крос старэйшага звяна навучэнцаў. Настаўнікі фізічнай культуры і здароўя Таццяна Антонаўна Мезіна і Кацярына Алегаўна Кучук праходзілі крос разам з юнымі лыжнікамі. Да лыжнага марафону далучыліся і класныя кіраўнікі. На фінішы самых хуткіх і ўмелых чакалі прызы і дыпломы.

Сямікласнікі і васьмікласнікі ўдзельнічалі ў турніры па зімовым футболе з клюшкамі. Усе акунуліся ў атмасферу рызыкі і сапраўднай весялосці! А малодшыя школьнікі сталі ўдзельнікамі гонак на цюбінгах. Мокрыя ад снегу, з румянымі шчокамі, захопленыя… Здаецца, гэтым цудоўным зімовым днём яны былі самыя шчаслівыя. Пасля ўсіх зімовых забаў вучняў чакаў гарачы чай з плюшкамі ва ўтульным школьным кафэ.

Хочацца, каб у нашай школе і ў кожнай сям’і паняцце “дзеці і спорт” стала непарыўным цэлым, карыснай звычкай, якая прыносіць здароўе, радасць і задавальненне! Усміхайцеся, працуйце, весяліцеся! Моцным здароўем ганарыцеся!

Анастасія ЧУЕЎСКАЯ,
удзельніца спартыўнага свята, вучаніца 10 “А” класа.