×

Не ведаючы, нельга палюбіць

10.08.2019 12:22,

“Няма нічога лепшага, як правесці частку летніх канікул на ўлонні прыроды і не залежаць ад Wi-Fi. Дастаткова палаткі, цёплай кампаніі і таго-сяго з ежы”, — так разважаў у майскім сачыненні вучань 21-й сталічнай школы Антон Каранюгін, а ўжо напрыканцы чэрвеня хлопец разам з аднакласнікамі і настаўнікамі фізічнай культуры спяваў пад гітару песні ля вогнішча на цудоўным беразе Віліі.

У нашай школе вялікая ўвага адводзіцца летняму аздараўленню вучняў. Зразумела, што на працягу навучальнага года дзеці, акрамя абавязковай вучэбнай праграмы, наведваюць факультатывы, гурткі, спартыўныя секцыі, займаюцца з рэпетытарамі. Фактычна яны ма­юць адзін вольны дзень (калі не лічыць канікулы) — нядзелю, ды і той ідзе на чарговую падрыхтоўку да заняткаў. Класныя кіраўнікі цікавяцца, дзе і як будуць праводзіць вялікія канікулы вучні, складаюць табліцы прыкладнай летняй занятасці, каб прадаставіць магчымасць цікавага і арганізаванага адпачынку тым, хто плануе застацца ў горадзе, не можа пагасцяваць у вёсцы у бабуль, дзядуляў. Калі амаль уся пачатковая школа ўліваецца ў школьны аздараўленчы летнік у чэрвені, наведваючы разнастайныя сацыякультурныя ўстановы, прымаючы ўдзел у мерапрыемствах, арганізаваных педагогамі, то навучэнцы 8-х, 10-х класаў з радасцю чакаюць адкрыцця палатачнага летніка і ўзбройваюцца кацялкамі, вудамі і іншымі карыснымі прыладамі турыста. Месца дыслакацыі ўзгадняецца з многімі службамі (санітарна-эпідэміялагічнай службай, лясніцтвам і інш.), каб забяспечыць у першую чаргу бяспечныя і камфортныя ўмовы для пражывання.

“Не ўсе дзеці адразу гатовы адмовіцца ад цывілізацыі, жыць у палатцы і не мець магчымасці выхаду ў сацыяльныя сеткі. Часам бацькі супраць. Але той, хто аднойчы пажыў з намі ў лесе, пакаштаваў ежу з вогнішча ці навучыўся арыентавацца ў лясной прасторы, як правіла, увесь навучальны год жыве ў прадчуванні новага падарожжа”, — дзеліцца ўражаннямі выхавальнік 9-дзённага палатачнага летніка настаўнік фізічнай культуры і працоўнага навучання Аляксандр Віктаравіч Марцінкевіч.

Прыемна, што ў выхадныя дні паляна папаўняецца палаткамі бацькоў вучняў, якія раздзяляюць імкненне дзяцей да багатага на кісларод адпачынку і самі натхнёна вырываюцца з гарадской мітусні і шуму. Калі нехта думае, што засумуе ў лесе, то дарэмна. Для вучняў распрацоўваецца план з улікам іх інтарэсаў. Лясныя квесты, гульні, спартыўнае арыентаванне, конкурсы на лепшага шэф-повара, аніматара, устаноўшчыка палатак, за парадкам у якіх што­дзённа пільна сочаць, экскурсіі ў найбліжэйшыя райцэнтры з наведваннем цікавых культурна-гістарычных аб’ектаў — вось няпоўны пералік таго, што чакае турыстаў-школьнікаў. Ну і, канечне, моцны сон на свежым паветры.

Першы дзень звычайна праходзіць як імгненне. Выбіраем паляну для ўстаноўкі палатак, расчышчаем і акопваем бяспечнае месца для вогнішча, рыхтуем дровы, гатуем абед. Вучні захапляюцца навакольным пейзажам, спасцігаюць дзівосныя таямніцы лесу. За вячэрняй гарбатай абмяркоўваем экалагічныя тэмы, гаворым пра планы і надзеі, густы і хваляванні. Школьнікі развіваюць камунікацыю ў нефармальнай атмасферы.

Заўсёды так бывае: каб нешта палюбіць, спачатку трэба спазнаць. Не ведаючы, нельга палюбіць. Так і з адпачынкам на прыродзе, які мае шэраг пераваг. Гэта так проста і важна: далучаць дзяцей да прыроды, выхоўваць у іх пачуццё беражлівасці, калектывізму, самастойнасці.

Галіна СТРАЛЬЧУК,
намеснік дырэктара  па выхаваўчай рабоце сярэдняй школы № 21 імя М.Ф.Гастэлы Мінска.