×

Панядзелак — дзень няцяжкі!

10.03.2020 10:56,

Хіба так бывае? “Бывае-бывае!” — хорам адказваюць падлеткі і, перапыняючы адно аднаго, пералічваюць: “Люблю панядзелак за магчымасць сустрэцца з цікавымі суразмоўцамі і атрымаць слушную параду”, “…за магчымасць абмеркаваць ідэі з аднадумцамі і адчуць сябе дарослым”, “…за рэальны шанс наблізіцца да мары”. “І ўвогуле, для нас першы дзень рабочага тыдня — вельмі плённы і прыемны!” — у адзін голас дадаюць сталічныя школьнікі. Хто яны? Дзе бавяць час надвячоркам у панядзелак? І ці кожнаму рады ў іх моднай лакацыі? Па адказы рушым услед за хлопцамі і дзяўчатамі: курс — на Выдавецкі дом “Педагагічная прэса”, дакладней — у рэдакцыю газеты “Переходный возраст”.

Прабівацца на сустрэчу з галоўным рэдактарам “ПВ” не прыйшлося. Не толькі таму, што кожны другі панядзелак месяца тут ажыццяўляецца асабісты прыём грамадзян. Для падлеткаў, якія цікавяцца журналістыкай, дзверы свайго кабінета Жанна Генадзьеўна Шчурок трымае расчыненымі штодня. І якое б ні было надвор’е за акном, у яе кабінеце “зялёныя парасткі” адчуваюць сябе камфортна. Тут заўсёды ясна. Да таго ж шматлюдна і крэатыўна. Вось і зараз — не паспелі мы пераступіць парог і агучыць свае “навошта” і “чаму”, як галоўны “рэактар” (так паміж сабой называюць Ж.Г. калегі) збянтэжыла нас словамі: “Пачнём з канца! І ніякага маналогу!”. І мы заспяшаліся агучыць прызапашаныя на пасля пытанні.

— Кажуць, пры вашай газеце існуе падлеткавы клуб? Дзе і як адбываюцца яго пася­джэнні?

— Гэта нефармальная пляцоўка: да нас прыходзяць школьнікі, якія жадаюць стаць журналістамі. У дапытлівых хлопчыкаў і дзяўчынак шмат памкненняў. Вось і дапамагаем ім у творчых пошуках, знаёмім з азамі прафесіі, бывае, вырашаем іх асабістыя праблемы. Некаторыя да нас, як на ўрокі, некалькі гадоў запар ходзяць. І паступіўшы ва ўніверсітэт, і пасля яго заканчэння на агеньчык забягаюць. Прыемна, што нават зусім дарослыя, ужо прызнаныя акулы пяра, колішнія юнкары “ПВ” нечакана паяўляюцца ў рэдакцыі.

— Нездарма! Пагаворваюць, сустрэчы з рэдактарам дарагога каштуюць…

— Толькі не ў плане грошай: тут усё на энтузіязме трымаецца. Але студэнты жартуюць, маўляў, першы курс “гушкаюцца” на ведах, атрыманых у “Переходным возрасте”. Аднак мы ні ў якім разе не збіраемся падмяняць журфак! Для нас больш значна заахвоч­ваць падлеткаў да газеты і ўвогуле чытання. У час росквіту сацмедыя і фэйкньюз неабходна мець інфармацыйную абачлівасць і, калі хочаце, пераборлівасць.

— І як вы падтрымліваеце цікавасць да друкаваных старонак? Якім тэмам аддаюць перавагу юныя чытачы і наколькі маладыя журналісты адпавядаюць запытам сучаснасці?

— Калі вы заўважылі, я адразу адмовілася ад маналогу. Бо дыялог — гэта заўсёды супрацоўніцтва і паразуменне, да чаго мы і падштурхоўваем старэйшае і маладое пакаленне. І даверлівая размова –– галоўны прынцып, па якім працуе наша газета. Не заклі­каць, а даказваць, запрашаючы да дыя­логу. Такая пазіцыя дапамагае ўключаць у абмеркаванне вострых пытанняў большую коль­касць падлеткаў, актывізаваць думку юных чытачоў, спрыяць фарміраванню іх жыццёвых арыенціраў. Што тычыцца жанраў, спашлюся на апошнія даследаванні нашай аўдыторыі. Найбольш запа­трабаваныя сёння інтэрв’ю, рэпартажы, праблемна-аналітычныя матэрыялы. Камбінаванне іх таксама ў модзе, і не толькі сярод “переходновозрастных”. Маладыя журналісты ў большасці сваёй эксперыментатары, і гэта добра. Калі яшчэ адважвацца на штосьці, як не ў юнацтве? Толькі хочацца, каб у пагоні за новымі формамі не забывалі пра свежыя ідэі. З імі — “напружанка”. Вядома, цяжка генерыраваць яркія думкі, значна прасцей штампаваць заезджаныя фразы, мусоліць адны і тыя ж тэмы, “злізваць” праекты ў калег. Але цяперашняга чытача (слухача, гледача, карыстальніка) сеткі такой “творчасцю” не зачэпіш: распешчаны ўсялякімі крыніцамі інфармацыі, сучасны спажывец хоча здзіўляцца. А для гэтага трэба па-сапраўднаму крэатывіць, шукаць нешта сваё, асаблівае.

— Якое дачыненне “Переходный возраст” мае да “Педагагічнай прэсы”?

— Непасрэднае. Па-першае, “Переходный возраст” зарэгістраваны ў Міністэрстве інфармацыі як грамадска-палітычнае выданне для моладзі. Гэта значыць, наша газета аналізуе працэсы, што адбываюцца ў маладзёжным асяроддзі, вядзе культурна-асветніцкую дзейнасць, садзейнічае выхаванню падрастаючага пакалення. Па-другое, заснавальнікамі нашай рэдакцыі з’яўляюцца рэдакцыйна-выдавецкая ўстанова “Выдавецкі дом “Педагагічная прэса” і найбуйнейшая маладзёжная арганізацыя краіны — грамадскае аб’яднанне “Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі”. Па-трэцяе, “Переходный возраст” прылічваецца да разраду ювенільнай прэсы. У падрыхтоўцы інфармацыі ўдзель­нічаюць юнкары: школьнікі і навучэнская моладзь. Больш за 2/3 газеты аддадзена пад публікацыі юных аўтараў. Сярэдні ўзрост нашых чытачоў — 13—18 гадоў. Усе навучэнцы.

— Ды і героямі публікацый “ПВ” з’яўляюцца лепшыя з іх: пераможцы і актыўныя ўдзельнікі творчых, інтэлектуальных, спартыўных конкурсаў, выдатнікі вучобы, удзельнікі навукова-практычных канферэнцый…

— Так, папулярызуючы вялікія і маленькія дасягненні юнакоў і дзяўчат, мы не толькі ўмацоўваем іх веру ў сябе, падтрымліваем таленавітую моладзь, але і задаём вектар паспяховасці тым, хто яшчэ знахо­дзіцца ў пошуку, спрабуе свае сілы. Для гэтага ў газеце працуе звыш 50 рубрык, якія закранаюць розныя пытанні, што хвалююць падлеткаў. Напрыклад, тэматычная старонка “Што? Дзе? Калі?” уводзіць юных чытачоў у курс апошніх падзей з жыцця моладзі краіны і свету, “Тварам да твару” знаёміць з дзейнасцю дзіцяча-юнацкіх і маладзёжных грамадскіх аб’яднанняў. Актуальныя праблемы школы разглядаюцца ў рубрыцы “Ад званка да званка”. Выбар прафесіі, навучальнай установы дапамагаюць зрабіць рубрыкі “Акно”, “Майстры”. “12 грашовых урокаў” спрыяюць павышэнню фінансавай дасведчанасці школьнікаў. Чым заняцца ў вольны час падказвае “Звыш праграмы”. Заўсёднікі “Спортклуба”, “Доктар-не-баліць” паказваюць прыклад здаровага ладу жыцця. “Эка-рэха” фарміруе экалагічнае мысленне, “Аперацыя” садзейнічае прававому выхаванню. Культурна адукаванымі хочуць бачыць сваіх чытачоў аўта­ры рубрык “Культасарці”, “Кінавідэагід”, “Чыталка”. Узаемаадносіны бацькоў і дзяцей становяцца прадметам канструктыўнай размовы ў “Бацькоўскім сходзе”. А “Чалавек нашага часу”, “Герой ПВ” ды і сама вокладка выдання — своеасаблівая галерэя маладых талентаў Беларусі, якая расказвае пра поспехі аднагодкаў чытачоў.  

— Чым больш за ўсё ганарыцца рэдакцыя “ПВ”?

— Тым, што “Переходный возраст” стаў надзейным сябрам для тысяч беларускіх хлопчыкаў і дзяўчынак. Газету-пераможцу IX Нацыянальнага конкурсу друкаваных СМІ ў намінацыі “Лепшае дзіцяча-юнацкае выданне” лічаць сваёй памочніцай сотні педагогаў. І штогод наша “Дошка гонару” папаўняецца новымі ўзнагародамі. Сярод галоўных — дыпломы лаўрэатаў VII і VIII Нацыянальнага конкурсу друкаваных сродкаў масавай інфармацыі “Залатая ліцера” ў намінацыі “Лепшыя матэрыялы культурнай і гістарычна-краязнаўчай тэматыкі”, Ганаровая грамата Беларускага саюза журналістаў “За творчыя дасягненні ў асвятленні праблем навучэн­скай моладзі, пошук юных талентаў”, дыплом упаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцей Рэспублікі Беларусь за высокапрафесійнае асвятленне пытанняў міжнацыянальных і міжканфесійных адносін, міжкультурнага дыялогу ў Рэспубліцы Беларусь і супрацоўніцтва з суайчыннікамі за мяжой, дыпломы інтэрнэт-прэміі ТІBО прафесійнага конкурсу XVIII і XIX Міжнароднай спецыялізаванай выставы па тэлекамунікацыях, інфармацыйных тэхналогіях у намінацыі “Лепшы сайт для дзяцей і юнацтва”, падзяка Пастаяннага камітэта Саюзнай дзяржавы за важкі ўклад у справу ўмацавання беларуска-расійскай інтэграцыі ў інфармацыйным асяроддзі... А 2019 год быў для нас юбілейным: “Переходный возраст” адзначыў 25-ю гадавіну з дня выхаду ў свет першага  нумара. З гэтай нагоды, а таксама за ініцыятыўнае і творчае станаўленне да працы па асвятленні дзяржаўнай маладзёжнай  палітыкі, паспяховае добрасумленнае выкананне службовых абавязкаў калектыў рэдакцыі атрымаў падзяку Міністэрства адукацыі.

— “Переходный возраст” называюць калыскай беларускай журналістыкі. І гэта так: штогод у вашай газеце друкуюцца сотні юных аўтараў, якія мараць паступіць на журфак. І кожны паня­дзелак у клубе “ПВ” збіраюцца хлопчыкі і дзяўчынкі, якія жадаюць спасцігаць асновы прафесіі. А вы самі чаму-небудзь вучыцеся ў моладзі?

— Так, жыццялюбству. Зараджаюся ад моладзі натхненнем. Нашы чытачы няўрымслівыя і дапытлівыя, з зайздросным пастаянствам пі­шуць у рэдакцыю. Мы атрымліваем у дзень па некалькі дзясяткаў лістоў з розных рэгіёнаў краіны. А ў перыя­ды, калі ладзім конкурсы для юных журналістаў, пошта “ПВ” прымае сотні лістоў у суткі! Пра што пі­шуць падлеткі? Пра тое, што іх хвалюе. Чулліва, шчыра... І нічога, што расплываюцца ў тэме, затое іх галасы гучаць чыста і свежа. А што тычыцца калыскі журналістыкі — так аднойчы ў эфіры Беларускага радыё ахрысцілі “ПВ”. І мілая мянушка прыляпілася да газеты. Ужо цяжка падлічыць, колькі хлопчыкаў і дзяўчынак выраслі на яе радках, колькі адзначана юнкараўскіх дэбютаў і перамог! Але штодня, пералапачваючы сотні дзіцячых лістоў, праводзячы майстар-класы, творчыя конкурсы і сустрэчы са школьнікамі, мы адшукваем самародкі: сёння амаль кожны трэці студэнт журфака — так званы выпускнік “Переходного возраста”. А ў стракатым букеце зорак пяра і мікрафона нямала тых, чые імёны ўпершыню ўбачылі свет на старонках гэтай газеты.

— Звычайна дарослыя дакараюць моладзь. А вы падтрымліваеце, хваліце…

— Прызнацца, часам хочацца зацягнуць: “Вось у нашы гады...”. Але пасада абавязвае быць больш аптымістычнай. І ёсць нагода! Што­дня юныя таленты атакуюць рэдакцыю сваімі спробамі пяра, і штогод у нас праходзяць практыку дзясяткі студэнтаў розных УВА краіны. Усе ведаюць: моладзь любім, а працы ў рэдакцыі хопіць на ўсіх. Так што па­спрабаваць сябе на розных этапах рэдакцыйна-выдавецкага працэсу можа любы жадаючы. Дарэчы, гэта ключавое слова ў сакрэце дасягнення поспеху, як і вядомае: “У кожнага “хачу” ёсць тысяча магчымасцей, у “не хачу” ёсць тысяча прычын”. На жаль, другая частка фразы тлумачыць многія няўдачы маладых (і не толькі) спецыялістаў... А практыкантаў БДУ мы асабліва чакаем — там лепшыя з лепшых вучацца. Здараецца, нашы надзеі спраўджваюцца, хлопцы і дзяўчаты прыходзяць з цікавымі ідэямі і застаюцца. Мы з задавальненнем бяром у штат тых і су­працоўнічаем пазаштатна з тымі, хто гарыць працай. А з аматарамі адпачы­ваць “ПВ” не па дарозе. Занадта ўжо чытач у нас патрабавальны! Тут у паўнагі не станчыш і прыкінуцца цікавым немагчыма: дзеці адразу адчуваюць фальш. А яшчэ іх вуснамі гаворыць ісціна. Менавіта таму большасць матэрыялаў у нашай газеце падрыхтавана самімі падлеткамі, “Переходный возраст” застаецца патрэбным пакаленню Z і ў IT-стагоддзі. На гэтым прабачце: рыхтуем свежы нумар у друк…

І Жанна Генадзьеўна пабегла туды, дзе яе чакала моладзь, пі­саць з моладдзю пра моладзь…

Ганна КАРАЛЕВІЧ.