×

Метад кінезіялогіі для актывізацыі пазнавальнай дзейнасці ў навучэнцаў з цяжкасцямі ў навучанні

11.05.2019 14:12,

Асаблівасці развіцця дзяцей з цяжкасцямі ў навучанні, выкліканымі затрымкай псіхічнага развіцця, прадстаўлены спалучэннем няспеласці эмацыянальна-валявой і інтэлектуальнай сфер. Гэтая няспеласць псіхікі найбольш выразна выяўляецца ў іх пазнавальнай дзейнасці, што заканамерна прыводзіць да школьнай непаспяховасці ў цэлым. Адным з фактараў, якія абумоўліваюць пасіўнасць пазнавальнай дзейнасці навучэнцаў з цяжкасцямі ў навучанні, з’яўляецца тое, што ў іх не развіты неабходныя міжпаўшарныя і ўнутрыпаўшарныя сувязі. Чалавечыя зносіны, пазнанне навакольнага свету можа ажыццяўляцца без прыметных намаганняў і цяжкіх паўтарэнняў толькі пры зладжанай рабоце абодвух паўшар’яў галаўнога мозга. Адсутнасць гэтай зладжанасці — асноўная прычына цяжкасцей у навучанні. Інтэграваць два паўшар’і ў адзінае цэлае, злучыць іх намаганні — вось адзін з дзейсных спосабаў ліквідавання гэтых цяжкасцей, вырашэння праблем і ў навучанні, і ў многіх іншых відах чалавечай дзейнасці. Паспяховасць навучання дзяцей залежыць ад своечасовага развіцця міжпаўшарнага ўзаемадзеяння.

Існуюць метады кінезіялогіі, якія з’яўляюцца асновай для актывізацыі розных аддзелаў мозга і міжпаўшарнага ўзаемадзеяння (кінезіялогія — навука аб развіцці разумовых здольнасцей і фізічнага здароўя праз пэўныя рухальныя практыкаванні).

У рабоце па карэкцыі пазнавальнай дзейнасці навучэнцаў з цяжкасцямі ў навучанні выкарыстоўваю развіццёвую кінезіялагічную праграму, якая ўключае ў сябе тры комплексы спецыяльных рухальных практыкаванняў (комплекс для развіцця міжпаўшарных сувязей, комплекс для развіцця правага паўшар’я і комплекс для развіцця левага паўшар’я). Гэтая праграма распрацавана і апісана Алай Леанідаўнай Сірацюк — доктарам псіхалагічных навук, загадчыцай кафедры псіхалогіі, прафесарам Цвярскога дзяржаўнага ўніверсітэта. Кожны кінезіялагічны комплекс уключае ў сябе шэраг спецыяльна падабраных практыкаванняў: расцяжкі, дыхальныя практыкаванні, вокарухальныя практыкаванні, цялесныя рухі, практыкаванні для рэлаксацыі. Працягласц­ь заняткаў па адным комплексе практыка­ванняў — 6—8 тыдняў, потым ідзе перапынак 2 тыдні.

Аднаразовае ці эпізадычнае выкананне дзецьмі комплексаў кінезіялагічных практыкаванняў не прыводзіць да якаснага паляпшэння функцыянавання псіхічных працэсаў. Таму ў сваёй практыцы арганізоўваю выкананне дзецьмі кінезіялагічнага комплексу ў пачатку вучэбнага дня ў якасці ранішняй гімнастыкі, а таксама на ўроках і на карэкцыйных занятках у якасці дынамічных паўз. Для выніковасці карэкцыйна-развіццёвай работы заняткі павінны праводзіцца ў добразычлівай атмасферы, таму што найбольш эфектыўнай з’яўляецца эмацыянальна прыемная дзейнасць дзіцяці. Заняткі, якія праходзяць у сітуацыі стрэсу, не маюць належнага ўздзеяння.

Правядзенне комплексу кінезіялагічных практыкаванняў не заўсёды мэтазгодна прывязваць да пэўнага этапу ўрока. Хутчэй яго трэба праводзіць у сітуацыі нізкай актыўнасці навучэнцаў, іх стамлення, несабранасці, адсутнасці канцэнтрацыі ўвагі і г.д.

Пры выкарыстанні кінезіялагічных прак­тыкаванняў на прадметных уроках трэба ўлічваць тое, што выкананне стандартных вучэбных дзеянняў можа перапыняцца серыяльным кінезіялагічным комплексам, а творчую дзейнасць перапыняць немэтазгодна.

У выпадку, калі навучэнцаў чакае інтэнсіўная разумовая нагрузка, якая патрабуе актывізацыі пазнавальнай дзейнасці, раскрыцця інтэлектуальнага патэнцыялу і элементаў творчасці, спецыяльны кінезіялагічны комплекс можна прымяніць перад пачаткам работы. Гэта тлумачыцца тым, што творчыя віды дзейнасці, звязаныя з работай правага паўшар’я і цэласнага ўспрымання, павінны выконвацца пры поўным паглыбленні ў праблему. Дзейнасць, звязаная з логікай, знакамі, чарцяжамі і, такім чынам, з работай левага паўшар’я, можа быць перапынена выкананнем спецыяльных практыкаванняў.

У карэкцыйнай рабоце, накіраванай на актывізацыю пазнавальнай дзейнасці навучэнцаў на аснове рухальных практыкаванняў, можна выкарыстоўваць не толькі кінезіялагічныя комплексы, але і асобныя кінезіялагічныя практыкаванні ў якасці так званай хуткай дапамогі. Пры гэтым неабходны эфект ад хуткай дапамогі можна атрымаць пры выкарыстанні тых практыкаванняў мазгавой гімнастыкі, якія стымулююць псіхічную дзейнасць пэўнага роду (дзейнасц­ь успрымання, разумовую, мнестычную, маўленчую дзейнасц­ь і інш.), над праблемамі функцыянавання якой плануецца працаваць на гэтых занятках — гэта значыць рэалізоўваецца пэўная адраснасц­ь практыкаванняў.

Некаторыя практыкаванні паляпшаюць працэс успрымання, разумення маўлення. Адно з іх пад назвай “Слон”. Трэба сагнуць левае калена, “прыклеіць” галаву да левага пляча і выцягнуць руку, паказваючы пальцам упоперак пакоя. Рухаць верхняй часткай цела так, каб рука апісвала знак бесканечнасці. Глядзець далей пальцаў. Паўтарыць рух другой рукой.

Ёсць практыкаванні, якія актывізуюць структуры, што забяспечваюць запамінанне. Напрыклад, практыкаванне “Лянівыя васьмёркі”. Для яго выканання трэба намаляваць у паветры ў гарызантальнай плоскасці васьмёркі па тры разы кожнай рукой, а потым паўтарыць гэты рух абедзвюма рукамі.

Вывучыўшы такія практыкаванні і іх функ­цыянальную накіраванасць, я набыла магчымасць ствараць аптымальныя ўмовы для развіцця пэўных навыкаў і здольнасцей, апярэджваючы адпаведную дзейнасць дзяцей выкананнем імі стымулюючых практыкаванняў.

Акрамя ўздзеяння на пазнавальную сферу, кінезіялагічныя практыкаванні даюць эфект і на ўзроўні эмацыянальнай сферы — нязменна выклікаюць станоўчыя эмоцыі, паляпшаюць настрой дзяцей, што як найлепш актывізуе іх пазнавальную дзейнасць.

Дзякуючы ўздзеянню на рухальную функ­цыю навучэнцаў праз выкананне кінезіялагічных комплексаў і асобных практыкаванняў мазгавой гімнастыкі, можна дабіцца паляпшэння міжпаўшарнага ўзаемадзеяння. Гэта выяўляецца ў актывізацыі ўсіх псіхічных працэсаў. У навучэнцаў назіраецца станоўчая дынаміка ў плане здольнасцей да навучання, а таксама да кіравання сваімі эмоцыямі.

Прымяненне кінезіялагічнага метаду дазваляе палепшыць у дзіцяці памяць, увагу, маўленне, прасторавыя ўяўленні, дробную і буйную маторыку, зніжае стамляльнасць, павышае здольнасць да адвольнага кантролю.

Такім чынам, педагогі, якія выкарыстоўваюць кінезіялагічныя практыкаванні на ўроках, адзначаюць паляпшэнне почырку, павышэнне працаздольнасці, актывізацыю інтэлектуальных працэсаў.

Святлана КАРПАВА,
настаўніца пачатковых класаў сярэдняй школы № 160.