×

Маршрутамі прафесійнага развіцця, або Па слядах летняй моўнай школы

02.11.2019 14:13,

Адной з задач, што стаяць сёння перад сістэмай адукацыі, з’яўляецца падрыхтоўка здольных да рэфлексіі і аналізу прафесіяналаў, якія ўмела распрацоўваюць траекторыю свайго жыцця і эфектыўна ёй кіруюць. У гэтым кантэксце на першы план выходзяць уменні знаходзіць неабходную інфармацыю, вылучаць гіпотэзы, працаваць у камандзе, праяўляць ініцыятыву ў прыняцці рашэнняў, прагназаваць сітуацыю, інтэграваць сферы дзейнасці і многія іншыя soft skills. Гэтыя ўменні становяцца чаканымі вынікамі адукацыйнага працэсу, дасягненне якіх немагчыма без адпаведнай падрыхтоўкі настаўнікаў.

Сучасны настаўнік павінен не проста валодаць сваім прадметам, а ведаць, як навучыць дзяцей паспяхова супрацоўні­чаць, мабілізаваць свае магчымасці, знахо­дзіць нестандартныя адказы, удасканальваць разнастайныя навыкі, каб стаць паўнавартаснымі грамадзянамі і высокакваліфікаванымі спецыялістамі. Гэта значыць, што настаўнік, пастаянна пашыраючы спектр сваёй дзейнасці, набываючы новы сацыяльны вопыт і павышаючы педагагічны ўзровень, павінен удасканальваць асабістыя і прафесійныя кампетэнцыі. Даступным сродкам вырашэння гэтых задач з’яўляецца стварэнне інфармацыйна-адукацыйнага асяроддзя педагога, інфармацыйнага акружэння, а таксама сукупнасці ўмоў, у якіх, змяняючыся і развіваючыся ў адпаведнасці з прафесійнымі патрэбамі педагога, непасрэдна ажыццяўляецца яго прафесійная дзейнасць, што дае падставы называць гэтае асяроддзе індывідуальным інфармацыйна-адукацыйным.

Магчымасці рэалізацыі прафесійнай дзейнасці настаўніка замежнай мовы ва ўмовах індывідуальнага інфармацыйна-адукацыйнага асяроддзя і інструменты яго арганізацыі абмяр­коўваліся ўдзельнікамі летняй моўнай школы, якая традыцыйна, ужо восьмы год запар, прайшла на базе Акадэміі паслядыпломнай адукацыі. Сёлета ў яе рабоце прынялі ўдзел 22 настаўнікі англійскай мовы з усіх рэгіёнаў рэспублікі і шэрага ўстаноў адукацыі Мінска.

Асноўнымі тэматычнымі блокамі дадзенай адукацыйнай праграмы павышэння кваліфікацыі сталі структура індывідуальнага інфармацыйна-адукацыйнага асяроддзя настаўніка замежнай мовы, магчымасці яе мадэлявання і напаўнення з улікам напрамкаў прафесійнай дзейнасці педагога, інфармацыйна-камунікацыйныя тэхналогіі, эфектыўныя ў навучанні замежнай мове.

Зыходным пунктам мадэлявання індывідуальнага інфармацыйна-адукацыйнага асяроддзя стала вызначэнне ўзроўню сфарміраванасці ІКТ-кампетэнтнасці ўдзельнікаў летняй моўнай школы. У аснове праведзенай самадыягностыкі ляжалі патрабаванні, распрацаваныя на аснове рэкамендацый ЮНЕСКА (https://iite.unesco.org/pics/publications/ru/files/3214694.pdf). Аналіз вынікаў паказаў, што, нягледзячы на наяўнасць сертыфіката карыстальніка ІКТ, у большасці педагогаў ІКТ-кампетэнтнасць сфарміравана на ўзроўні прымянення, і толькі ў чвэрці слухачоў дадзенай адукацыйнай праграмы павышэння кваліфікацыі (у асноўным гэта ўдзельнікі летняй моўнай школы мінулых гадоў, якiя неаднаразова прымалі ўдзел у яе рабоце) — на ўзроўні засваення. Трэба адзначыць, што менавіта апошні ўзровень развіцця ІКТ-кампетэнтнасці можа прывесці да якасных вынікаў, даўшы педагогу магчымасць рэалізаваць навучанне на аснове выкарыстання камп’ютарнага мадэлявання індывідуальных адукацыйных траекторый, рэалізацыі новых відаў адукацыйнай дзейнасці, прымянення сучасных сродкаў і спосабаў узаемадзеяння.

Азнаёміўшыся з патрабаваннямі да ўзроўню развіцця ІКТ-кампетэнтнасцi педагога, выявіўшы ўласныя праблемныя кропкі і чаканні, настаўнікі прааналізавалі структуру індывідуальнага інфармацыйна-адукацыйнага асяроддзя педагога, вылучыўшы вядучыя кірункі сваёй прафесійнай дзейнасці, і вызначылі асноўныя напрамкі фарміравання і развіцця ўласнага інфармацыйна-адукацыйнага асяроддзя.

Безумоўна, усе педагогі назвалi дамінуючым кірункам сваёй прафесійнай дзейнасці навучанне, узаемадзеянне паміж настаўнікам і навучэнцам. Педагогі кваліфікацыйнай катэгорыі “настаўнік-метадыст” адзначылі ўзаемадзеянне паміж калегамі, бо ім даволі часта даводзіцца праводзіць майстар-класы, кансультацыі і трэнінгі ў рамках дзейнасцi метадычных аб’яднанняў, творчых і праблемных груп. Настаўнікі, якія мелі вопыт удзелу і арганiзацыi праектнай дзейнасцi са сваімі навучэнцамі, падкрэслілі ролю педагога ва ўзаемадзеянні з мясцовай супольнасцю. Абсалютна ўсе ўдзельнікі летняй моўнай школы пагадзіліся з неабходнасцю распрацоўкі напрамку, звязанага з самаадукацыяй.

Самым плённым этапам работы летняй моўнай школы стала мадэляванне індывідуальнага інфармацыйна-адукацыйнага асяроддзя настаўніка замежнай мовы пры дапамозе прапанаваных інтэрнэт-сэрвісаў. Вялікую цікавасць у педагогаў выклікаў сэрвіс Voki (https://www.voki.com) — рэсурс для стварэння аватараў. Спасылкі на створаныя аніміраваныя персанажы можна размяшчаць на старонках блога або сайта, перасылаць па электроннай пошце. Настаўнікі адзначылі, што сэрвіс Voki з’яўляецца не толькі выдатным матывацыйным інструментам і сродкам удасканалення навыкаў успрымання мовы на слых, але і знаходкай для стварэння электронных вучэбных рэсурсаў.

Прыемна здзівілі ўдзельнікаў летняй моўнай школы магчымасці сэрвісу Flippity (http://www.flippity.net/), які дазваляе складаць разнастайныя інтэрактыўныя практыкаванні на базе Google-табліц, напрыклад, крыжаванкі, флэш-карткі, стужкі часу, гульні “Бінга”, “Шыбеніца”, віктарыну “Свая гульня” і г.д. Акрамя таго, сэр­віс вельмі просты ў выкарыстанні: настаўніку дастаткова спампаваць шаблон гульні, увесці змест, апублікаваць сваю версію і атрымаць на яе спасылку.

Аматары гульнявых метадаў навучання высока ацанілі канструктар квестаў Learnis.ru (http://www.learnis.ru/), які дазваляе ствараць вэб-квесты на аснове розных прадметных заданняў. Сутнасць квеста заключаецца ў тым, што ўдзельнiкам неабходна выбрацца з пакоя, выкарыстоўваючы розныя прадметы, знахо­дзячы падказкі і рашаючы лагічныя задачы, што развівае як прадметныя, так і надпрадметныя кампетэнцыі навучэнцаў.

Настаўнікі, якія выкарыстоўваюць на ўроках гаджэты, зацікавіліся сэрвісам Quiznetic (https://quiznetic.com/). Гэты канструктар дыдактычных гульняў нагадвае настольныя гульні, у якіх, адказваючы на пытанні, ты перамяшчаешся ад адной кропкі да другой. Сэрвіс прапануе заданні на множны выбар, увядзенне тэкставага і лічбавага адказу.

Настаўнікам, якія практыкуюць актыўную ацэнку, было цікава азнаёмiцца з канструктарам тэстаў Оnline Test Pad (https://onlinetestpad.com/), з дапамогай якога можна стварыць розныя віды тэстаў, крыжаванкі, сканворды, апытанні, лагічныя гульні.

Прааналiзаваўшы зваротную сувязь удзель­нікаў летняй моўнай школы, можна адзначыць, што больш за ўсё яны былі ўражаны магчымасцямі сэрвісу Blendspace (https://www.tes.com/lessons), які дазваляе падабраць і сабраць у адзінае цэлае матэрыялы да ўрока (дакументы, спасылкі, відэаролікі, фатаграфіі і г.д.), а таксама ўвесці тэкст і распрацаваць да яго тэставыя заданні. Кансалідацыя матэрыялаў дапамагае эканоміць час урока, у выпадку неабходнасці навучэнцы могуць па спасылцы працаваць з дадзенымі матэрыяламі самастойна.

Спасылкі на ўсе распрацаваныя рэсурсы ўдзельнікі летняй моўнай школы размясцілі на сваіх персанальных сайтах і ў блогах, якія сталі сістэмаўтваральнымі цэнтрамі іх індывідуальнага інфармацыйна-адукацыйнага асяроддзя. Матэрыялы знаходзяцца ў адкрытым доступе і на старонцы блога Summer Language School — http://zamezhniki1.blogspot.com/p/blog-page.html.

Асаблівую ўвагу ўдзельнікі летняй моўнай школы звярнулі на магчымасці свайго развіцця ва ўмовах прафесійнага ўзаема­дзеяння, інфраструктурай якога выступаюць сеткавыя супольнасці настаўнікаў-практыкаў. Азнаёміўшыся са зместам розных анлайн-супольнасцей выкладчыкаў замежнай мовы, большасць настаўнікаў далучылася да рэсур­саў Teacher Connect (https://www.teachersconnect.com/), Classroom 2.0 (https://www.classroom20.com/), Common Sense Educators (https://www.commonsense.org/education/recognition-educators), Teaching Channels (https://www.teachingchannel.org/topics), якія дазволяць не толькі скарыстацца аўтэнтычнымі моўнымі матэрыяламі i метадычнымі распрацоўкамі, але і стаць актыўным удзельнікам прафесійных дыскусій і практыка-арыентаваных праектаў, што дасць педагогу магчымасць пашырыць і развіць індывідуальнае інфармацыйна-адукацыйнае асяроддзе. Падобныя прафесійныя зносіны забяспечваюць атрыманне зваротнай сувязі ад калег і экспертаў, навучанне на вопыце іншых, пошук і засваенне больш эфектыўных сродкаў, неабходных для вырашэння прафесійных задач.

Аналізуючы створаныя падчас летняй моўнай школы рэсурсы, уключаныя ў распрацаваныя мадэлі індывідуальнага інфармацыйна-адукацыйнага асяроддзя, удзельнікі адзначалі, што сапраўды важнымі ў гэтым працэсе з’яўляюцца прафесійныя і асабістыя якасці настаўніка, да якіх варта аднесці ўзро­вень сфарміраванасці ІКТ-кампетэнтнасці, даследчыя i камунікатыўныя ўменні педагога, зацікаўленасць у выкарыстанні сродкаў ІКТ у сваёй прафесійнай дзейнасці, гатоўнасць настаўніка да прымянення гэтых сродкаў у адукацыйным працэсе, распаўсюджвання вопыту, кіравання сваiм прафесійным развіццём.

Летняя моўная школа стала для яе ўдзельнікаў своеасаблівай платформай для арганізацыі падобнага эфектыўнага адукацыйнага ўзаема­дзеяння: педагогі азнаёмiлiся з рознымі інтэрнэт-сэрвісамі і педагагічнымі інструментамі, навучыліся канструяваць i арганізоўваць адукацыйны працэс, накіраваны на дасягненне новых вынікаў прафесійнай дзейнасці, праектаваць і ажыццяўляць сваё прафесійнае развiццё.

Упэўнена, што ў наступным годзе ўдзельнікі летняй моўнай школы — 2020 змогуць прадставiць уласныя рэсурсы і эфектыўныя практыкі пашырэння напрамкаў прафесійнай дзейнасці настаўніка замежнай мовы.

Iнеса ЗУБРЫЛIНА,
начальнік каардынацыйнага цэнтра “Адукацыя ў iнтарэсах устойлiвага развiцця” БДПУ, аўтар летняй моўнай школы, настаўнік-метадыст настаўнiца англiйскай мовы Астрашыцка-Гарадоцкай сярэдняй школы.