×

Флікер сваімі рукамі

14.10.2019 11:24,

Конкурс на выраб флікераў сваімі рукамі прайшоў у сталічнай гімназіі № 5. Так супрацоўнікі Дзяржаўтаінспекцыі вырашылі нагадаць школьнікам пра карысць святлоадбівальных элементаў. Мерапрыемства прайшло ў рамках рэспубліканскай прафілактычнай акцыі “Захавай сабе жыццё!”.

Праблема дарожнай бяспекі асабліва актуальная ў восеньскі перыяд, калі аварыйнасць павышаецца ў некалькі разоў і, як правіла, павялічваецца рост наездаў на пешаходаў. Гэта абумоўлена тым, што светлавы дзень скарачаецца ў разы, а заўважыць чалавека, які не пазначаны святлоадбівальнымі элементамі, вадзіцелю досыць складана. З пачатку гэтага года ў Мінску адбылося звыш 150 наездаў на пешаходаў, у якіх 12 чалавек загінула.

У пачатку мерапрыемства супрацоўнікі нагадалі школьнікам асноўныя правілы бяспечных паводзін на дарозе. Асаблівую ўвагу інспектары ДАІ ўдзялілі выкарыстанню флікераў у цёмны час сутак.

Пасля гутаркі дзеці атрымалі нажніцы і святлоадбівальную паперу і ўзяліся за працу. Разрэзаўшы кавалачкі паперы на некалькі частак, школьнікі пачалі майстраваць розныя фігуры: вясёлыя смайлікі, рознакаляровыя кветачкі, сэрцайкі і самалёты. Па словах хлопчыкаў і дзяўчынак, вырабы ўпрыгожаць не толькі іх вопратку і заплечнікі, але і дастануцца бацькам.

На заканчэнне школьнікі атрымалі розныя сувеніры ад Дзяржаўтаінспекцыі.

Таццяна СПАДАБАЕВА,
старшы інспектар па агітацыі і прапагандзе АДАІ Партызанскага РУУС Мінска.