×

Ратавальнікі вачыма дзяцей

21.03.2020 14:17,

У Мінскім дзяржаўным палацы дзяцей і моладзі падведзены вынікі XXII Рэспубліканскага агляду-конкурсу дзіцячай творчасці “Ратавальнікі вачыма дзяцей”, арганізатарамі якой выступілі МНС і Міністэрства адукацыі пры падтрымцы Беларускай маладзёжнай грамадскай арганізацыі ратавальнікаў-пажарных і аб’яднанай рэдакцыі часопісаў “Служба ратавання” і “Юны ратавальнік”.

Дзіцячы агляд-конкурс стартаваў у пачатку года, прайшоў раённыя і абласныя этапы, а ў сакавіку дасягнуў рэспубліканскага ўзроўню, сабраўшы больш за 360 дзіцячых работ. Фарбы, гліна, скура, тэкстыль, гіпс, дрэва і іншыя матэрыялы ў руках маленькіх майстроў ператварыліся ў сапраўдныя шэдэўры мастацтва. Нават уявіць цяжка, што са звычайных прыродных матэрыялаў магчыма стварыць настолькі цікавыя і шматгранныя творы, дзе кожны ўдзельнік зірнуў на праблему бяспекі скрозь прызму дзіцячай душы. Праз творчасць дзеці падзяліліся сваімі ведамі ў галіне бяспекі жыццядзейнасці, бачаннем вобраза ратавальніка, усвядомілі важнасць няпростай прафесіі.

Хлопчыкі і дзяўчынкі дэманстравалі свае здольнасці ў дзевяці намінацыях: “Казка”, “Апавяданне”, “Верш”, “Малюнак”, “Плакат”, “Выраб”, “Стыкер-пак МНС”, “Скульптура малых форм” і “Мадэль пажарнай аварыйна-ратавальнай тэхнікі”.

Найлепшымі ў намінацыі “Вырабы” былі прызнаны адразу дзве работы. Кампазіцыя пад назвай “Ратавальнікі заўсёды на варце” прынесла безумоўную перамогу вучаніцы Самахвалавіцкай сярэдняй школы Мінскага раёна Ульяне Шнэк. Метал у руках дзяўчынкі ператварыўся ў твор мастацтва. Прадставіць вогнетушыцель як вернага памочніка ў барацьбе з агнём змагла Дыяна Крамарэнка. Яе выраб журы таксама ацаніла па заслугах і прысудзіла першае месца. Наведвальнікі выставы з цікавасцю спыняліся каля вітрыны, разглядалі работы, дзяліліся ўражаннямі.

Не застаўся па-за ўвагай інавацыйны праект школьнікаў з горада Бабруйска. Іх “Разумны дом” атрымаў станоўчы водгук з боку журы. Дарэчы, аўтары цуд-хаты ўжо не першы раз удзельнічаюць у конкурсе. У мінулым годзе для хлапчукоў быў зорны час. На конкурс дзіцячай творчасці хлопцы прадставілі гульнявы трэнажор “Міні-цэнтр бяспекі”. За нестандартны і крэатыўны падыход да навучання правілам бяспекі ён заняў першае месца ў намінацыі “Вырабы”. Пазней іх ноу-хау высока ацанілі на конкурсе інавацыйных маладзёжных праектаў “100 ідэй для Беларусі”. Юныя вынаходнікі неаднаразова станавіліся прызёрамі разнастайных выстаў і конкурсаў.

Арыгінальна выказаць словы падзякі ратавальнікам за іх нялёгкую працу атрымалася ў Аляксея Кудзеліна і Кірыла Качана з Мазыра. Для сваёй скульптуры хлопчыкі выбралі пластылін і не пралічыліся. Іх твор “Ратавальнікам — слава” заняў першае месца ў намінацыі “Скульптура малых форм”.

— Задумацца на тэму дзіцячага свавольства з агнём дапаможа мой твор. Сваёй скульптурай я паспрабавала паказаць, да чаго прыводзяць свавольствы з агнём, і перасцерагчы ад неабдуманых учынкаў. І ў мяне гэта атрымалася, — адзначыла Таццяна Мачальская, якая таксама стала прызёрам у гэтай намінацыі. З дапамогай гліны і тэсту дзяўчынка змагла паразважаць аб сур’ёзнай праблеме пакідання дзяцей без нагляду дарослых.

Не толькі хлапчукі з захапленнем глядзяць на пажарную тэхніку — дзяўчынкі ў гэтым не саступаюць! І гэта даказалі дзве сціплыя школьніцы з горада Астраўца Гродзенскай вобласці. Свой прыз Паліна Базюк і Кацярына Рыбак змаглі заваяваць дзякуючы віртуознаму валоданню тэхнікай саломапляцення. У іх спрытных руках нават самыя звычайныя матэрыялы змаглі ператварыцца ў шэдэўр.

Не засталася без увагі і самая юная канкурсантка Паліна Бабічава, навучэнка 1 класа адной з магілёўскіх школ. Арганізатары прысудзілі ёй спецыяльны прыз з пажаданнямі на будучы год прыехаць па галоўную ўзнагароду.

Усяго па выніках агляду-конкурсу вызначыліся 72 фіналісты.

Марына СЦЁПКАВА,
Рэспубліканскі цэнтр прапаганды МНС.