×

Білет у храм памяці

11.02.2020 14:29,

Няўмольна бяжыць час. З кожным годам мы аддаляемся ад падзей Вялікай Айчыннай вайны. Менш застаецца сведак тых страшных дзён, абмяжоўваюцца магчымасці даведацца пра подзвіг нашых землякоў з першых вуснаў. І толькі памяць — праз архівы, кнігі, кінастужкі — дае магчымасць захаваць успаміны сведак вайны ў нашых неабыякавых, дапытлівых, шчырых сэрцах.

Жыве памяць аб Вялікай Перамозе ў Беларускім дзяржаўным музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. Менавіта тут маладыя людзі могуць адчуць сябе ўдзячнымі нашчадкамі пераможцаў, паглыбіцца ў падзеі ваеннага ліхалецця, адчуць кошт перамогі. Такія радкі напісала ў водгуках пасля наведвання музея вучаніца 11 “А” класа нашай школы Кацярына Бельчына: “Наша школа носіць імя знакамітага савецкага лётчыка М.Ф.Гастэлы. Тэма вайны хвалюючая і жывая ў кожнай сям’і. Мой прадзядуля Адам Рыгоравіч Бельчын з братам Ула­дзімірам адважна набліжаў Перамогу, да якой, на жаль, не дажыў. За мужнасць і адвагу пасмяротна быў узнагароджаны ордэнам Айчыннай вайны ІІ ступені. Дзякуй музею за тое, што аб’ядноўвае беларусаў у адну вялікую сям’ю патрыётаў сваёй Айчыны”.

З пачатку гэтага навучальнага года мінская школа № 21 імя М.Ф.Гастэлы, у якой я працую, разам з яшчэ дзевяццю сталічнымі ўстановамі сярэдняй адукацыі актыўна ўключылася ў праект “Мы — помнім, мы — ганарымся!”, ініцыіраваны Беларускім дзяржаўным музеем гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. Гэты сумесны праект музея і школ Мінска прысвечаны 75-й гадавіне перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне.

“Толькі аб’яднаўшы намаганні педагогаў устаноў адукацыі з магчымасцямі музея і дзейнасцю яго супрацоўнікаў, — канстатуе дырэктар нашай школы Міхаіл Міхайлавіч Савіцкі, — мы разам зможам зрабіць добрую справу на карысць нашай моладзі: дапаможам зразумець не толькі душу музейных прадметаў, якія сталі нямымі сведкамі бітваў, гераізму салдат, трагедый мірных жыхароў, а і як зберагчы сёння мір, здабыты цаной жыццяў, каб не страціць сваё імя на карце свету ў будучыні”.

“Пры наведванні музея абавязкова раю браць экскурсавода, — піша Антон Губанькоў з 11 “А” класа 21-й школы Мінска пасля наведвання музея. — Гэта дапаможа больш паглыбіцца ў атмасферу месца і глыбей зразумець рэаліі вайны. Зала № 2 “Дарога вайны”. Тут размясцілася ўся ваенная тэхніка, што кранае маштабамі і трагічнасцю яе выкарыстання. Музей змог удала сумясціць навізну і даўніну. Амаль ва ўсіх залах стаяць манекены, адлюстроўваючы побыт і падзеі сярэдзіны мінулага стагоддзя, разам з тым музей цалкам абсталяваны сучаснымі інфармацыйнымі сродкамі”. Антон раіць пабываць усім, незалежна ад полу, нацыянальнасці або ўзросту, у месцы, дзе жыве моц беларускага народа, яго мудрасць.

У рамках праекта “Мы — помнім, мы — ганарымся!” навучэнцы могуць выбраць у зручны час не толькі аглядную экскурсію экспазіцыі, а і патрэбную, у адпаведнасці з праграмай па вывучэнні гісторыі, тэматычную экскурсію (“Акупацыйны рэжым”, “Абарончыя баі на тэрыторыі Беларусі” і інш.) або выбраць часовую выставу.

Нашы 11-класнікі ахвотна прынялі ўдзел у знакавай для музея падзеі — адкрыцці выставы, прысвечанай непараўнанаму пісьменніку Васілю Быкаву, які ўдзельнічаў у вайне і праўдзіва пісаў пра яе. Якраз па праграме вучні працавалі над чарнавым варыянтам кантрольнага сачынення па быкаўскіх творах, таму мерапрыемства для іх было актуальным і, зразумела, карысным. Інтэрактыўную імпрэзу “Партызанскі Новы год” наведалі вучні 6—7-х класаў.

Шырокі дыяпазон інфармацыі па гісторыі музея, унікальнасць асобных прадметаў адзначылі нашы старшакласнікі пасля наведвання часовай выставы “Вяртаючы час”, прысвечанай 75-годдзю Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. Прыемна адзначыць, што школьнікі самі ініцыіруюць паходы ў музей, выбіраюць пэўныя тэматычныя экскурсіі, размяшчаюць у сваіх сацыяльных сетках фотаздымкі з пэўнымі хэштэгамі, здымаюць гісторыі, пакідаюць на сайце музея каментарыі.

Мае абагульненні дзейнасці праекта пацвярджае і яго каардынатар Валянціна Мікалаеўна Міраненка, спецыяліст музея па сувязях з грамадскасцю. “Гэта вельмі добра, што сучасная моладзь ідзе ў наш музей. Для мяне асабіста важна, — адзначае Валянціна Мікалаеўна, — што навучэнцы ўбачаць і пачуюць у час экскурсіі, але ж куды важней, з якімі думкамі яны пакінуць музей. І калі гэта стане момантам выбару карыснага правядзення вольнага часу, значыць, мы усе разам робім добрую справу”. А дырэктар Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны Уладзімір Сяргеевіч Варапаеў лічыць, што музей — гэта галоўная пляцоўка патрыятычнага выхавання навучэнцаў з усёй Беларусі, дзе ёсць неабходныя рэсурсы і навуковы патэнцыял, каб уздзейнічаць на светапогляд моладзі.

Выказваю вялікую падзяку за супрацоўніцтва ў праекце кіраўніцтву сярэдніх школ №№ 21, 45, 83, 84, 93, 162, 190, 196, 203, гімназіі № 36 Мінска, педагогам, навучэнцам за іх дапы­тлівасць і павагу да гісторыі нашай дзяржавы.

Галіна СТРАЛЬЧУК,
намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце сярэдняй школы № 21 імя М.Ф.Гастэлы Мінска.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА і з архіва музея.