×

Дзяцінства без небяспекі

14.12.2019 11:19,

Свята бяспекі прайшло ў сталічным дзіцячым садку № 2. Дзеці ў гульнявой форме змаглі прадэманстраваць, як арыентавацца ў надзвычайных сітуацыях. Для гэтага яны на імправізаванай паласе перашкод ратавальніка паказалі ўсе аспекты пажарнай дактрыны, а  затым з дапамогай інтэрактыўнай гульні “Што? Дзе? Калі?” успомнілі правілы дарожнага руху.

Як расказала загадчыца ясляў-сада Марыя Шындзюк, да падобных мерапрыемстваў адміністрацыя дашкольнай установы далучае не толькі сваіх выхаванцаў, але і іх бацькоў. У форме гульні хлопчыкі і дзяўчынкі знаёмяцца з тымі сітуацыямі, якія могуць узнікнуць у далейшым жыцці. І каб быць гатовым з імі справіцца, з самага ранняга ўзро­сту трэба прывіць навыкі бяспечнай жыццядзейнасці.

Дарэчы, сталічны дзіцячы сад № 2 можна назваць паказальным у пытаннях навучання аспектам бяспекі. У 2018 годзе ў гарадскім фестывалі па асновах бяспекі жыцця­дзейнасці сярод устаноў дашкольнай адукацыі “Бяспечнае дзяцінства” ён заняў ганаровае 2-е месца. Цяпер дзверы гэтай установы для перадачы вопыту адкрыты кожнаму педагогу. Тут можна азнаёміцца з метадычнымі і дыдактычнымі дапаможнікамі па АБЖ, а таксама наведаць тэматычны рэсурсны цэнтр “Вучымся разам жыць у бяспецы”. Акрамя таго, дашкольная ўстанова мае багатую электронную базу: тэматычныя праграмы, мультфільмы, аўдыя- і відэаролікі выхавальнікі штодня выкарыстоўваюць у вучэбным працэсе. Часта на мерапрыемствах прысутнічаюць прадстаўнікі РАНС і Дзяржаўтаінспекцыі, якія таксама прэзентуюць свае распрацоўкі ў галіне бяспекі.

Таццяна СПАДАБАЕВА,
старшы інспектар па агітацыі і прапагандзе аддзела ДАІ Партызанскага РУУС Мінска.