×

Маленькі пасажыр — вялікая адказнасць!

15.08.2019 16:41,

За 7 месяцаў бягучага года на дарогах краіны ў ДТЗ загінулі 9 і атрымалі траўмы 76 дзяцей-пасажыраў. Пры гэтым 40% непаўналетніх перавозіліся з парушэннем устаноўленых правіл.

Рэспубліканская прафілактычная акцыя ДАІ па кантролі за бяспечнай перавозкай дзяцей “Маленькі пасажыр — вялікая адказнасць!” стартавала 18 жніўня.

Штогод у жніўні ўзрастае колькасць дарожна-транспартных здарэнняў з удзелам непаўналетніх пасажыраў. Гэта абумоўлена масавай перавозкай дзяцей з месцаў адпачынку і аздараўлення.

Адпраўляючыся ў паездку на аўтамабілі, не забывайце аб тым, што дзіця да 12 гадоў неабходна перавозіць з выкарыстаннем спецыяльнага ўтрымліваючага прыстасавання, а старэйшым дзецям трэба прышпільвацца стандартным рамянём бяспекі.

Як правільна выбраць дзіцячыя утрымліваючыя прылады?

Па-першае, трэба вывучыць групы дзіцячых аўтамабільных крэслаў, у якіх асноўны крытэрый для выбару — вага малога.

Па-другое, памятайце, што ўсталёўваць дзіцячае аўтакрэсла на пярэднім сядзенні не рэкамендуецца. Самае бяспечнае месца для яго размяшчэння ў аўтамабілі — гэта задняе пасажырскае сядзенне.

Па-трэцяе, усе дзеці, якія не дасягнулі ўзроста 1 года (або вагі больш за 9 кг), павінны размяшчацца ў аўтакрэсле спінай да руху аўтамабіля і напаўлежучы. Калі крэсла з дзіцем размясціць наперад тварам, то пры рэзкім старце або тармажэнні аўтамабіля ўзнікаюць сур’ёзныя нагрузкі на дзіцячыя пазванкі, што можа прывесці да траўматызму.

Калі дзіця вырасла з дзіцячага крэсла, але не дасягнула 12 гадоў, не забывайце аб іншых дзіцячых утрымліваючых прыладах: бустэрах і накіроўваючых для рамяня бяспекі.

Анастасія РАДЗЬКО,
старшы інспектар па агітацыі і прапагандзе аддзела ДАІ Цэнтральнага РУУС Мінска.