×

“Летні Фэст”: досвед, традыцыі, інавацыі

04.07.2019 11:10,

Лета ва ўсіх рознае: хтосьці праводзіць яго ў бабулі на дачы, з бацькамі на моры, а хтосьці застаецца ў горадзе. А ці можна правесці лета ў горадзе цікава, пазнавальна і незвычайна? Вядома!

Гэта пацвердзілі ўдзельнікі раённага фестывалю-конкурсу аздараўленчых лагераў “Летні Фэст”, які адбыўся ў Цэнтры дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі “Светач” г. Мінска. Фестываль ладзіцца ўжо другі раз. Установам адукацыі даецца магчымасць абмяняцца практычным досведам па арганізацыі летняга адпачынку навучэнцаў, задаць пытанні, якія ўзніклі ў працэсе працы, знайсці для сябе новыя ідэі і праекты.

Вопыт арганізацыі летніх аздараўленчых лагераў устаноў агульнай сярэдняй і дадатковай адукацыі  Савецкага раёна г. Мінска быў прадстаўлены на фестывалі ў сямі намінацыях. Кожная ўстанова раёна прэзентавала свой інавацыйны вопыт у выглядзе творчых выступленняў педагогаў з дэманстрацыяй відэа- і фотаматэрыялаў, якія дапамаглі раскрыць змест сацыяльна значнай дзейнасці лагера. На інтэрактыўных пляцоўках кожны з удзельнікаў фестывалю прадставіў свае цікавыя знаходкі і нестандартныя падыходы да арганізацыі сучаснага летняга аздараўлення.

Адным з вынікаў фестывалю стане выданне электроннага зборніка матэрыялаў, які стане даступны ўсім удзельнікам. У зборнік будуць уключаны праекты, праграмы, метадычныя распрацоўкі, прадстаўленыя на фестывалі. Можна з упэўненасцю сказаць, што такі практычны матэрыял дапаможа арганізатарам летніх лагераў стварыць аптымальныя ўмовы і забяспечыць паўнавартасны адпачынак дзяцей, іх аздараўленне і творчае развіццё падчас летніх канікул праз рэалізацыю інавацыйных метадаў.

Анкетаванне, якое было праведзена ў ходзе фестывалю, паказала, што такое мерапрыемства вельмі патрэбна педагогам. Адной з прапаноў удзельнікаў было зрабіць у наступным годзе фестываль адкрытым для іншых устаноў адукацыі горада.

Аксана ШУЛЬЖЭНКА,
метадыст Цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі “Светач” г. Мінска.