×

Падарыць казку

09.01.2020 15:20,

29 снежня ў дзіцячы дом Бабруйска прыйшла казка. Да дзяцей прыехаў Дзед Мароз са Снягуркай і незвычайнымі памочнікамі — гадаванцамі кіналагічнага клуба “Эліта”. Навагоднія падарункі разам з Дзедам Марозам з Мінска перадалі навучэнцы сталічнай сярэдняй школы № 78. Навучэнцы хацелі, каб у гэты Новы год выхаванцы дзіцячага дома былі шчаслівыя, каб іх вочы свяціліся радасцю, ад сэрца да сэрца перадалося цяпло душы і найлепшыя пажаданні.

Сабакі клуба “Эліта” пад пільным кіраўніцтвам дрэсіроўшчыкаў паказалі навагодняе прадстаўленне. Яны танцавалі, выконвалі трукі, дэфілявалі ў касцюмах Сняжынкі, Дзеда Мароза, Снягуркі, навагодніх аленяў, Тарэадора. Былі выступленні і ад выхаванцаў дзіцячага дома. Дзеці чыталі вершы, спявалі песні, а ва ўзнагароду з мяшка Дзеда Мароза атрымлівалі падарункі, якія перадалі навучэнцы школы № 78 Мінска.

За навагоднімі цудамі стаяць не казачныя чараўнікі. Кожнаму з нас пад сілу здзейсніць цуд, падарыць казку, душэўную цеплыню тым, хто ў гэтым асабліва мае патрэбу. Дзякуючы ініцыятыве кіраўніка кіналагічнага клуба “Эліта” Н.В.Пракопчык і неабыякавым навучэнцам 78-й школы Мінска, а таксама іх бацькам казку падорылі тым, хто не мае ні мамы, ні таты, хто жыве адной дружнай сям’ёй у дзіцячым доме Бабруйска. 

Падарыце сваё сэрца дзецям, і ў ім ніколі не вычарпаецца любоў і цяпло, аддадзеныя ў адказ!

 

Таццяна МЕСІЧ,
сацыяльны педагог сярэдняй школы № 78 Мінска.