×

Ад вайны — да культуры міру

14.12.2019 11:14,

Тры гады назад у сістэме адукацыі Рэспублікі Беларусь з’явіліся новыя, мала каму вядомыя, паняцці “медыяцыя”, “вобраз медыятара-прымірыцеля”. Адміністрацыі і работнікам сацыяльна-педагагічнай і псіхалагічнай службы нашай установы адукацыі новы кірунак у выхаваўчай дзейнасці падаўся актуальным і цікавым. Так сярэдняя школа № 131 Мінска стала ўдзельніцай гарадскога праекта “Вучымся разумець адно аднаго”.

У рамках гэтага праекта вучні старшых класаў і педагогі нашай школы прайшлі навучанне ў Цэнтры медыяцыі і права грамадскага аб’яднання “Беларускі саюз юрыстаў” і атрымалі адпаведныя сертыфікаты.

У 2016/2017 навучальным годзе ў нашай установе была створана школьная служба прымірэння. Яе мэта — развіццё практыкі міратворчасці, прапаганда каштоўнасцей канструктыўных паводзін у канфліктных і спрэчных сітуацыях, фарміраванне культуры ненасілля і здольнасці да ўзаемаразумення паміж суб’ектамі адукацыйнага працэсу, павышэнне камунікатыўнай і прававой культуры і канфлікталагічнай кампетэнтнасці (медыятыўнай).

У гэтым навучальным годзе медыятары-прымірыцелі нашай школы з ліку вучняў 8—11 класаў прапанавалі правесці раённае мерапрыемства ў шосты школьны дзень “Дзень без канфліктаў”, прымеркаванае да Міжнароднага дня міру. Гэтая дата адзначаецца штогод увосень як дзень усеагульнага спынення агню і адмаўлення ад насілля. У гэты дзень ААН заклікае ўсе краіны спыніць ваенныя дзеянні хаця б на 24 гадзіны. Мэта гэтага дня — прымусіць людзей не толькі задумацца аб міры, але і зрабіць што-небудзь дзеля яго. Нашым школьным міратворцам, або медыятарам — прымірыцелям, гэта ўдалося: на базе сярэдняй школы № 131 Мінска ў рамках шостага школьнага дня адбылося раённае міратворчае мерапрыем­ства “Дзень без канфліктаў”.

На мерапрыемства былі запрошаны вучні, бацькі і педагогі школ Заводскага раёна. У падрыхтоўцы і правядзенні “Дня без канфліктаў” удзельнічала ўся каманда юных медыятараў-прымірыцеляў школы.

Як жа прайшоў дзень міру ў нашай установе?

Уступнае слова вядучага настроіла ўсіх на сур’ёзнасць мерапрыемства. Выступленне суправаджалася прэзентацыяй, дзе падрабязна было расказана аб гісторыі свята, пра тое, чым важны і запамінальны гэты дзень для ўсіх нас. Аб пачатку мерапрыемства абвясціў звон міру: усе прысутныя ўсталі, выказаўшы такім чынам сваё жаданне жыць у спакоі, міры, любові і згодзе.

Юныя медыятары правялі для вучняў 1—4 класаў і іх бацькоў конкурс малюнкаў “Мы малюем гэты СВЕТ”, падчас якога кожнае дзіця праявіла сваю крэатыўнасць і ўклала часцінку дабрыні ў сваю работу.

Для гасцей з іншых школ юныя медыятары распрацавалі і правялі квест-гульню “Мы — за мір”, дзе вучні, атрымаўшы маршрутныя лісты, рухаліся па станцыях “Ад вайны — да культуры міру”, “Дружны DANCE”, “Вясёлы мяч”, “Міратворцы”, “Мазгавы штурм”. Важнай падзеяй для гасцей школы стала аглядная экскурсія па музеі баявой славы.

З вучнямі сярэдняга звяна (5—7 класы) юныя медыятары пры дапамозе педагогаў правялі інтэрактыўную групавую гульню “Я+ТЫ+МЫ!” па фарміраванні культуры бесканфліктных зносін і работы ў камандзе. Пасля заканчэння гульні медыятары расказалі гісторыю ўзнікнення Японскага жураўліка Садака Сасакі, правялі майстар-клас для ўсіх удзельнікаў мерапрыемства па вырабе жураўліка міру.

Завяршылася мерапрыемства цудоўнай канцэртнай праграмай, якую падрыхтавалі юныя медыятары. У выкананні вучняў нашай школы прагучалі добрыя песні пра шчаслівае дзяцінства, дружбу, дабро, Радзіму. Яркай падзеяй святочнага канцэрта стала выкананне гімна медыятараў “Дарогаю дабра” і песні “Сонечны круг”, дзе нашы вучні паказалі сілу школьнага адзінства.

Кульмінацыяй самага мірнага дня стала “ажыўленне” дрэва міру, якое ўдзельнікі мерапрыемства з 1 па 11 клас упрыгожвалі рознакаляровымі жураўлікамі, зробленымі сваімі рукамі, са словамі, што для іх азначае мір.

Міжнародны дзень міру — гэта напамін людзям усяго свету аб прымірэнні, узаемадапамозе, аб захаванні правоў чалавека і свабодзе выбару. Спа­дзяёмся, што правядзенне “Дня без канфліктаў” стане добрай традыцыяй не толькі для нашай школы, але і для ўсіх школ нашай краіны.

Людміла ЛЕМЕШАВА,
намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце;
Ірына БУЧКО,
педагог-псіхолаг, куратар школьнай службы прымірэння сярэдняй школы № 131 Мінска.