×

Час стаць прыкметным

18.11.2019 15:52,

Сталічная Дзяржаўтаінспекцыя з 19 па 24 лістапада правядзе маштабную інфармацыйную кампанію пад назвай “Час стаць прыкметным!”.

Прафілактычныя мерапрыемствы, якія праводзяцца ў гэты перыяд, накіраваны на папулярызацыю выкарыстання пешаходамі, веласіпедыстамі, возчыкамі коннага транспарту святлоадбівальных элементаў і жылетаў павышанай бачнасці.

Супрацоўнікі ДАІ адправяцца ў працоўныя калектывы прадпрыемстваў і арганізацый, навучальныя ўстановы горада, каб чарговы раз расказаць аб правілах бяспечных паводзін на дарозе ў цёмны час сутак і ва ўмовах абмежаванай бачнасці, нагадаць аб неабходнасці выкарыстання святлоадбівальных аксесуараў, таксама правядуць розныя прафілактычныя акцыі. Інспектары ДАІ абследуюць аўтамабільныя дарогі на прадмет гатоўнасці да эксплуатацыі ў асенне-зімовы перыяд і эфектыўнасці работы вонкавага асвятлення. Акрамя таго, запланавана правядзенне рэйдавых мерапрыемстваў з удзелам іншых службаў міліцыі грамадскай бяспекі і членаў добраахвотных дружын па адпрацоўцы ў цёмны час сутак нерэгуляваных пешаходных пераходаў, найбольш небяспечных з пункту гледжання рызыкі наездаў на пешаходаў і веласіпедыстаў.

Апошні месяц восені ўжо даўно ў дарожнай міліцыі лічыцца небяспечным, паколькі з’яўляецца самым цёмным у годзе. Менавіта ў гэты час з-за ранняга захаду сонца і мокрага асфальту бачнасць на дарогах пагаршаецца і значна ўзрастае колькасць аварый з удзелам пешых удзельнікаў дарожнага руху. У зоне асаблівай рызыкі — пешаходы, якія грэбуюць святлоадбівальнымі элементамі. Так, з пачатку гэтага года на беларускіх дарогах у цёмны час сутак адбылося 870 ДТЗ, у якіх загінула 202 чалавекі, 833 атрымалі раненні. Ад агульнай колькасці загінулых у ДТЗ у цёмны час сутак 68,3% (138) складаюць уразлівыя ўдзельнікі дарожнага руху (пешаходы, веласіпедысты, возчыкі).

Дарэчы, абавязак выкарыстання пешаходамі святлоадбівальных элементаў у цёмны час сутак замацавана і ў Правілах дарожнага руху. У дачыненні да пешахода, веласіпедыста або возчыка, якія ў цёмны час сутак рухаюцца па праезнай частцы, не пазначыўшы сябе флікерам, прымяняюцца штрафныя санкцыі ў памеры ад адной да трох базавых велічынь ці папярэджанне. У выпадку іх знаходжання на дарозе ў стане алкагольнага ап’янення або ў стане, выкліканым ужываннем наркатычных сродкаў, псіхатропных рэчываў, іх аналагаў, таксічных або іншых адурманьвальных рэчываў, сума штрафу складзе ад трох да пяці базавых велічынь. Калі парушэнне імі ПДР пацягнула стварэнне аварыйнай абстаноўкі, то памер штрафу складзе ад трох да васьмі базавых велічынь.

Таццяна СПАДАБАЕВА,
старшы інспектар па агітацыі і прапагандзе АДАІ Партызанскага РУУС Мінска.