×

Знаўцы рускай мовы

28.09.2019 14:20,

Навучэнцы ўстаноў адукацыі Міншчыны паспяхова ўзялі ўдзел у III Міжнародным фестывалі рускай мовы. Вучні з Нясвіжа і Маладзечна сталі фіналістамі і атрымалі ўзнагароды фестывалю.


Навучэнцы Сноўскай сярэдняй школы — удзельнікі фестывалю. 

Штогадовы міжнародны фестываль прадугледжвае завочны і вочны этапы. Сёлета ўдзел у мерапрыемстве ўзялі 500 школьнікаў з 25 краін свету, якія вывучаюць рускую мову як замежную або як другую родную. Беларусы спаборнічалі са сваімі аднагодкамі з Аўстраліі, Балгарыі, Даніі, Італіі, ЗША, Латвіі, Македоніі і іншых краін. Па выніках завочнага этапу фіналістамі сталі 150 юнакоў і дзяўчат. Сярод іх і навучэнцы Сноўскай сярэдняй школы Нясвіжскага раёна і сярэдняй школы № 9 Маладзечна: Данііл Бейня, Сабіна Маскаленка, Даніла Савянкоў, Уладзіслаў Мухін, Лізавета Вяль, Дар’я і Арцём Хасаншыны, Таццяна Капцюх, Надзея Мароз.

У намінацыі “Тэатральная творчасць і мастацкае слова” дыпломам I ступені ўзнагароджаны навучэнцы Сноўскай сярэдняй школы Уладзіслаў Прымака, Віталіна Віннік, Яраслава Ліпніцкая, Валерыя Андрухавец, Ганна Ломша.

У намінацыі “Знаўцы рускай мовы” дыпломам II ступені адзначана вучаніца сярэдняй школы № 9 Маладзечна Ганна Шайко.

Удзельнікаў фестывалю падрыхтавалі педагогі Сноўскай сярэдняй школы Іна Рычардаўна Віннік і Аляксей Аляксандравіч Дунчанка, настаўніца сярэдняй школы № 9 Маладзечна Інеса Львоўна Верамей. 

Дар'я РЭВА.
Фота з уласнага архіва ўдзельнікаў фестывалю.