×

Эстафета дабра

10.06.2019 11:15,

Дні дабра, якія ўжо сталі для сярэдняй школы № 12 Мінска добрай традыцыяй, цалкам можна назваць візітоўкай установы. Справа ў тым, што нароўні з іншымі вучнямі ў школе паспяхова вучацца і дзеці з парушэннямі функцый апорна-рухальнага апарату. Дзеці з асаблівасцямі ў развіцці зяўляюцца не проста гледачамі, а непасрэднымі ўдзельнікамі і часам галоўнымі героямі мерапрыемстваў: гэта сумесныя гульні-падарожжы, віктарыны, квэсты, канцэрты, конкурсы, спартыўныя святы. Тут дзеці ўключаны ў актыўную дзейнасць, якая дазваляе рэалізаваць свае магчымасці, праявіць сябе як асоба.

У канцы навучальнага года ў холе школы традыцыйна сабраліся навучэнцы і іх бацькі на сямейнае спартыўна-забаўляльнае свята “Дзень дабра”, прысвечанае ІІ Еўрапейскім гульням, якое арганізавалі і правялі для дзяцей педагогі Вольга Алегаўна Серая, Ірына Уладзіміраўна Ватуціна, Людміла Анатольеўна Спрагоўская, Настасся Генадзьеўна Сізая.

Дзеці наведалі імправізаваныя майстэрні: гістарычную, геаграфічную, тэатральную, спартыўную, майстэрню фантазій, дзе пазнаёміліся з гісторыяй Еўрапейскіх гульняў, краінамі-ўдзельніцамі, відамі спорту, па якіх будуць спаборнічаць спартсмены, прыдумалі і маляўніча распісалі сімвалы дабра, якія размясцілі на стэндзе.

У свяце брала ўдзел пераможца Кубка свету па спартыўных танцах на калясках Ганна Бузун. Яна выступіла перад прысутнымі з танцавальнай праграмай. “Толькі моцныя духам могуць дамагчыся поспехаў і ў спорце, і ў жыцці”, — сказала выбітная спартсменка.

Дзеці перадалі Ганне Бузун эстафету агню — сімвалічны факел — з пажаданнямі перамогі ў спартыўных спаборніцтвах беларускім спартсменам.

Мінская гарадская натарыяльная палата таксама падхапіла эстафету дабра, наведаўшы нашу школу з дабрачыннай акцыяй “Падары дзецям радасць”. Госці арганізавалі вясёлыя конкурсы, флэшмоб па аквагрыме, салодкі стол. У завяршэнне свята дзеці атрымалі ў падарунак школьныя прылады да новага навучальнага года.

Ірына КАШЭВІЧ,
намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце сярэдняй школы № 12 Мінска.