×

Знаёмства з цудамі Японіі

13.04.2019 11:40,

Беларусь і Японія — краіны з вельмі рознымі культурнымі традыцыямі, побытам і светаўспрыманнем. Аднак вопыт японцаў у розных сферах жыцця можа быць цікавым і карысным нам, беларусам. Педагогаў, якія цікавяцца гэтым вопытам, аб’яднаў абласны семінар “Фарміраванне духоўных і маральных якасцей вучнёўскай моладзі ў Беларусі і Японіі”, які прайшоў у Жодзіне.

Асаблівую атмасферу на мерапрыемстве стваралі танцы пад гукі японскіх барабанаў, выступленні аматараў баявых мастацтваў Японіі, выстава жывапісу, прысвечаная Краіне ўзыходзячага сонца, майстар-класы па вырабе японскіх чароўных шароў кусудама і сувеніраў манэкі-нэка.

Аб падабенстве і адрозненнях у падыходах да фарміравання духоўных і маральных якасцей навучэнцаў Японіі расказалі прысутным метадыст Мінскага абласнога ІРА Наталля Іванаўна Обухава і настаўніца англійскай мовы Жодзін­скай жаночай гімназіі Алена Валер’еўна Зуховіч. Аб дзейнасці інфацэнтра японскай культуры ў Мінску расказала яго кіраўнік Масако Тацумі.

На Міншчыне вядзецца работа па стварэнні абласнога цэнтра беларуска-японскага супрацоўніцтва — ён размяшчаецца на базе Пярэжырскай сярэдняй школы імя А.Е.Гурыновіча. Педагог школы Наталля Аляксееўна Аўсянік расказала калегам, што ў гэтай рабоце ім дапамагае Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Рэспублікі Беларусь у Японіі Руслан Алегавіч Есін, які з’яўляецца сябрам школы. Сёння ў школьным музеі дзейнічае экспазіцыя, прысвечаная Японіі, рыхтуюцца да адкрыцця яшчэ дзве. Пярэжырскія школьнікі ўсталёўваюць кантакты з японскімі равеснікамі — для іх камунікацыі створана закрытая група ў сацыяльных сетках. Работа па ўзмацненні ўзаемадзеяння з Краінай узыходзячага сонца будзе прадоўжана.

Дар’я РЭВА.
Фота Яўгена ПЯСЕЦКАГА.