×

Ціхая падзяка

26.12.2019 15:08,

Мінск. Снежаньскі дзень. У сярэдняй школе № 56 збіраюцца ўдзельнікі ліквідацыі наступстваў аварыі на Чарнобыльскай АЭС. Гасцей сустракаюць у беларускіх нацыянальных касцюмах. Ветлівыя твары дзяцей, захопленыя вочы, і, што асабліва кранальна, пасля прывітання чуем “дзякуй”.

З 2018 года па ініцыятыве Мінскай гарадской арганізацыі “Ветэраны Чарнобыля” і пры падтрымцы Міністэрства адукацыі, Дэпартамента па ліквідацыі наступстваў аварыі на Чарнобыльскай АЭС Міністэрства па надзвычайных сітуацыях праводзіцца шэраг маштабных мерапрыемстваў у рамках рэспубліканскага грамадзянска-патрыятычнага праекта “Чарнобыль: падзеі, лёсы, памяць”. Удзел у праекце дае магчымасць навучэнцам сустрэцца з удзельнікамі ліквідацыі, сведкамі падзей таго няпростага часу. У час размовы дзеці разумеюць важнасць працы, якую выконвалі іх пачэсныя госці. Атрыманай інфармацыяй юныя ўдзельнікі рэспубліканскага конкурсу “Чарнобыль — погляд скрозь гады” дзеляцца ў газеце “Пераходны ўзрост”.

Акрамя ліквідатараў, у мерапрыемстве ўдзельнічалі дэпутаты Нацыянальнага сходу, прадстаўнікі Міністэрства абароны, сталічнага ўпраўлення сацыяльнай абароны, праваслаўнай царквы, дыпламант конкурсу “Чарнобыль: падзеі, лёсы, памяць” навучэнка Цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі “Ранак” Мінска Паліна Суліма. Асаблівасць мерапрыемства ў тым, што яно праводзіцца не ў цёплыя красавіцкія дні, звязаныя з датай той страшнай аварыі, а ў снежаньскія дні, звязаныя з завяршэннем будаўніцтва аб’екта “Сховішча”, вядомага ў народзе як “Саркафаг”. Гэты дзень, як адзначыў вядомы паэт Уладзімір Малышаў, удзельнік ліквідацыі наступстваў аварыі, непасрэдны ўдзельнік здачы ў эксплуатацыю аб’екта, 14 снежня, з’яўляецца своеасаблівым днём рерамогі. Дзякуючы гэтай перамозе, сталі магчымымі далейшыя работы. Прыйшлі іншыя ліквідатары — навукоўцы, аграрыі, медыкі — спецыялісты, якія сваёй прафесійнай дзейнасцю, сваімі ведамі і ўменнямі дапамагаюць аднаўляцца нашай зямлі пасля цяжкай хваробы.

Седзячы ў зале, лавіў сябе на думцы, што мерапрыемства мае, гаворачы мовай музыкі, мінорны лад. Бяда, трагедыя, боль… Як і, зрэшты, усе мерапрыемствы чарнобыльскай тэматыкі. Але, можа, настаў час памяняць настрой? Ці не прыйшоў час паглядзець на гісторыю Беларусі пасля 26 красавіка 1986 года як на гісторыю перамог? Перамог у пераадоленні тых нягод, якія прынесла чарнобыльская аварыя?

На сустрэчах з вучнямі я заўсёды стаўлю пытанне: “Што было б, калі б ліквідатары (а гэта былі ў асноўным маладыя людзі) не выканалі сваю працу?” Адказы атрымліваю глыбока асэнсаваныя і такі дарагі, ціхі “дзякуй”.

Андрэй ДАВІДЗЕНКА,
фізік, навуковы супрацоўнік, выкладчык, удзельнік ліквідацыі наступстваў аварыі на Чарнобыльскай АЭС.