×

Постаці слаўныя краю майго

11.01.2020 11:07,

Так называецца конкурс, які рэдакцыя газеты “Пераходны ўзрост” ладзіла ў межах рэспубліканскай акцыі “Я гэты край радзімаю заву”. Імёны яго пераможцаў былі абвешчаны напярэдадні Новага года — у рэдакцыйна-выдавецкай установе “Выдавецкі дом “Педагагічная прэса” адбылася сустрэча юных журналістаў, якія абмеркавалі вынікі гэтага творчага спаборніцтва.

Конкурс творчых работ “Постаці слаўныя краю майго”, які рэдакцыя газеты “Пераходны ўзрост” праводзіла ў 2019 годзе, з’яўляецца кампанентай сумеснага з установай адукацыі “Рэспубліканскі цэнтр экалогіі і краязнаўства” рэспубліканскага конкурсу даследчых работ “Малая радзіма вялікіх людзей”. Што аб’ядноўвае гэтыя спаборніцтвы? Не толькі рэспубліканская акцыя “Я гэты край радзімаю заву”, у межах якой ла­дзіўся сумесны праект, але і мэты — фарміраванне ў навучэнцаў грамадзянска-патрыятычных пачуццяў; адказнасці за захаванне духоўнай і матэрыяльнай культуры малой радзімы; уцягванне моладзі ў даследчую і творчую дзейнасць з дапамогай вывучэння жыцця і дзейнасці знакамітых лю­дзей свайго рэгіёна. У чым асаблівасць прэс-праекта? У першую чаргу, у якасным складзе яго ўдзельнікаў: рэдакцыя газеты “Пераходны ўзрост” па традыцыі сканцэнтравала ўвагу на выяўленні і заахвочванні лепшых юных журналістаў, накіраваўшы падлеткаў на вывучэнне дасягненняў сучаснікаў. Такім чынам, да разгляду журы было дапушчана 560 работ інфармацыйна-публіцыстычных жанраў. З агульнай колькасці ў фінальны тур выйшла 26 сачыненняў, якія друкаваліся на старонках газеты “Пераходны ўзрост” і на сайце выдання з сакавіка па снежань 2019 года.

— Штогод юныя аматары-краязнаўцы ўдзельнічаюць у нашых творчых конкурсах і кожны раз дэманструюць шырокія веды, сапраўдную зацікаўленасць гісторыяй свайго рэгіёна, — расказвае галоўны рэдактар газеты “Пераходны ўзрост” Жанна Генадзьеўна Шчурок. — Сёлета аб’ектам даследавання школьнікаў у розных кутках краіны сталі жыццё і дзейнасць знакамітых землякоў-сучаснікаў. Амаль паўгода юныя карэспандэн­ты дасылалі нам лісты, у якіх апавядалі пра справы і дасягненні славутых суайчыннікаў на карысць вялікай і малой ра­дзімы. А мы рэгулярна друкавалі лепшыя сачыненні на старонках нашай газеты.

Пра што пісалі і чым ганарацца актыўныя ўдзельнікі конкурсу?

Кацярына Рабус, навучэнка сярэдняй школы № 207 Мінска, дзякуючы сваім даследаванням, пазнаёміла чытачоў газеты з Нінай Мікалаеўнай Блізнюк, уладальніцай медаля Флорэнс Найцінгейл, рэдкай міжнароднай узнагароды медсясцёр, якую ўпершыню ўручылі ў мірны час. Славутая жанчына ўжо 44 гады працуе сястрой міласэрнасці і аказала дапамогу больш чым 600 чалавекам!

А Валерыя Нікалаевіч (Гоцкі дзіцячы сад — сярэдняя школа Салігорскага раёна, Мінская вобласць) сваё сачыненне прысвяціла 84-гадоваму аднавяскоўцу Аляксандру Ільічу Ліхтару — таленавітаму мастаку, іканапісцу, спеваку, паэту. Яе зямляк з дзяцінства стварае абразы святых. А ў сталым узросце намаляваў парт­рэт ганаровага Патрыяршага Экзарха ўсея Беларусі Мітрапаліта Мінскага і Слуцкага Філарэта і падарыў яго святару.

У аснову апавядання Кацярыны Банько (Сошненская сярэдняя школа Пінскага раёна, Брэсцкая вобласц­ь) лягла гісторыя пошукавай дзейнасці Анатоля Міхайлавіча Пятровіча, які працуе ў галоўным упраўленні Нацыянальнага банка. Дзякуючы гэтаму не­абыякаваму чалавеку, адбылося перазахаванне рэшткаў партызан на могілках у яго роднай вёсцы Дубнавічы і ўсталяванне абеліска. Таксама намаганнямі Анатоля Міхайлавіча сталі вядомымі імёны дзевяці ваенных разведчыкаў, членаў першага партызанскага атрада асобага прызначэння.

Наталля Мікалуцкая (гімназія Шклова, Магілёўская вобласць) ганарыцца сваім татам, які ўзнаўляе тэхніку часоў Вялікай Айчыннай вайны: сярод адрэстаўраваных ім і яго калегамі экспанатаў — легендарныя танкі БТ-7, ІС-3, фрагменты крылаў самалёта ІЛ-2. Некаторыя з адноўленых мадэлей трапляюць у музеі Беларусі, дзякуючы чаму захоўваецца памяць пра гераічнае мінулае нашага народа.

Андрэй Навумчык (сярэдняя школа № 4 Мінска) расказаў са старонак газеты “Пераходны ўзрост” пра свайго дзядулю Віктара Васільевіча Улюценку, вядомага краязнаўца, аўтара шматлікіх кніг пра валуны. Амаль 20 гадоў прысвяціў ён узнаўленню храма ў гонар вялікапакутніцы Параскевы Пятніцы, добра­ўпарадкаваў крыніцу. Да таго ж Віктар Васільевіч — адзін з самых знакамітых на Шуміліншчыне ўрачоў-кардыёлагаў з 37-гадовым стажам работы.

Максім Карусевіч (Старалядненскі яслі-сад — базавая школа Лепельскага раёна, Віцебская вобласць) таксама выбраў героем свайго матэрыялу дзядулю Аляксея Фёдаравіча, які ўсё жыццё займаўся адраджэннем роднай вёскі і на месцы зніклых сёл усталяваў валуны.

Шмат унікальных фактаў пра знакамітага земляка Пятра Панкратавіча Бычкова знайшла Вікторыя Кендыш. Гэтая навучэнка Жарабковіцкай сярэдняй школы, што ў Ляхавіцкім раёне Брэсцкай вобласці, даведалася і расказала чытачам падлеткавай газеты пра карысныя справы старшыні калгаса “Беларусь”, якога паважалі і любілі ўсе аднавяскоўцы...

— Вызначыць найлепшыя работы з паўтысячы лістоў, дасланых у рэдакцыю, было вельмі складана, — адзначае Ж.Г.Шчурок. — Наша краіна багатая на таленты! І няўрымслівыя падлеткі з розных куточкаў краіны змаглі знайсці цікавых суразмоўнікаў, займальныя факты, эксклюзіўную інфармацыю. Акрамя таго, школьнікі прадставілі абгрунтаванае пацвярджэнне важкага ўкладу землякоў у захаванне духоўнай і матэрыяльнай культуры малой радзімы. Жадаючы падтрымаць творчыя пошукі юных карэспандэнтаў, мы пашырылі спіс для ўзнагароджання. Акрамя шасці пераможцаў, адзначаных дыпломамі Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, заахвоцілі яшчэ дваццаць фіналістаў дыпломамі лаўрэатаў газеты “Пераходны ўзрост” (іх імёны можна знайсці на партале ng-press.by). А ўладальніцы спецыяльнага прыза Вікторыі Кендыш дастануцца яшчэ і нашы сувеніры. Хочацца дадаць, што арыгінальныя работы, якія па тых ці іншых прычынах не трапілі ў фінал, таксама знойдуць сваё адлюстраванне на старонках нашага выдання альбо газеты “Раніца”, якая штомесяц выходзіць у “Пераходным узросце”. Як кажуць, заставайцеся з намі — наперадзе самае цікавае! А пакуль віншуем пераможцаў і прызёраў рэспубліканскага конкурсу творчых работ “Постаці слаўныя краю майго” і жадаем новых здзяйсненняў.

Дыпломамі Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь узнагароджваюцца:

1-е месца: Кацярына Рабус, сярэдняя школа № 207 Мінска;

2-е месца: Валерыя Нікалаевіч, Гоцкі дзіцячы сад — сярэдняя школа Салігорскага раёна, Мінская вобласць; Кацярына Банько, Сошненская сярэдняя школа Пінскага раёна, Брэсцкая вобласць;

3-е месца: Наталля Мікалуцкая, гімназія Шкло­ва, Магілёўская вобласць; Андрэй Навумчык, сярэдняя школа № 4 Мінска; Максім Карусевіч, Старалядненскі яслі-сад — базавая школа Лепельскага раёна, Віцебская вобласць.

Дыпломамі лаўрэатаў газеты “Пераходны ўзрост” адзначаны:

Брэсцкая вобласць:

Мікіта Булыга, сярэдняя школа № 13 Баранавіч;

Дзіяна Рабчынская, дзіцячы сад — сярэдняя школа № 4 Кобрына;

Дар’я Болычава, сярэдняя школа № 7 Брэста;

Таццяна Назарук, Хідрынскі яслі-сад — сярэдняя школа, Кобрынскі раён;

Вікторыя Давідовіч, Лукская сярэдняя школа, Кобрынскі раён;

Вікторыя Кендыш, Жарабковіцкая сярэдняя школа, Ляхавіцкі раён;

Данііл Дз’ячок, Пінскі дзяржаўны прафесійна-тэхнічны каледж машынабудавання.

Віцебская вобласць:

Яна Дзівіна, гімназія імя І.М.Ерашова Лепеля;

Ганна Угоднікава, гімназія № 9 Віцебска.

Гомельская вобласць:

Павел Халадкоў, гімназія № 51 Гомеля;

Юлія Дзёшава, Рэчыцкі дзяржаўны аграрны каледж.

Гродзенская вобласць:

Ксенія Крышаловіч, сярэдняя школа № 1 Ашмян імя М.М.Гружэўскага;

Арына Хіркоўская, Слонімскі раённы цэнтр творчасці дзяцей і моладзі;

Варвара Грыгаровіч, Шчучынскі раённы цэнтр турызму і краязнаўства;

Кацярына Лісай, Мастоўскі раённы цэнтр творчасці дзяцей і моладзі;

Аляксандра Сурмач, дзіцячы сад — сярэдняя школа п. Юбілейны, Ваўкавыскі раён.

Магілёўская вобласць:

Карына Мартыненка, Кароўчынская сярэдняя школа, Дрыбінскі раён;

Настасся Шубянок, гімназія Быхава.

Мінская вобласць:

Дар’я Сак, гімназія № 1 Валожына;

Дар’я Курловіч, гімназія № 2 Салігорска.

Спецыяльную ўзнагароду газеты “Пераходны ўзрост” атрымала Вікторыя Кендыш (Жарабковіцкая сярэдняя школа, Ляхавіцкі раён, Брэсцкая вобласць).

Ганна КАРАЛЕВІЧ.