×

Зробім дарогу бяспечнай!

19.02.2019 15:51,

У студзені 2019 года на дарогах нашай краіны адбылося 115 дарожна-транспартных здарэнняў з удзелам уразлівых удзельнікаў дарожнага руху (пешаходы, веласіпедысты, вознікі), у якіх 17 чалавек загінулі і 102 атрымалі раненні. З 15 да 24 лютага 2019 года Дзяржаўтаінспекцыя праводзіць рэспубліканскую прафілактычную акцыю “Зробім дарогу бяспечнай!”, накіраваную на папераджэнне дарожна-транспартнага траўматызму ўдзельнікаў дарожнага руху.

Парушэнне правілаў дарожнага руху пешаходамі — адна з сур’ёзных праблем сучаснага грамадства. Амаль 50% ад агульнай колькасці ДТЗ з удзелам пешаходаў адбываецца па віне саміх пешаходаў. Адважваючыся парушыць правілы, не задумваючыся аб наступствах, чалавек добраахвотна падвяргае жыццё небяспецы. Што гэта — прага небяспекі або няўменне цаніць жыццё? Адказ на гэтае пытанне просты: у кожнага чалавека, які так робіць, сфарміраваліся ўстаноўкі: “міне” і “са мной дрэннага не здарыцца”. Так, відаць, думалі і тыя, хто атрымаў траўмы сёлета на дарогах нашай краіны. Які прыклад дае падрастаючаму пакаленню дарослы, лавіруючы праз шчыльны паток аўтамабіляў на праезнай частцы? Здзіўленне выклікаюць і бацькі, якія бягуць праз дарогу і цягнуць за руку дзіця, пры гэтым пешаходны пераход знаходзіцца ў межах бачнасці.

Калі гаварыць пра дзяцей, то іх няправільныя паводзіны на дарогах часта абумоўлены жаданнем павысіць ступень самастойнасці, гэта спроба даказаць, што яны ўжо дарослыя. Але калі ў дзіцяці фарміруецца такое ўспрыманне даросласці, то мы, дарослыя, далі ім зразумець, што гэта так. А кожнае дзіця, у якога з ранняга ўзросту сфарміруецца паняцце, што правілы можна парушаць і гэта ні да чаго дрэннага не прывядзе, можа быць патэнцыяльным вадзіцелем, які не пабаіцца сесці за руль у стане алкагольнага ап’янення і парушыць іншыя правілы дарожнага руху.

Настасся РАДЗЬКО,
старшы інспектар па агітацыі і прапагандзе 
АДАІ Цэнтральнага РУУС Мінска.