×

Незабыўная “Змена”

06.07.2019 12:17,

“Ох, лето красное! Любил бы я тебя, когда б не зной, да пыль, да комары, да мухи…” — пiсаў А.С.Пушкiн i ўслаўляў восень, “очей очарованье”. Але ж для дзяцей лета — гэта i весела, і забаўляльна, i канiкулы, i адпачынак ад урокаў. Лета — гэта свабода. А лета за горадам — гэта яшчэ i новыя сябры, новыя незабыўныя старонкi жыцця.

Лагер “Змена” Мiнскага завода колавых цягачоў знаходзiцца ў сасновым бары, недалёка ад Мiнска, у Смалявiцкiм раёне. Сюды на адпачынак прыязджаюць навучэнцы з усіх раёнаў сталіцы. Так, за мінулае лета тут адпачылi i прайшлi аздараўленне 590 дзяцей.

Усе змены не падобны адна на адну, таму дзецi часта застаюцца ў лагеры на дзве, а то i на тры змены. Кожная з іх тэматычная, i дзецi прыдумляюць свайму атраду адпаведную наз­ву i дэвiз, а потым конкурс атрадных куткоў вызначае лепшых. Тэмы, напрыклад, такiя: 1-я змена — “Дзiцячае тэлебачанне”, 2-я змена — “Горад”, 3-я — “Марское падарожжа ў краiну адкрыццяў”. Дзецям 2-й змены прапаноўваецца намаляваць карту Мінска i адзначыць на ёй усе раёны, з якiх прыехалi юныя адпачывальнікі, прыдумаць вiктарыну пра горад, намаляваць сталiчны транспарт. I калi атрад “Сталiца” — гэта сур’ёзнасць i крэатыў, то атрад “Крэветкi” — гэта яшчэ і гумар (3-я змена). Iх дэвiз проста выдатны: “Мы крэветкi проста клас! У акiяне многа нас. Мы жывём на пазiтыве ў самым лепшым калектыве!” А колькi талентаў дэманструюць студэнты-практыканты з БДПУ iмя Максіма Танка!

Увесь перыяд знаходжання дзяцей летам у лагеры скразной з’яўляецца тэма мiру, дружбы і беларускасцi. Так, у конкурсе ваенна-патрыятычнай песнi “Песнi вялiкага по­дзвiгу” гучыць асноўная думка: “Мая зямля, мая радзiма — гэта i ўся светлая наша Беларусь, і мая малая радзiма, мой родны кут, якiя зараз свабодныя i якiя мы павiнны зберагчы. Трэба жыць, дружыць, працаваць на карысць сваёй сям’i і сваёй Радзiмы”.

А якое ж аздараўленне без фiзiчнай культуры, фiзiчнай зарадкi, спартыўных гульняў! Тут трэба асобны дзякуй сказаць кiраўнiку фiзiчнага выхавання Дзянiсу Мiкалаевiчу Чарнову за яго апантанасць педагагiчнай працай, актыўнасць i кемлі­васць. Асаблiвую ўвагу ён удзяляе народным беларускiм гульням i спаборнiцтвам. Уявiце сабе: узяў бервяно даўжынёй прыкладна 5 м, паклаў яго на траву, замацаваў па баках чатырма калочкамi i арганізаваў спаборнiцтва “Схватка волатаў”. Спаборнiцтва ўключала тры раўнды. Дзецям трэба было і спрытнасць праявiць, i прадэманстраваць каардынацыю рухаў, i этыку барацьбы, таму перад спаборнiцтвам кожную пару Дзянiс Мiкалаевiч iнструктаваў, паказваў, як трэба змагацца. Дзецi былi ў захапленнi i ад яго “Алiмпiйскiх гульняў”, i ад эстафет, у якiх прымалi ўдзел таксама выхавальнікі. I гэта было вельмi весела!

Цяжка пералiчыць усе цiкавыя захапляючыя мерапрыемствы ў лагеры, лепш сюды прыехаць на адпачынак. Умовы для гэтага тут найлепшыя: чысцiня, кветкi, водар сасновага бору. Ёсць клуб, адкрытая эстрада, стадыён і інш. А кiруюць усiм гэтым хараством начальнiк лагера Андрэй Пятровiч Малашчанка i старшы выхавальнiк Святлана Iванаўна Багдановіч. Прыязджайце ў “Змену”! Не пашкадуеце!

Тамара ГРУШЭЦКАЯ,
настаўнiца, тэхнiчны работнiк лагера “Змена” ААТ “МЗКЦ”.