×

Пакуль мы памятаем — мы жывём

08.06.2019 11:10,

Як вядома, дзеці — наша будучыня. Сучаснае грамадства, дзе дзеці займаюць галоўнае месца, мае патрэбу ў вывучэнні гісторыі для пазнання будучыні і прадухілення памылак мінулага. Вывучаць мінулае можна па-рознаму, але эфектыўней за ўсё ў школе гэта зрабіць праз адкрыццё і дзейнасць школьных музеяў.

Cёння сістэма адукацыі і пераходзіць на выкарыстанне новых сродкаў навучання і выхавання навучэнцаў. Цікавасць да школьнага музея, якая назіраецца ў апошні час, абумоўлена яго адукацыйнымі і выхаваўчымі рэсурсамі і патэнцыялам, які мае вялікае значэнне ў дзейнасці ўстановы адукацыі.

У сярэдняй школе № 131 Мінска па ініцыятыве Івана Сцяпанавіча Любімава 23 лютага 1981 года быў адкрыты музей баявой славы гвардзейскай мотастралковай Рагачоўскай Чырванасцяжнай ордэнаў Суворава і Кутузава дывізіі імя Вярхоўнага Савета БССР. Музей заняў цэнтральнае месца ў грамадзянска-патрыятычным выхаванні навучэнцаў школы. У музеі праводзіліся аглядныя і тэматычныя экскурсіі, сустрэчы з ветэранамі вайны і працы, пазашкольныя мерапрыемствы.

Ідэя арганізацыі музея баявой славы з акцэнтам на экспазіцыі “Памяць Афганскай вайны” ўзнікла ў 2014 годзе, калі адміністрацыя Заводскага раёна Мінска прапанавала праводзіць на базе 131-й школы штогадовыя сустрэчы з воінамі-інтэрнацыяналістамі, якія вучыліся ў школах Заводскага раёна, і бацькамі загінуўшых воінаў-інтэрнацыяналістаў.

На працягу трох гадоў вялася пошукавая работа па зборы матэрыялаў і прадметаў музейнага значэння для стварэння экспазіцыі школьнага музея. Дзякуючы ўдзельнікам тых далёкіх падзей — ветэранам Вялікай Айчыннай вайны, былым малалетнім вязням фашысцкіх канцлагераў, маці і сваякам загінуўшых воінаў-інтэрнацыяналістаў, Завод­скай раённай арганізацыі Мінска грамад­скага аб’яднання “Беларускі саюз ветэранаў вайны ў Афганістане” ў асобе яе старшыні Ула­дзіміра Ільіча Шокава, былі сабраны шматлікія матэрыялы і прадметы музейнага значэння. Многія рэчы прыносілі педагогі, навучэнцы школы і іх бацькі.

20 лютага 2018 года да “100-годдзя Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь” у сярэдняй школе № 131 Мінска быў урачыста адкрыты музей баявой славы, прысвечаны па­дзеям Вялікай Айчыннай вайны 1941—1945 гг. і Афганскай вайны 1979—1989 гг.

У першай экспазіцыі — “Ніхто не забыты, нішто не забыта” — цэнтральнае месца адведзена матэрыялам, якія перадалі ў музей ветэраны Вялікай Айчыннай вайны і былыя малалетнія вязні фашысцкіх канцлагераў А.Б.Карзюк, П.С.Марчанкава, М.С.Сівакоў. Таксама галоўнае месца займае стэнд з інфармацыяй пра жыццё і подзвіг савецкага танкіста, камандзіра роты цяжкіх танкаў, падпалкоўніка З.Р.Калабанава, экіпаж якога 20 жніўня 1941 года на працягу 30 мінут падбіў 22 танкі праціўніка. Адным з самых каштоўных музейных прадметаў з’яўляецца кіцель танкіста з яго баявымі ўзнагародамі.

У другой экспазіцыі — “Памяці загінуўшых у імя жывых” — можна даведацца аб падзеях Афганскай вайны 1979—1989 гг., воінах-беларусах Герояў Савецкага Саюза М.П.Чэпіку, В.В.Шчарбакове, А.А.Мельнікаве. Цэнтральнае месца ў гэтай экспазіцыі адведзена воінам-інтэрнацыяналістам, якія загінулі ў Афганістане. Гэта нашы суайчыннікі, якія пражывалі і вучыліся на тэрыторыі Заводскага раёна Мінска, сярод якіх Ю.Ф.Барташэвіч, А.М.Баўкоў, Л.І.Бабкоў, В.К.Богуш, Д.Д.Гайдукоў, М.В.Зыль, А.М.Копа, І.Л.Татарчанка, І.М.Чарняцін. Маці воінаў-інтэрнацыяналістаў Ада Міхайлаўна Копа і Леаніда Мікалаеўна Чарняціна перадалі ў экспазіцыю музея асабістыя рэчы сваіх сыноў: фотаздымкі, пісьмы, школьныя сшыткі, пятліцы, нарукаўныя эмблемы, узнагароды і пасведчанні да іх.

Школьны музей баявой славы дазволіў педагогам рэалізаваць вядучы метад навучання і выхавання — нагляднае навучанне праз экспазіцыйныя музейныя прадметы і матэрыялы. На базе музея ўстановы адукацыі праводзяцца вучэбныя і факультатыўныя заняткі па вучэбных прадметах. З моманту адкрыцця музей стаў цэнтрам дадатковай адукацыі навучэнцаў. Працуюць аб’яднанні па інтарэсах “Юныя экскурсаводы”, “Ваенная гісторыя Беларусі”, праводзяцца пазакласныя мерапрыемствы, выхаваўчыя мерапрыемствы ў рамках шостага школьнага дня, інфармацыйныя і класныя гадзіны.

У перыяд летніх канікул мінулага года музей стаў цэнтрам дзейнасці профільнага атрада “Кліа” школьнага лагера, у якім навучэнцы 5—8 класаў займаліся экскурсійнай, даследчай і пошукавай дзейнасцю, сустракаліся з жывымі сведкамі падзей Вялікай Айчыннай вайны і Афганскай вайны.

Навучэнцы нашай установы адукацыі вядуць шэфства над магілай невядомага салдата (№ 1161), магілай падпалкоўніка танкавых войскаў Зіновія Рыгоравіча Калабанава, магіламі загнуўшых воінаў-інтэрнацыяналістаў на Чыжоўскіх могілках.

Неабходна адзначыць, што пастаянна на базе школьнага музея праходзяць сустрэчы з жывымі сведкамі гістарычных падзей: ветэранамі Вялікай Айчыннай вайны і Афганскай вайны, малалетнімі вязнямі фашысцкіх канцлагераў. А 20 кастрычніка 2018 года і 12 красавіка 2019 года ў рамках месячнікаў па добраўпарадкаванні тэрыторыі на школьным двары адбылася пасадка 30 елак на алеі Памяці ў гонар 30-годдзя з дня вываду савецкіх войскаў з Афганістана з удзе­лам воінаў-інтэрнацыяналістаў Заводкага раёна Мінска.

З моманту адкрыцця школьны музей баявой славы стаў цэнтрам сацыякультурнай практыкі, развіцця пошукавай, даследчай дзейнасці і творчасці навучэнцаў, выхавання грамадзянскіх і патрыятычных якасцей асобы, накіраваных на фарміраванне актыўнай грамадзянскай пазіцыі, патрыятызму, прававой, палітычнай і інфармацыйнай культуры.

Грамадства без памяці асуджана на смерць. Пакуль мы памятаем — мы жывём.

Сяргей ЯКШУК,
настаўнік гісторыі і грамадазнаўства першай кваліфікацыйнай катэгорыі сярэдняй школы № 131 Мінска, кіраўнік музея
баявой славы;
Людміла ЛЕМЕШАВА,
намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыі сярэдняй школы № 131 Мінска.
Фота Сяргея ЯКШУКА.