×

І на будоўлі, і ў штабе

10.08.2019 12:10,

На адкрыцці трэцяга працоўнага семестра ў Мінску, якое адбылося ў канцы мая, студэнцкім атрадам былі ўручаны пуцёўкі. Менавіта з гэтага і пачалося працоўнае лета, падчас якога студэнты вышэйшых навучальных устаноў і навучэнцы каледжаў былі задзейнічаны ў рабоце шматлікіх сэрвісных і працоўных атрадаў.

Так, 4 жніўня, у апошні дзень прыёмнай кампаніі, завяршылася работа студэнцкага атрада “Штаб “Абітурыент” імя Героя Савецкага Саюза Іосіфа Гусакоў­скага, які дзейнічаў у Мінскім дзяржаўным лінгвістычным універсітэце.

Сёлета Мінскім гарадскім штабам студэнцкіх атрадаў былі сфарміраваны 15 сэрвісных атрадаў “Штаб “Абітурыент”, у якіх працавалі 152 хлопцы і дзяўчыны. Безумоўна, асноўная задача, якая была ўскладзена на сэрвісныя атрады, — гэта дапамога абітурыентам у шматлікіх пытаннях. Так, байцы атрада “Штаб “Абітурыент” дапамагалі сёлетнім выпускнікам школ у запаўненні дакументаў, якія неабходны для паступлення ў МДЛУ, кансультавалі па вучэбных пытаннях, а таксама дапамагалі ў арганізацыі ўступных экзаменаў для тых абітурыентаў, якія паступаюць на скарочаную форму навучання.

Ілья Сакалоў, студэнт 4 курса факультэта нямецкай мовы МДЛУ,  сакратар пярвічнай арганізацыі БРСМ МДЛУ, заснавальнік атрада “Штаб “Абітурыент”, расказаў, што каманда сэрвіснага атрада МДЛУ працавала з 10 ліпеня. За гэты час байцы атрада прынялі ад абітурыентаў больш чым 2 тысячы заяў.

“Асноўнымі кірункамі дзейнасці студэнцкіх атрадаў МДЛУ з’яўляюцца педагагічныя і сэрвісныя, — тлумачыць Ілья Сакалоў. — Безумоўна, паступленне ва ўніверсітэт — гэта вельмі важны і адказны крок. Таму адзін з сэрвісных атрадаў МДЛУ — “Штаб “Абітурыент” — працуе менавіта з абітурыентамі. Акрамя гэтага, у нашым універсітэце працуюць яшчэ два атрады. Студэнты, якія выказалі жаданне пайсці на работу ў сэрвісны атрад “Лінгвіст і кансультант”, працуюць у тэхнічных камісіях факультэтаў і ажыццяўляюць прыём, праверку дакументаў, а таксама запаўняюць базу даных абітурыентаў. Пасля гэтыя даныя адпраўляліся на сайт факультэта, і такім чынам абітурыенты маглі сачыць за конкурсам па выбранай спецыяльнасці”.

Яшчэ адным кірункам дзейнасці сэрвісных атрадаў МДЛУ з’яўляецца работа ў аздараўленчых летніках, дзе сту­дэнты спрабуюць сябе ў якасці важатых.

“Безумоўна, гэта вельмі цікавая і крэатыўная работа, якая патрабуе поўнай самааддачы і цярпення, — канстатуе Ілья Сакалоў. — Тым не менш у кожным з атрадаў, якія дзейні­чаюць кожнае лета ва ўніверсітэце, нашы студэнты могуць выбраць тую дзей­насць, якая ім больш за ўсё падабаецца. Увогуле, лета на тое і ёсць, каб не толькі адпачываць, але і па­спрабаваць сябе ў будучай прафесіі”.

Не менш значным кірункам летняй занятасці студэнтаў з’яўляецца работа на важных будаўнічых аб’ектах, да якіх адносіцца трэцяя лінія мінскага метрапалітэна. Дарэчы, падчас адкрыцця трэцяга працоўнага семестра Мінска трэцяя лінія метро аб’яўлена гарад­ской маладзёжнай будоўляй. Да будаўніцтва адной з будучых станцый трэцяй лініі — “Юбілейнай плошчы” — далучыўся студэнцкі будаўнічы атрад імя Героя Савецкага Саюза Георгія Тамілоўскага, у лік якога ўвахо­дзяць 20 навучэнцаў філіяла БНТУ “Мінскі дзяржаўны архітэктурна-будаўнічы каледж”.

Работа навучэнцаў у асноўным накіравана на пагрузку, выгрузку і транспарціроўку будаўнічых матэ­рыялаў, а таксама на ачыстку скальных асноў, сартаванне запчастак, мантаж і дэмантаж лясоў. З задавальненнем маладыя людзі далучаюцца і да арміравання нясучых кан­струкцый.

“Для нас як для будучых будаўнікоў вельмі важна навучыцца прымяняць на практыцы тыя веды, якія атрымліваем падчас навучання ў каледжы, — упэўнены Георгій Драздоў, студэнт Мінскага дзяржаўнага архітэктурна-будаўнічага каледжа (спецыяльнасць “Санітарна-тэхнічнае абарудаванне будынкаў і збудаванняў”), камандзір студэнцкага будаўнічага атрада імя Героя Савецкага Саюза Г.Тамілоўскага. — І такая магчымасць нам выпала дзякуючы рабоце ў студэнцкім атрадзе. Вельмі прыемна, што мы працуем на важным аб’екце — будоўлі метро — і пасля зможам пра гэта раска­заць сваім дзецям, якія будуць карыстацца гэтым відам транспарту”.

2 жніўня да работы на мінскай гарадской маладзёжнай будоўлі далучыліся 13 байцоў студэнцкага будаўнічага атрада “Адра­джэнне”, якія ўжо другое лета запар прыя­зджаюць у Мінск з Санкт-Пецярбурга. Сярод юных будаўнікоў і 3 дзяўчыны. У мінулым годзе прадстаўнікі “Адраджэння” працавалі на будоўлі аднаго з інтэрнатаў у студэнцкай вёсцы, а сёлета дапамагаюць будаваць метро. Дарэчы, станцыя метро “Юбілейная плошча”, над будаўніцтвам якой працуюць студэнцкія атрады, будзе самай глыбокай з усіх станцый, якія ёсць і яшчэ будуць пабудаваны ў Мінску. Глыбіня закладвання станцыі ў нетрах зямлі — каля 30 метраў.

Што тычыцца працаўладкавання студэн­таў у Мінску ў летні перыяд, сёлета такую магчымасць атрымалі 4 тысячы маладых людзей. Сярод профільных атрадаў самым папулярным быў і застаецца будаўнічы. І гэта нядзіўна: акрамя магчымасці зарабіць першыя грошы, работа на будаўнічых аб’ектах дазваляе прымяніць атрыманыя падчас навучання веды на практыцы і такім чынам атрымаць каштоўны працоўны вопыт.

Наталля САХНО.