×

Наш гонар — удзельнік ІІ Еўрапейскіх гульняў

04.06.2019 15:33,

Засталося не так шмат чакаць, як у Мінску будзе дадзены старт ІІ Еўрапейскім гульням 2019. Горад-герой будзе сустракаць гасцей больш чым з 50 краін-удзельніц. Задача рэспублікі заключаецца не толькі ў тым, каб пазнаёміць з прыгажосцю беларускай сталіцы, але і паказаць высокі ўзровень фізічнай падрыхтаванасці нашых спартсменаў. Нам ёсць кім і чым ганарыцца!

Беларусь не такая вялікая краіна ў параўнанні са сваімі суседзямі, але багатая на здольных і выдатных асоб. Адна з іх — Алег Алегавіч Юрэня — спартсмен з вялікай літары.

Алег Алегавіч Юрэня — вядомы беларускі вясляр-байдарачнік, майстар спорту міжнароднага ўзроўню. А пачынаўся яго шлях на Гродзеншчыне. Алег нарадзіўся ў аг. Масты Правыя (Мастоўскі раён). Актыўна займацца веславаннем пачаў ва ўзросце адзінаццаці гадоў у мясцовай спецыялізаванай дзіцяча-юнацкай школе алімпійскага рэзерву, праходзіў падрыхтоўку пад кіраўніцтвам трэнера Уладзіміра Задоліна. Працягвае займацца з ім і цяпер, але ўжо ў Брэсце.

У адным з інтэрв’ю Алег Юрэня расказвае, як трапіў у Брэст:

— Я заўсёды трэніраваўся з адным настаўнікам — Уладзімірам Міхайлавічам Задоліным. І калі ў Брэсце пабудавалі канал, трэнеру і мне прапанавалі пераехаць сюды. Мы пагадзіліся. Прыемна, што на Гродзеншчыне стаўленне да мяне пасля гэтага не пагоршылася, нават наадварот.

Юрэня — гонар Правамастоўскай сярэдняй школы. Былы вучань стаў сапраўднай легендай сярод навучэнцаў. Зараз нашы вучні ахвотна займаюцца веславаннем, раўняюцца на Алега Алегавіча. Інфармацыя аб тым, што вядомы зямляк-байдарачнік — удзельнік ІІ Еўрапейскіх гульняў, выклікае пачуццё вялікага гонару і захаплення.

З гэтай нагоды ў школе арганізавана выстаўка дыпломаў і ўзнагарод Алега Алегавіча, асабістых рэчаў, фотаздымкаў. Вялікую цікавасць у вучняў нашай школы выклікае байдарка з вяслом, якія каштуюць каля 4000 тысяч еўра.

Правамастоўская сярэдняя школа запрашае ўсіх ахвотных на выстаўку дасягненняў удзельніка ІІ Еўрапейскіх гульняў 2019 года Юрэня Алега, прысвечаную нашаму выдатнаму і вядомаму земляку. Падтрымаем нашага спартсмена!

Мы з вамі, Алег Алегавіч!

Вікторія ЯРМОЛІЧ,
настаўніца беларускай мовы і літаратуры Правамастоўскай сярэдняй школы.