×

Прышпіліся для бяспекі!

25.03.2020 11:50,

Адзіны дзень бяспекі дарожнага руху пад назвай “Прышпіліся да бяспекі!” правядуць 27 сакавіка супрацоўнікі сталічнай Дзяржаўтаінспекцыі.

Галоўнай тэмай усіх мерапрыемстваў у гэты дзень стане прапаганда выкарыстання падчас руху рамянёў бяспекі і дзіцячых утрымлівальных прылад.

Сёння большасць аўтамабілістаў нашай краіны аддаюць перавагу выкарыстанню падчас руху рамянёў бяспекі. Аднак знаходзяцца тыя, якія, пераацаніўшы свой вопыт і сваё вадзіцельскае майстэрства, грэбуюць імі. А некаторыя і ўвогуле мяркуюць, што ад рамянёў больш шкоды, чым карысці. Між тым, згодна з Правіламі дарожнага руху, вадзіцель і пасажыры, якія знаходзяцца ў аўтамабілі падчас руху, павінны прышпільвацца рамянямі бяспекі. У адваротным выпадку яны рызыкуюць атрымаць папярэджанне або штраф у памеры да адной базавай велічыні. Калі ж падобнае парушэнне здараецца паўторна на працягу года, то штраф складзе ад двух да пяці базавых велічынь.

Для маленькіх пасажыраў асноўным і самым эфектыўным сродкам абароны ў аўтамабілі з’яўляецца выкарыстанне дзіцячых утрымлівальных прылад, сканструяваных з улікам усіх асаблівасцей дзіцячага арганізма, індывідуальна падабраных да росту і вагі дзіцяці і, нарэшце, правільна усталяваных у машыне. Хоць некаторыя бацькі лічаць, што, падарожнічаючы са сваімі дзецьмі, можна абмежавацца сістэмамі, якія прадугледжаны для дарослых. Аднак тыя ж самыя аўтамабільныя рамяні бяспекі распрацоўваюцца для пасажыраў, якія маюць у параўнанні з дзецьмі большы рост, вагу, лепш развітую мускулатуру. У выпадку аварыі дзіця з-пад звычайнага рамяня бяспекі выслізне, а стандартныя паветраныя падушкі могуць хутчэй нашкодзіць маленькаму пасажыру, чым зберагчы яго ад траўм.

Выкарыстанне жа дзіцячых крэслаў, па даных Сусветнай арганізацыі аховы здароўя, дазваляе знізіць смяротнасць у ДТЗ сярод дзяцей малодшага ўзросту на 70%, а сярод дзяцей узростам  1—4 гады — на 54%. Сярод дзяцей 4—7 гадоў выкарыстанне дадатковых падушак памяншае колькасць сур’ёзных траўм на 59% у параўнанні з выкарыстаннем аднаго толькі рамяня бяспекі.

Выкарыстанне дзіцячых утрымлівальных прылад у нас у краіне носіць абавязковы характар, таму кожны дарослы павінен загадзя паклапаціцца пра сваіх дзяцей. Кодэксам аб адміністрацыйных правапарушэнняў Рэспублікі Беларусь за парушэнне перавозкі дзяцей у салоне аўтамабіля прадугледжана адміністрацыйная адказнасць у выглядзе папярэджання або штрафу ў памеры да 4 базавых велічынь. Пры паўторным парушэнні на працягу года памер спагнання павялічваецца да 8 базавых велічынь.

Таццяна СПАДАБАЕВА,
старшы інспектар па агітацыі і прапагандзе аддзела ДАІ Партызанскага РУУС Мінска.