×

Першы “воблачны ўрок” прайшоў у сталічнай школе

23.05.2019 11:39,

Сямікласнікі сярэдняй школы № 182 Мінска імя Уладзіміра Карвата на ўроку інфарматыкі для вывучэння асаблівасцей работы ў графічным рэдактары змаглі скарыстацца сучасным лічбавым рашэннем — працавалі ў воблачным камп’ютарным класе, у якім рэалізаваны доступ да неабходных для навучання праграм. На занятках прысутнічалі дырэктар галоўнага інфармацыйна-аналітычнага цэнтра Міністэрства адукацыі Павел Ліс, намеснік генеральнага дырэктара velcom/A1 па развіцці карпаратыўнага сегмента і ІКТ Роберт Дашан, прадстаўнікі Мінскага гарадскога інстытута развіцця адукацыі.

Нездарма паслуга “воблачны клас” была ўкаранёна менавіта ў сярэдняй школе № 182. Тут шмат робіцца па развіцці інфармацыйных тэхналогій, ёсць вялікая зацікаўленасць педагагічнага калектыву і створаны добрыя тэхнічныя ўмовы. Ды і кіраўнік установы Уладзіслаў Крайноў не па чутках ведае магчымасці і асаблівасці ўкаранення ІКТ у школе, бо доўгі час узначальваў адзін з гарадскіх рэсурсных цэнтраў па ІКТ.

Урок для сямікласнікаў па тэме “Стварэнне і рэдагаванне вектарнай выявы” правяла настаўніца інфарматыкі Ганна Місько. Клас інфармацыйных тэхналогій, дзе праходзілі заняткі, уяўляе сабой 16 рабочых месцаў на аснове тонкіх кліентаў — аблегчаных версій камп’ютараў беларускай вытворчасці без жорсткіх дыскаў. Уся інфармацыя і дадаткі размяшчаюцца “ў воблаку” — на серверах дата-цэнтра velcom/A1. Спачатку сямікласнікі актуалізавалі тэарэтычны матэрыял, прыгадалі, што такое камп’ютарная графіка, яе віды, асаблівасці вектарнай і растравай графікі, а потым выканалі практычную работу, якая прадугледжвала некалькі ўзроўняў.

Па водгуках дзяцей, работа з новай тэхнікай і тэхналогіямі прыносіць сапраўднае задавальненне і не выклікае цяжкасцей. Яшчэ б! У 7 “Б” класе вучацца высокаматываваныя школьнікі, зацікаўленыя інфарматыкай і праграмаваннем, некаторыя з іх — паспяховыя ў­дзельнікі і прызёры конкурсаў інфармацыйных тэхналогій. Так, Міхаіл Стрыжэўскі сёлета заняў 2-е месца ў горадзе па праграмаванні ў асяроддзі Scratch, Канстанцін Іваноў і Аляксандр Свідзінскі сталі прызёрамі гарадскога конкурсу графічнага рэдактара. Ды і настаўніца пераканана, што навучанне становіцца больш тэхналагічным, інтэрактыўным. Вучань пагружаны ў свой урок і не звяртае ўвагу на штосьці іншае. Так працуюць воблачныя тэхналогіі. Важным момантам з’яўляецца і тое, што школьнікі могуць толькі карыстацца абсталяваннем, але не ўмешвацца ў яго работу, — напрыклад, самастойна выдаляючы ці ўстанаўліваючы праграмы.

Упершыню паслуга “воблачны клас” была прадстаўлена на Міжнароднай спецыялізаванай навукова-тэхнічнай выставе-форуме “Інфармацыйныя тэхналогіі ў адукацыі” ў лістападзе мінулага года.

Як адзначыў намеснік генеральнага дырэктара velcom/A1 па развіцці карпаратыўнага сегмента і ІКТ Роберт Дашан, праект “Воблачны клас” — уклад у мадэрнізацыю сістэмы адукацыі і адаптацыю школьнікаў да хутка зменлівага свету. Прадастаўленне школьнікам  магчымасці карыстацца самымі сучаснымі інфармацыйнымі тэхналогіямі і лічбавым кантэнтам, які выкарыстоўваецца ва ўсім свеце, дазволіць зрабіць працэс навучання больш тэхналагічным, а значыць, будзе ў цэлым спрыяць развіццю электроннай адукацыі ў Беларусі.

— Непасрэдна ў школах, гімназіях, УВА будуць размяшчацца не традыцыйныя камп’ютары з серверамі, праграмным забеспячэннем, а так званы тонкі кліент, які адкрывае доступ да воблачных рашэнняў, дзе ёсць усё неабходнае, — падкрэсліў Роберт Дашан. — Гэтае рашэнне мінімізуе інвестыцыі для школы, гэта магчымасць не ўтрымліваць спецыяльных адміністратараў баз даных альбо праграмных прадуктаў у школах, а атрымліваць гарантаваны, аднаўляльны парк камп’ютараў з гарантаваным абслугоўваннем, ліцэнзійнай падтрымкай і выхадам у інтэрнэт. У любой школе краіны, у любой кропцы, дзе ёсць інтэрнэт на хуткасці ў 1 мб/с у разліку на адно рабочае месца, можна разгарнуць “воблачны клас” і карыстацца рэсурсамі. Магчымасць дынамічна мяняць колькасць рабочых месцаў, мяняць абсталяванне і не клапаціцца аб разавых інвестыцыях істотна спросціць жыццё для тых, хто займаецца ўкараненнем камп’ютарных тэхналогій у працэсе адукацыі. Мы гатовы разгортваць падобныя класы па ўсёй краіне.

Асноўнымі перавагамі “воблачнага класа” з’яўляюцца больш нізкі кошт, а таксама істотная эканомія электраэнергіі ў параўнанні са стацыянарнымі камп’ютарамі. У цяперашні час кошт аднаго гатовага працоўнага месца, уключаючы монаблок, рэсурсы дата-цэнтра і ліцэнзійнае праграмнае забеспячэнне, складае 49 рублёў.

— Стратэгічная мэта сістэмы адукацыі — падрыхтаваць кадры для рэальнага сектара эканомікі, здольныя вырашаць задачы ў хутка зменлівым свеце. А воблачныя рашэнні — гэта сапраўды перспектыва, з якой рана ці позна сутыкнуцца будучыя спецыялісты, якія сёння яшчэ сядзяць за школьнай партай. Мы бачым істотны патэнцыял ва ўкараненні менавіта такога — воблачнага — падыходу ў забеспячэнні доступу ўстаноў адукацыі да сучасных інфармацыйных тэхналогій, — адзначыў дырэктар галоўнага інфармацыйна-аналітычнага цэнтра Міністэрства адукацыі Павел Ліс. — Мы заўсёды вітаем укараненне новых тэхналогій, асабліва эфектыўных, сучасных. І вельмі добра, што ёсць лідары рынку камунікацый, якія прапаноўваюць падобныя тэхналогіі, у тым ліку на партнёрскіх пачатках, і добра, што ёсць установы адукацыі, якія гатовы браць на сябе адказнасць за укараненне сучасных тэхналогій. Такі падыход дазваляе нам падлічыць рэальную эфектыўнасць і прадумаць стратэгію маштабавання праекта на ўвесь горад, на ўсю краіну. Таму гэты праект вельмі знакавы і ад яго вынікаў у многім бу­дзе залежаць будучыня воблачных тэхналогій у сістэме адукацыі, бо не сакрэт, што ўсе дадаткі — адукацыйныя, забаўляльныя — ужо працуюць па прынцыпе аблокаў. Гэта дазваляе адысці ад стандартнай мадэлі забеспячэння камп’ютарнай тэхнікай. Магчыма, мы сведкі гістарычнай падзеі, калі падыход у тэхнічным забеспячэнні ўстановы адукацыі памяняецца поўнасцю. Мне падаецца, што можна было б паглядзець і праграму па інфарматыцы. Магчыма, з’явяцца нейкія новыя тэматыкі, звязаныя з воблачнымі вылічэннямі, якія б былі цікавыя старшакласнікам. 

На думку Паўла Ліса, для нашай эканомікі патрэбны шчаслівыя прафесіяналы, якія атрымліваюць задавальненне ад работы і прыносяць карысць грамадству не ва ўрон свайму здароўю.

Дырэктар сярэдняй школы № 182 Ула­дзіслаў Крайноў выказаў упэўненасць у паспяховай рэалізацыі праекта і падзяліўся перс­пектывамі яго развіцця. “Мы нацэлены на станоўчы вынік. Магчымасці “воблачнага класа” можна выкарыстоўваць у інклюзіўнай адукацыі, у выпадках, калі вучань ці настаўнік па прычыне хваробы адсутнічае ў школе. Плануем, што клас, размешчаны ў кабінеце інфармацыйных рэсурсаў, будзе запатрабаваны не толькі пры выкладанні інфарматыкі, а і на іншых дысцыплінах — прыродазнаўча-матэматычных, філалагічных і г.д., а таксама і ў пазаўрочнай рабоце, у навуковай дзейнасці.

Наталля КАЛЯДЗІЧ.
Фота аўтара.