×

Навучым Нязнайку правілам дарожнага руху

06.07.2019 12:10,

Рост колькасці машын на вуліцах горада, павышэнне хуткасці іх руху, шчыльнасці транспартных патокаў, усё большыя заторы на аўтадарогах з’яўляюцца адной з прычын дарожна-транспартных здарэнняў. Часта віноўнікамі ДТЗ становяцца самі дзеці дашкольнага ўзросту, якія гуля­юць паблізу дарог, пераходзяць вуліцу ў неналежных месцах, няправільна ўваходзяць у транспартныя сродкі і выходзяць з іх. Менавіта таму дарожна-транспартны траўматызм застаецца прыярытэтнай праблемай грамадства, якая патрабуе вырашэння, пры ўсеагульным удзеле і самымі эфектыўнымі метадамі.

Правілы дарожнага руху адзіныя для дзяцей дашкольнага ўзросту і дарослых, яны напісаны дарослай мовай — без разліку на дзяцей. Вядома, звычкі, замацаваныя ў дзяцінстве, застаюцца на ўсё жыццё, таму з ранняга ўзросту неабходна вучыць дзяцей правілам дарожнага руху.

Галоўная задача педагогаў — даступна растлумачыць дзіцяці правілы, а пры выбары формы навучання данесці да дзяцей дашкольнага ўзросту сэнс небяспекі невыканання правіл, пры гэтым не сказіць іх змест. Выхаванцаў неабходна вучыць не толькі правілам дарожнага руху, але і бяспечным паводзінам на вуліцах, дарогах, у транспарце. І ад таго, ці данясём мы, дарослыя, да свядомасці сучаснага дзіцяці неабходныя веды, будзе залежаць яго здароўе і жыццё.

Вялікія магчымасці для вырашэння гэтай задачы закла­дзены ў гульні — вядучым відзе дзейнасці ў дашкольным узросце. Сярод разнастайнасці відаў дзіцячых гульняў асаблівае месца займаюць дыдактычныя. Валодаючы гатовым зместам і правіламі, дыдактычная гульня арганізоўвае дзейнасць дзяцей, іх узаемаадносіны, а паказваючы дзецям пэўны спосаб дзеяння, уплывае на развіццё іх самастойнасці, актыўнасці, вытрымкі, мэтанакіраванасці. Засваенне правіл і падпарадкаванне ім выпрацоўваюць у дзяцей старэйшага дашкольнага ўзросту ўменне дзейнічаць у адпаведнасці з пэўнымі нормамі паводзін. Такім чынам, дыдактычная гульня з’яўляецца каштоўным сродкам для фарміравання ў дзяцей старэйшага дашкольнага ўзросту ўяўленняў пра бяспечныя ўмовы жыццядзейнасці і прадухіленне траўматызму.

Работа ў гэтым кірунку пачыналася з вывучэння навуковай метадычнай літаратуры па тэме. У выніку ў групе былі створаны аптымальныя ўмовы, якія спрыяюць выхаванню ўпэўненай у сабе асобы, эмацыянальнаму дабрабыту дзяцей, развіццю цікавасці да прадметаў рукатворнага свету, стымуляванню пазнавальнай актыўнасці. Створаная прастора ў групе, дзе дзеці старэйшага дашкольнага ўзросту маглі азнаёміцца з розным матэрыялам па правілах дарожнага руху (“Знакі гэтыя запомніце, дзеці!”, камплект наглядных дапаможнікаў па бяспецы дарожнага руху, “Святлафор здароўя і бяспечных паводзін”, “Дзеці і дарога”, настольна-друкаваныя гульні “Транспарт”, “Дарожныя знакі”, “Падарожжа пешахода”, набор ілюстрацый “Правілы дарожнага руху”, плакат “Паводзіны на дарогах” і г.д.), спрыяла фарміраванню ўменняў заўважаць і вызначаць прычынна-выніковыя сувязі, развіццю пазнавальных матываў.

Створаныя дыдактычныя дапаможнікі па азнаямленні дзяцей старэйшага дашкольнага ўзросту з правіламі дарожнага руху “Складзі цэлае з частак”, альбомы “Дарожныя знакі”, “Служба 101, 102, 103” узбагачалі ўяўленні пра рэальны свет, спрыялі развіццю фантазіі, фарміраванню пазнавальных інтарэсаў.

Падчас назіранняў за старэйшымі выхаванцамі падчас розных відаў дзейнасці, гутарак, апытанняў, дыдактычных гульняў (“Скончы сказ”), гульнявых сітуацый (“Аўтобус спыніўся таму, што…”) удалося вызначыць, наколькі сфарміравана ўяўленне ў дзяцей старэйшага дашкольнага ўзросту пра бяспечныя паводзіны на дарогах.

Наступны этап работы — распрацоўка перспектыўнага плана па правілах дарожнага руху. Першай задачай было расказаць выхаванцам пра небяспеку на дарогах, матываваць на выкананне правіл бяспекі. Для вырашэння гэтай задачы праводзіліся мэтавыя прагулкі, экскурсіі з дзецьмі старэйшага дашкольнага ўзросту (напрыклад, па вуліцах у розную пару года), падчас якіх, назіраючы за пешаходамі, дзеці фарміравалі ўяўленні пра правілы дарожнага руху. Таксама пры назіраннях за тым, як узаемадзейнічаюць пешаходы і транспарт, як працуюць святлафоры, я акцэнтавала ўвагу выхаванцаў на такія важныя моманты для бяспекі руху, як асвятленне, умовы надвор’я, стан дарогі, колькасць пешаходаў, іх рухальная актыўнасць (гуляюць ці спяшаюцца, перабягаюць дарогу ці спакойна ідуць па пераходзе). У зімовы перыяд увага звярталася на коўзкую дарогу: можна паслізнуцца і ўпасці; вадзіцелю цяжка спыніць машыну (нават пасля таго, як ён націсне на тормаз, машына слізгаецца і праязджае яшчэ некалькі метраў).

Пасля экскурсій і мэтавых прагулак дзецям прапаноўвалася замацаваць атрыманыя ўяўленні падчас прадукцыйных відаў дзейнасці, напрыклад, у выяўленчай (маляванне) — апісваючы выяву на малюнку, дашкольнікі расказвалі, чаму трэба выконваць правілы паводзін на дарозе, у лепцы з пластыліну (машыны, пешаходы, святлафор), ручной працы (вырабах з прыроднага і непрыдатнага матэрыялу).

Пашырэнне і замацаванне ўяўленняў пра правілы дарожнага руху адбывалася і ў спецыяльна арганізаванай дзейнасці — на занятках па адукацыйнай галіне “Дзіця і грамадства” на тэму “Падарожжа ў краіну Дарожных знакаў”. З мэтай фарміравання ўмення выконваць бяспечныя ўмовы жыццядзейнасці і прадухілення траўматызму з выхаванцамі праводзілася работа па вучэбных наглядных дапаможніках “Дашкольнікам аб правілах бяспекі” А.Л.Давідовіч, “Небяспечныя сітуацыі на дарозе і дома” І.К.Бароўскай, што спрыяла развіццю творчых здольнасцей, фарміраванню пазнавальнай цікавасці, сістэматызацыі ўяўленняў.

Найбольш эфектыўнай формай арганізацыі дзяцей старэйшага дашкольнага ўзросту пры фарміраванні ўяўленняў пра правілы дарожнага руху з’яўляюцца спецыяльна падабраныя дыдактычныя гульні. Для развіцця пазнавальнай актыўнасці, творчай кемлівасці, самастойнасці ў пераадоленні цяжкасцей праводзіліся дыдактычныя гульні па азнаямленні з сігналамі святлафора, дарожнымі знакамі (“Святлафор”, “Угадай, які знак”, “Пастаў дарожны знак”, “Церамок”, “Мы вадзіцелі”, “Знайдзі патрэбны знак”).

З мэтай фарміравання маральна-ацэначнага вопыту паводзін дзяцей і паводзін на вуліцы выкарыстоўваліся дыдактычныя гульні на развіццё ўважлівасці, адказнасці, асцярожнасці, упэўненасці ў сабе (“Наша вуліца”, “Падумай — адгадай”, “Вясёлае жазло”, “Законы вуліц і дарог”, “Што будзе, калі…”, “Вуліца горада”, “Навучым Нязнайку правілам дарожнага руху”).

 З дапамогай дыдактычных гульняў у выхаванцаў удалося выклі­каць шчырую ўстойлівую цікавасць да гульнявога задання, замацаваць уяўленні пра святлафор.

У пытаннях выканання дзецьмі правіл дарожнага руху, культуры паводзін у транспарце прыкладам павінны быць бацькі, таму на іх ляжыць вялікая адказнасць. Узаемадзеянне ўстановы дашкольнай адукацыі і сям’і дапамагае выпрацоўваць у выхаванцаў старэйшага дашкольнага ўзросту неабходныя навыкі культуры паводзін на вуліцы, развіваць дысцыплінаванасць. Цеснае супрацоўніцтва бацькоў і педагогаў, адзіныя патрабаванні выхавальнікаў і бацькоў да дзяцей забяспечваюць фарміраванне ў іх трывалых навыкаў паводзін на вуліцы і дарозе.

Праведзеная работа па фарміраванні ў дзяцей старэйшага дашкольнага ўзросту ведаў пра правілы дарожнага руху апраўдала сябе: выхаванцы атрымлівалі ўяўленні пра іх у гульнявой форме, ахвотна ўключаліся ў гульні, навучыліся мадэляванню дарожных сітуацый, рашэнню лагічных задач. У дзяцей сфарміраваны ўяўленні пра правілы бяспечных паводзін на вуліцах і дарогах, уменні арыентавацца ў дарожных сітуацыях.

Асноўнымі мэтамі фарміравання ў дзяцей старэйшага дашкольнага ўзросту бяспечных паводзін на дарогах з’яўляюцца зніжэнне дарожна-транспартнага траўматызму сярод дашкольнікаў, развіццё культуры паводзін на дарозе. Найважнейшымі задачамі выхавання і навучання дзяцей ва ўстанове дашкольнай адукацыі з’яўляецца фарміраванне ўяўленняў пра бяспечны ўдзел у дарожна-транспартным працэсе, гарантаванне асабістай бяспекі ва ўмовах жыццёвага рытму на дарогах, які паскараецца.

Дыдактычныя гульні спрыяюць выхаванню эмацыянальна-каштоўнасных адносін да сябе і навакольных, выпрацоўцы навыкаў бяспечных паводзін для захавання свайго жыцця і здароўя, дазваляюць шырэй далучаць дзяцей старэйшага дашкольнага ўзросту да праяў жыцця ў даступных ім формах інтэлектуальнай і практычнай дзейнасці.

Вольга ДРОБАВА,
выхавальніца вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыі ясляў-сада № 161 Мінска.
Фота Наталлі СТЭЛЬМАХ.