×

Дарожная бяспека сумеснымі намаганнямі

11.03.2020 10:31,

Прадстаўнікі Дзяржаўтаінспекцыі сустрэліся з выхаванцамі сталічнага дзіцячага садка № 242.

Маленькія ўдзельнікі дарожнага руху разам з міліцыянерамі ўспомнілі асноўныя аспекты бяспекі, здзейсніўшы займальнае падарожжа ў краіну “Святлафорыя”. Хлопчыкі і дзяўчынкі актыўна адказвалі на пытанні, падрыхтаваныя супрацоўнікамі ДАІ. Акрамя таго, кожны малы змог пабыць у ролі інспектара дарожна-патрульнай службы, пасядзеўшы ў службовым аўтамабілі і прымераўшы на сабе форму рэгуліроўшчыка.

— Навучанне дашкольнікаў Правілам дарожнага руху ва ўстанове вядзецца ўжо шмат гадоў, — расказвае загадчыца дзіцячага сада № 242  Мінска Вольга Дзядовіч. — Азы бяспечных паводзін дзеці атрымліваюць у малодшай групе, а старэйшыя хлопчыкі і дзяўчынкі ўжо ведаюць на зубок асноўныя правілы паводзін на вуліцы і ў транспарце, сігналы святлафора і дарожныя знакі. Для іх вывучэння ў кожнай узроставай групе распрацаваны куткі бяспекі, дзе сабраны наглядны і гульнявы матэрыял. Маюцца настольныя макеты вуліц і дарог, дыдактычныя гульні, дапаможнікі, выраблены розныя атрыбуты для правядзення заняткаў. На тэрыторыі ўстановы нанесена дарожная разметка, выстаўляюцца дарожныя знакі, дзе малыя ва ўмовах, набліжаных да рэальных, вывучаюць Правілы дарожнага руху.

Вольга Віктараўна адзначае, што важную ролю ў азнаямленні дзяцей з правіламі дарожнай бяспекі адыгрывае ўзаемадзеянне адміністрацыі ўстановы з бацькамі выхаванцаў. Іх прыцягваюць да ўдзелу ў святах, тэматычных акцыях, мамы і папы займаюцца вырабам атрыбутаў для правядзення заняткаў і гульняў.

Акрамя таго, наладжана цеснае супрацоўніцтва з прадстаўнікамі раённай Дзяржаўтаінспекцыі. Прагулкі, музычныя, тэатралізаваныя і спартыўныя мерапрыемствы з іх удзелам даюць магчымасць дашкольнікам вывучыць і зразумець Правілы дарожнага руху.

Прафілактыка бяспечных паводзін дзяцей на дарозе — першачарговая задача Дзяржаўтаінспекцыі, тлумачыць старшы дзяржаўтаінспектар аддзела ДАІ Партызанскага РУУС Мінска Аляксандр Хурсевіч. Ад таго, наколькі добра дзеці будуць ведаць і выконваць Правілы дарожнага руху, залежыць іх жыццё і здароўе. Таму вартавыя дарог шмат часу ўдзяляюць навучанню непаўналетніх аспектам бяспекі, прычым робяць гэта з дапамогай розных форм і метадаў. Некалькі раз у месяц у дзіцячых садках і школах інспектары ДАІ займаюцца з дзецьмі. Паказваюць ім відэаролікі і мультфільмы пра бяспечныя паводзіны на дарозе і каля яе. З дзецьмі старэйшымі праводзяць розныя тэсты і віктарыны, расказваюць аб асноўных правілах дарожнай бяспекі, праводзяць розныя акцыі прафілактычнай накіраванасці, запрашаючы касцюміраваных персанажаў. На такіх своеасаблівых уроках разбіраюцца ўсе экстрэмальныя сітуацыі, якія могуць узнікнуць на дарозе, каб у далейшым дзеці змаглі веды прымяніць на практыцы.

Таццяна СПАДАБАЕВА,
старшы інспектар па агітацыі і прапагандзе аддзела ДАІ.