×

Дзеля мірнага неба

12.10.2019 14:59,

Скончыліся заняткі ў маёй пачатковай школе. Сціх гоман дзіцячых галасоў, толькі дзе-нідзе чуваць, як настаўнікі старшай школы тлумачаць сваім “дарослым” дзецям тэарэмы і складаныя правілы. Нясу ў настаўніцкую журнал. Усё, як заўсёды, звычайна…

Раптам мой позірк затрымалі вясёлыя вочы са стэнда на другім паверсе. Спынілася, каб паглядзець на малады, прыгожы, спакойны твар. Спакойны… Сапраўды, гэты хлопец, які аддаў сваё жыццё за нас, можа быць спакойным за сваіх нашчадкаў, за тых, хто вучыцца ў гэтай школе і ў іншых такіх жа звычайных школах нашай краіны. Здалося, што твар яго пасвятлеў, быццам пагадзіўся са мной. У думках сказала: “Дзякуй!” Упэўнена, што ўсе тыя дзеці і дарослыя, якія кожны дзень праходзяць праз стэнд, на якім ён — Зіновій Георгіевіч Калабанаў, танкіст, герой Вялікай Айчыннай вайны, дзякуюць яму ад усяго сэрца.

У калідоры сустрэла Аляксандра Уладзіміравіча  Дудука, кіраўніка цэнтра дапрызыўнай падрыхтоўкі. Яго погляд неяк адразу нагадаў хлопца са стэнда. Такі ж упэўнены, разважлівы, спакойны, з  добрымі вачыма. У вайсковай форме. І на душы стала яшчэ больш спакойна і ўтульна.

Мая школа. Мая Радзіма. І на варце заўсёды такія цудоўныя лю­дзі. Людзі з няпростым мінулым. За іх плячыма цяжкія выпрабаванні, успаміны і страты, перамогі са слязамі на вачах. І ўсё гэта побач з намі, у наш час. Хто, калі не гэтыя людзі, лепш за іншых раска­жуць дзецям, што такое вайна? Хто, калі не гэтыя асілкі сучаснасці, растлумачаць дзецям, што зброю трэба трымаць толькі для аховы сваёй Бацькаў­шчыны.

У рамках рэалізацыі палажэнняў Канцэпцыі нацыянальнай бяспекі Рэспублікі Беларусь у верасні 2012 года быў створаны цэнтр патрыятычнага выхавання і дапрызыўнай падрыхтоўкі. Спачатку цэнтр дзейнічаў на базе 162-й сталічнай школы, потым — у сярэдняй школе № 8, а са студзеня мінулага года гонар размяшчаць на сваёй тэрыторыі гэты цэнтр і быць пад надзейнай аховай сапраўдных ваенных атрымала і наша школа.

Мэтамі і задачамі цэнтра з’яўляецца падрыхтоўка вучняў сярэдніх школ Заводскага раёна Мінска па вучэбным прадмеце “Дапрызыўная і медыцынская падрыхтоўка”. Тут вядзецца падрыхтоўка школьнікаў да ваеннай службы ва Узброеных Сілах і вайсковых фарміраваннях Рэспублікі Беларусь, шмат робіцца па ваенна-патрыятычным выхаванні і прафарыентацыі вучняў. Цэнтр узаемадзейнічае з Міністэр­ствам па надзвычайных сітуацыях і Міністэр­ствам унутраных спраў Рэспублікі Беларусь, з Дзяржаўным мытным камітэтам, раённым ваенным камісарыятам, ДТСААФ, навучальнымі ўстановамі ваеннага профілю, падраздзяленнямі сілавых структур. У школе адкрыты стралковы цір, у якім займаюцца хлопцы і дзяўчаты з усяго Заводскага раёна. На чацвёртым паверсе размешчаны класы, дзе юнакі і дзяўчаты займаюцца медыцынскай і ваеннай падрыхтоўкай: вучацца трымаць зброю, каб абараняць Радзіму, калі гэта спатрэбіцца.

…Паглядзела ў вочы Аляксандра Уладзіміравіча і сказала яму: “Дзякуй!” Ён неяк здзівіўся, але адразу, усміхнуўшыся, быццам здагадаўся пра мае думкі, адказаў: “Калі ласка, даражэнькая! Калі ласка!”

Іду дадому па алеі з шапатлівых бяроз, якія стаяць абапал у залатым адзенні. Іду са сваёй звычайнай-незвычайнай 124-й сярэдняй школы. На душы цёпла, утульна і светла. А бярозы паўтараюць ціха, быццам смеючыся: “Калі ласка!..” Падалося, што гэта на варце стаяць тыя, хто аддаў сваё жыццё за нас, за наш спакой. У блакітным небе, адлятаючы на чужыну, закурлыкалі жураўлі. Але і яны, сумна развіт­ваючыся, упэўнены, што вернуцца гадаваць дзетак да нас, у мірную краіну, на ласкавую Бацькаўшчыну. Успомніўся верш, які я напісала сваім дзецям да май­скага свята.

 

Над мірнай зямлёй маёй вольнай краіны

Вяртаюцца з выраю птушкі вясной.

Ляцяць па-над Брэстам, над полем Хатыні,

Над вечнай жалобаю і над вайной!

 

Я чую ў курлыканні песні птушынай

Праз семдзесят пяць векапомных гадоў.

Той жудасны стогн зруйнаванай Хатыні

У памяці вечнай і ў песні буслоў.

 

Ды толькі шырокія крылы ў размаху!

Свабодны і вольны шчаслівы палёт.

Над мірнай зямлёю магутнага птаха,

Дзе ў шчасці жыве беларускі народ.

 

Ні выбухаў людзі не чуюць, ні стрэлаў!

Ляці ці на захад, ці, хочаш, на ўсход!

І з Белай Русі не глядзіць праз прыцэлы

На добрых суседзяў мой мірны народ!

 

Будуем, і сеем, і вучым, і ладзім,

Жадаем мы шчасця народам усім!

Да веку ніколі ў сяброўстве не здрадзім!

Такі ўжо народ нашай Белай Русі!

 

Прыйдзе вясна, прыляцяць зноў птушкі. Зноў і зноў сустрэнуць іх мае дзеці на школьным двары. І будзе мірным неба над імі!

Эліна СКАЛІНА,
настаўніца пачатковых класаў сярэдняй школы № 124 Мінска.
Фота з архіва ўстановы адукацыі.