×

Імёны герояў у лістах Вялікай Перамогі

21.05.2019 14:49,

Па ініцыятыве сярэдняй школы № 78 Мінска сумесна з БРПА, БРСМ і “Белая русь”, Цэнтральнай бібліятэкай імя Янкі Купалы ў Савецкім раёне Мінска прайшла акцыя “Імёны герояў у лістах Вялікай Перамогі”. Вучні і настаўнікі размясцілі мабільныя інфармацыйныя пасты на скрыжаванні вуліц Лук’яновіча і Лагойскага тракта, Бяды і Сурганава, Куйбышава і Кульман, на вуліцы Харужай. 400 улётак, аформленых у выглядзе франтавых канвертаў, з біяграфіямі герояў Вялікай Айчыннай вайны, чыімі імёнамі названыя вуліцы Савецкага раёна, разыходзіліся за лічаныя гадзіны.

Да мерапрыемства школа старанна рыхтавалася. Сумесна са спецыялістамі Цэнтральнай бібліятэкі імя Янкі Купалы навучэнцы правялі даследчую працу, вывучыўшы біяграфіі і подзвігі герояў. Ідэя афармлення акцыі належыць дырэктару школы Сяргею Ягоравічу Хрушчову. У яго дома захоўваюцца сапраўдныя франтавыя лісты. Гэта сямейная рэліквія. У гады Вялікай Айчыннай вайны яго родныя перажылі акупацыю, па-геройску змагаліся за Беларусь. Дзень Перамогі ў сям’і дырэктара — асаблівае свята.

На жаль, сёння ўжо мала хто памятае пра тых, чыімі імёнамі названы вуліцы нашага раёна. Таму ўстанова адукацыі выступіла з ініцыятывай папулярызацыі інфармацыі. Навучэнцы стаяць ля вытокаў вялікага даследчага праекта па захаванні гістарычнай памяці народа. Нам здаецца, што добрае пачынанне павінна быць працягнута і падтрымана ўсімі раёнамі сталіцы і краіны ў цэлым. Толькі памятаючы гісторыю, мы зможам пазбегнуць памылак у будучыні.

Марына МАКАРАНКА,
намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце.
Таццяна МЕСІЧ,
педагог сацыяльны.